Шрифт:
На парозе спыніўся, хацеў павярнуцца, паглядзець, якімі вачамі яны, трое, праводзяць яго. Але не спыніўся. Дзвярамі ў хату ляпнуў. У цёмных сенцах апрануў паліто, цеснаватае ў плячах. Дзверы ў сенцы адчыніў і зачыніў за сабой ціха. Пастаяў на ганку.
Распагодзілася. Бралася на мароз. Высыпалі зоркі. Далёка на станцыі трывожна крычалі паравозы.
4
Золатаў не палюбіў Дзядзюлю з першай сустрэчы: скамарох. Асабліва не спадабаўся камандзір базавага атрада, калі прыязджаў сюды да Мана. Блазнаваў, што прыехаў па цэбры, таргаваўся за кожную лыжку, надзялялі адзін адкаго, ён і Ман, адменнымі эпітэтамі: «кулак», «лейба», «скупярдзяй». А пасля гадзіны дзве хадзілі па лесе і, здалёк відаць было, вельмі дружалюбна шапталіся. Пра што? Што за сакрэты ў іх ад яго, прадстаўніка дзяржбяспекі, ад камісара, нарэшце? Падазрона. Але яшчэ больш непрыемна зачапіла за жывое, як Дзядзюля гаварыў з ім: неяк як бы несур’ёзна, як з малым. Абуральна. Хто ён такі? Радавы. Інжынер-тарфянік. А ніякай павагі да прадстаўніка органаў. Партызаншчыны ў іх многа ў абодвух — і ў Дзядзюлі і ў Мана. Хто з іх толькі болыя складаны? Хто на каго ўплывае?
«Але пачакайце, разбяруся і дам зразумець, хто я, а хто вы».
У руках Золатава была зброя, на якую ён занадта спадзяваўся, — рацыя і свой радыст. Толькі б мець факты. А там ён дасць такую інфармацыю, якая дойдзе да самога Лаўрэнція Паўлавіча, а ў таго даволі ўлады, каб прымусіць Панамарэнку навесці ў атрадах парадак і лічыцца з прадстаўнікамі НКУС.
Але бяда ў тым, што ніякіх асаблівых фактаў не было і прыдумаць іх тут нялёгка. Ды і не пра дзеянні атрадаў, іх камандзіраў патрабаваў інфармацыі Цэнтр. Настойліва патрабавалі звестак пра становішча ў Мінску. Выказвалі незадавальненне, што ён сядзіць у лесе, а не ідзе ў Мінск. А як пойдзеш? На верную смерць? Сваю «камандзіроўку» сюды лічыў прошукамі ворагаў. Абскакалі яго дружкі, нікому з іх не хацелася ляцець у нямецкі тыл, хоць усе гаварылі высокія словы. Ёсць у наркамаце цэлае вялізнае ўпраўленне, якое спецыяльна рыхтуе людзей для працы ў лагеры ворага, мову вывучаюць. Чым яны займаюцца? Такі горад, як Мінск, з усімі цэнтральнымі акупацыйнымі органамі яўна іх аб’ект. Дык не ж, паслалі яго, работніка, які ўвесь час займаўся ўнутранымі справамі, контрразведкай, паслалі толькі таму, што ён мінчанін. Дык гэта ж толькі ўскладняе яго задачу, бо нехта можа пазнаць яго, чаго добрага, з тых, чые справы ён вёў, многіх з іх вызвалілі пад націскам таго ж Панамарэнкі, а іншыя маглі вызваліцца самі ў першыя дні вайны, калі іх эвакуіравалі з Мінска. Мінкіна расстралялі за тое, што група, якую ён вёў на Магілёў, узбунтавалася на начлезе, абяззброіла канваіраў і рассеялася ў лесе ля Бярэзіны. Мінкін прасіў вайскоўцаў наладзіць аблаву, але тыя адмахнуліся: знайшоў чым займацца.
Вайскоўцы ніколі не разумелі іх, вартавых дзяржаўнай бяспекі, больш таго, не любілі. Ён сам чуў пры адступленні з Магілёва, як крычаў збіты наш лётчык-капітан: «Сволачы! Знішчылі камандаванне… Блюхера, Тухачэўскага, Рычагова. А цяпер хто намі камандуе? Які я да д’ябла камандзір палка?»
Хто камандуе? Таварыш Сталін камандуе. Так ён, Золатаў, і адказаў таму лётчыку і спытаў яго прозвішча. Але прозвішча яму не сказалі, а капітана таго схавалі. I не якія-небудзь радавыя. Камандзіры штаба дывізіі. Ён у рапарце далажыў пра гэты факт, назваў прозвішча начальніка штаба, які пры гэтай сутычцы прысутнічаў.
