Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Дзядзюля не падумаў. Што пачуў ад першай сувязной, тое і выдаў на-гара. Так нельга!

«Бач ты, які дабрадзей!»

— Да чаго ты заклікаеш, Аляксей Іванавіч? Не разумею. Каб нам з табой цямнілі, праўды не казалі? Між іншым, я не думаю, што Дзядзюля так усё і вылажыў. Растапырвай кішэню шырэй. Гэтага хітругана і кулака я наскрозь бачу. Як ён за лыжкі з табой таргаваўся! Не сорамна табе лыжкі прадаваць сваім?

— За патроны — не сорамна.

— Адзінае апраўданне.

Між тым Аляксей Іванавіч падумаў:

«Цімоху няма чаго цяадніць перада мной. А вось табе дарэмна ён усё вылажыў. Баліць у яго душа за людзей, таму і выгаварыўся. Шчыра Цімох гаварыў, даверліва».

— Пра Кавалёва не перадавайце, — яшчэ раз папрасіў Ман. — Пакуль што. Я, між іншым, таксама ведаю гэтага чалавека.

— Вось як! Усіх ты ведаеш.

— У вобласці ж працаваў.

— Добра, не перадам.

Аднак перадаў з поўнай упэўненасцю, што Кавалёў ведае сваіх, таму, маўляў, і арыштаваў гэтулькі. Не падумаў нават пра законы канспірацыі. Добра ведаў іншае — як умее следчы апарат рабіць ланцуговую рэакцыю: кожны наступны будзе выдаваць новых і новых: Кавалёў — Падковіна, Падковін — Молатава…

Вярнуўся з радыёрубкі вясёлы, радасна ўзбуджаны.

— Камандзір, выстаўляй увесь свой запас! Ёсць прычына выпіць!

— Якая прычына? Што вылезлі сухімі з рэчкі?

«Сцёбаеш па вачах? — падумаў Золатаў. — Пачакай. Я сцёбну не так». Але не месца тут ды і не час драпацца з гэтым «святым». I настрой не той — настрой сапраўды такі ўзняўся пасля сувязі, бо да інфармацыі яго праявілі надзвычайную цікавасць, загадалі праз паўгадзіны зноў выйсці на сувязь. I хоць другі сеанс быў кароткі, а загад сухі і нялёгкі: разведку ў Мінску актывізаваць, — настрой ад гэтага не пагоршыўся, бо ён здагадваўся, каму была даложана яго радыёграма.

— I гэтая прычына немалая — што мы высахлі пасля купання. Маглі і не высахнуць. Але ёсць прычына больш важная. Глабальная. Усенародная. Разграмілі немцаў пад Сталінградам.

Адзначыў, што паведамленне гэтае Ман прыняў спакойна, быццам ведаў ужо радасную навіну. Вельмі ўзрадаваліся Брагінскі і Кіпень. Камісар па-камсамольску выгукнуў «ура». Начальнік штаба, які зусім расхварэўся, рухава падняўся са свайго тапчана, пачаў зашпільваць гузікі гімнасцёркі, рукі дрыжэлі, і яму нялёгка было гэта рабіць, падперазаў папругу — як рыхтаваўся ў баявы строй. Вочы яго набрынялі слязьмі, затуманіліся акуляры, ён праціраў іх, надзяваў і зноў праціраў.

— Во гэта радасць! Якая радасць, таварышы! Во за гэта і я вып’ю. Цяпер мйе і паміраць не страшна.

— Капітан! Пачую яшчэ раз ныццё пра смерць…

— Я не ныю, дарагі Аляксей Іванавіч! Я спяваю гімн. I малюся. Не смейцеся. Цяпер я разумею, калі, з якой нагоды ў мамы з’яўлялася жаданне заспяваць песню і сачыніць малітву, малітву падзякі. Так яна моліцца сёння. Я гэта чую. Мая мама! Ах, таварышы мае дарагія! Каб атрымаць яшчэ і гэтую звестку — ад мамы… ад сям’і.

— Якаў Міхайлавіч! Дык што там перадалі? Што? — дапытваўся між тым Ігар, яму карцела хутчэй паведаміць такую навіну байцам атрада.

— Перадалі каротка, вельмі каротка: «Разгром немцаў пад Сталінградам. Слухайце радыё». О, каб была магчымасць, я сказаў бы ім за гэтую параду — «Слухайце радыё!» — пару гарачых слоў. Яны думаюць, у нас тут радыё, як у Маскве, — на кожнай сасне па рупары. Чыноўнікі! Бюракраты! На батарэі дыхнуць баімся — каб хапіла на перадатчык.

— Дзядзюля абяцаў, — сказаў камандзір.

— Дзядзюля абяцаў? — здзівіўся Кіпень. — Што ён у нас запросіць за батарэі?

Аляксей Іванавіч засмяяўся нейкай сваёй думцы.

— Папросім пазычыць. Пасля вайны разлічымся — свае людзі.

А Брагінскі кружыў па цеснай зямлянцы вакол цечкі і ўсё гаварыў пра Сталінград і… пра маці — як у гарачцы, як у сне. Але слухаў кго адзін Ман. Радаваўся яго ўзбуджанасці ад такой навіны і адначасова трывожыўся.

Часцей за ўсё Навум успамінаў жонку і сынка, але, адчувалася з бояззю, — а раптам іх няма жывых? А тут раптам згадаў маці і гаворыць пра яе з упэўненасцю, што яна жывая, што яна моліцца за перамогу і за яго, сына. Чаму? Розуму недаступна чалавечая логіка, як праявы у хвіліны радасці і гора, мужнасці і страху. А калі перамешана ўсё разам, як у гэтага нябогі Брагінскага, дык такі чалавек падобны на вар’ята ці на святога.

Трэба ўсё ж угаварыць яго вярнуцца да Дзядзюлі, палячыцца, там два дактары, а ў іх адзін фельчар, а галоўнае, што Дзядзюля, чортаў даставала, — усё можа здабыць, з-пад зямлі, як кажуць. — Дастаў бы і лекі патрэбныя. Праўда, лекі ён не шкадуе і сёння. шчодра дзяліўся імі, ды яшчэ выказаў народную мудрасць: за лякарствы плату грэх браць.

— Сёння я вып’ю. Адзін раз можна. Вып’ю і буду спяваць песні. Я ж добра спяваў. Вы не чулі, як я спяваў. Гэта — ад мамы. Як спявала мая мама! — высокі Брагінскі паднімаў рукі над галавой і ляпаў далонямі па столі зямлянкі, як бы выбіваючы ўрачысты матыў. Потым усё роўна што спатыкнуўся — спыніўся перад камандзірам, разгублена і няўпэўнена, неяк зусім па-дзіцячаму спытаў: — Можна?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: