Шрифт:
Заснуў непрыкметна. Спаў неспакойна, з кашмарнымі снамі: увесь час за ім гналіся фашысты ў абліччы нелюдзяў. Але ён адпомсціў: ва ўпор стрэліў у гаўляйтара Кубэ. Здзейсніў план, які выношвалі. Ад стрэлаў прачнуўся. Стралялі недалёка. Падхапіўся, паглядзеў у акенца франтона з аднаго боку, з другога. Нічога не відаць. Пуста, на вуліцах ні душы. Ды і стрэлы сціхлі. Можа, склаў галаву яшчэ адзін змагар. А можа, забаўляліся нейкія паліцаі, набралі хлапчукоў, і яны часта ўшчынаюць страляніну. Немцы без прычыны не страляюць — народ ашчадны і акуратны. О, якія яны акуратныя, заваёўнікі!
Дзіўна, што ў мінулую ноч наладзілі такі вэрхал. Тварылася штосьці незразумелае, што пярэчыць іх педантычнасці. «Некаторым памаглі ўцекчы», — сказаў паліцай. Дзіўная дапамога.
Хутка сцямнела.
Вырашыў: выходзіць трэба цяпер, у ранні вечар, калі многія вяртаюцца з працы і патрулі не чапляюцца да кожнага прахожага.
Спусціўшыся з гарышча, у сенцах паслухаў, ці няма чужога ў хаце. Не, толькі голас дзяўчынкі. Малая спявала «Кацюшу». «Расцветали яблони и груши…» Дзіўна, што ў гэтым доме спявалі такую песню; па сваім узросце дзіця не магло помніць яе з даваеннага часу: дзяўчынцы годзікі чатыры, пяты. Пэўна, спявае маці. А што яшчэ яна можа спяваць?
Незвычайна, ледзь не да слёз расчуліў дзіцячы галасок і сама песня — такая родная, наша, савецкая.
Голас Хрысціны. Яна перапыніла спеў і, здаецца, прагнала ад сябе малую. Тая пратупала ў прыхожай каля самых дзвярэй босымі ножкамі, пабегла ў залу. Не, старонніх не чуваць.
Шабовіч ціха адчыніў дзверы і прашмыгнуў на кухню.
Хрысціна мыла дзіцячую бялізну. Спалохалася, ажно войкнула, быццам не ведала, што ён у доме.
— Чаму палохаешся?
— Не знаю. Я цяпер усяго баюся. Кошка з ляжанкі скочыла — дык я чуць не самлела. А цябе не чула, як ты спускаўся, лесвіца ж наша скрыпіць. Умееш, як кот, нячутна.
— Умею. Умею. Усё ўмею.
— А з выгляду — прастачок. А ты — артыст!
— Жыццё ўсяму навучыць. Накармі мяне.
— Я табе сала насмажу.
— Ого! Шчодрая ты.
— А хіба такому госцю шкада?
Хрысціна ўскочыла на лаўку, занавесіла акно саматканай дзяругай, хоць акно гэтае выходзіла ў двор, на хляўчук. Спадабалася яе асцярожнасць.
— Ладна. Не высвятляю, які я госць.
— А я табе скажу — які. Пра якога думаюць: хутчэй бы ён, чарцяка, выбраўся.
— У шчырасці табе не адмовіш.
— А што мне — дзяцей з табой хрысціць?
— Не заракайся, можа, станеш кумой.
— Ты ж нежанаты.
— А хіба гэта доўга, маючы жанілку?
У гэты момант, мабыць, пачуўшы іх галасы, увайшоў гаспадар. Выглядаў ён нейкім ажно счарнелым — такім, што жартаваць пры ім, ды яшчэ з жонкай яго, знікла ўсялякая ахвота.
Прысядаючы да кухоннага стала, сказаў сур’ёзна і сурова:
— Не бойцеся. Зараз я пакіну вас. Сала смажыць не трэба, сырое з’ем, — і да Чурсіка: — Выведзеш мяне на Даўгінаўскі.
I тады — во, нечаканасць! — гаварлівая і, здавалася, незалежная Хрысціна раптам упала перад ім на калені.
— Стасік, родненькі, пашкадуй ты нас, не губі, у нас дзіця малое. Мы табе зрабілі ўсё, што маглі. Невядома, чым гэта скончыцца для нас. Усё бяры. Але яго не вядзі. Гэта ж на верную смерць вядзеш.
У адчыненых дзвярах з’явілася Надзька і здзіўлена, шырока расплюшчанымі вачамі глядзела на маці: што адбываецца тут? адкуль з’явіўся дзядзька Стась у іх кажуху? Казка, дый годзе!
— Устань! — узлаваўся Шабовіч. — Наладзіла спектакль перад дзіцем! Што ты растлумачыш ёй? — і малой: — Мамка не пускае татку ў карты гуляць.
— Не ідзі, татачка, — прыціснулася дзяўчынка да бацькавай нагі.
— Чорт з вамі! — падняўся Шабовіч з табурэта і да Чурсіка — загадна: — Шынель дасі і фуражку.
— Не дам! — скрыгатнуў зубамі паліцэйскі, дзіўна ён змяніўся ў адзін міг, як быццам раптам адчуў сваю сілу.
— Табе дарагі так гэты шынель? — сціснуўшы кулакі, Шабовіч ступіў да паліцая. — Не можаш расстацца?
Хрысціна стала між імі.
— Стасічак! Дык пазнаюць жа па шынялі — чый ён. Пазнаюць. Я табе братава паліто дам. I капялюш. Будзеш што пан.
— Чорт з вамі, — ужо лагодна сказаў Шабовіч. — Давай тваё паліто.
Хрысціна кінулася ў спальню, малая за ёй.
Шабовіч скінуў кажух і дастаў з кішэні пісталет, правяраючы, у якой ён гатоўнасці.
— А я думаў — ты чалавек, а ты… гаўно фашысцкае.
— Мала я для цябе зрабіў? Мала?
— Ладна. Чорт з табой. Пасля палічымся. Але не забывайся пра той рахунак, які будзе падбіты. Не забывайся. Як чалавеку кажу.