Але чыста папрацавалі яго ворагі. Адабраных камандзіраў разведвальна-дыверсійных г. руп прыняў сам Берыя. Паспрабаваў бы ён сказаць наркому, што ляцець у Мінск не можа — «паляцеў» бы ў лепшым выпадку радавым на фронт.
А цяпер вымагаюць разведдадзеных. Другое ўпраўленне, другое начальства, а тактыка тая ж: кінуць яго, як сухое палена, у паравозную топку. Прыходзіцца сачыняць дадзеныя. Але ж гэта не менш рызыкоўна. Аднойчы ён адвярнуўся ад шыфравальшчыка, і радыёграму прачытаў Кіпень і — што падазрона — змаўчаў, ні слова не сказаў, а Ману, безумоўна, перадаў, таму той уедліва пасміхаецца. А Кіпень ходзіць у яго па пятах. Выказвае дружбу, захапленне, а што ў думках — хутчэй за ўсё аднаму Ману вядома. Дзікая сітуацыя: сярод сваіх адчуваеш сябе, як сярод ворагаў. А яго людзі, якіх ён накіроўвае ў Мінск, не вяртаюцца. Трэці не вярнуўся. Як у прорву. А яшчэ хочуць, каб ён сам пайшоў.
Прымусіў сябе звярнуцца за дапамогай да Мана: трэба інфармацыя Цэнтру пра становішча ў Мінску, а яму няма ўжо каго пасылаць (пакінуў ён пры сабе самых верных — для ўласнай аховы, і засталося іх усяго двое, калі не лічыць радыста, якому ён не вельмі верыў — чужы чалавек, з таго ўпраўлення, якое цяпер камандуе ім, Золатавым, чорт ведае што ён там шыфруе, можа, адсябяціну). Ці не можа ён, Ман, паслаць сваіх людзей, яны лепш ведаюць хады і выхады?
— О, не! Мае не спецыялісты па Мінску. Гэта ў Дзядзюлі ёсць спецыялісты. Давай з’ездзім да яго.
Нібыта сварацца, падумаў Золатаў, а жыць адзін без аднаго не могуць. Абы зачэпка, каб з’ездзіць да Дзядзюлі. Але чорт з ім! Дзядзюля дык Дзядзюля. Калі іншай крыніцы няма, да чорта ў балота палезеш, не толькі да паяца і нахабніка Дзядзюлі.
…На гэты раз Дзядзюля яму спадабаўся. Калі размова пайшла пра справы ў Мінску — пераўтварыўся чалавек: зрабіўся сур’ёзны як ніколі, засмучаны — калі пачаў расказваць пра падзеі апошніх двух месяцаў, ажно голас задрыжэў.
— Трагедыя там у іх. У канцы верасня арыштавалі па сутнасці ўсё падпольнае кіраўніцтва, — і пачаў пералічваць прозвішчы людзей, і пра кожнага гаварыў так, быццам ведаў асабіста. Але не мог жа ведаць усіх. З болем гаварыў, назваў больш дзесяці чалавек. — Геройскія людзі!
— Вы ведалі каго-небудзь з кіраўнікоў?
— Аднаго ведаў, пра іншых даведаўся пасля іх арышту, на шчасце, група, з якой я звязаны, уцалела, і людзі з гэтай групы паведамляюць мне час ад часу аб тым, што там творыцца. Дваццаць восем чалавек павешаны. А колькі расстралялі — ніхто не ведае.
— А хто кіруе вашай групай?
Дзядзюля прыжмурыўся і да крыўднага скептычна агледзеў маёра.
— Наіўнае пытанне для чэкіста.
— Чаму наіўнае? — зусім шчыра пакрыўдзіўся Золатаў. — Вы не давяраеце мне?
— Чаму не? Веру. Такому чалавеку не верыць? — гэта было сказана са здзекам, тым, дзядзюлеўскім, блазнаватым.
Золатаў не толькі адчуў гэта па яго тоне, але і ўбачыў хітрую ўсмешку маўклівага Мана-Манюка.
Але Дзядзюля, угледзеўшы крыўду Золатава, раптам пасур’ёзнеў:
— Можаш паверыць, таварыш маёр, што сам не ведаю яго сапраўднага прозвішча, такі закон канспірацыі. А падпольная клічка яго — для мяне і маіх людзей — Жук. Жук — сорак ножак — сорак рук. Вось такі гэта Жук, — і Дзядзюля засмяяўся не то задаволены жартам, не то чалавекам, які выконвае небяспечнае заданне.