Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Я на агеньчык, Іванавіч. Вярнулася маё войска.

— Без страт?

— Без страт.

— З удачай?

— Без удачы, — уздыхнуў Каралёў. — Дрэнныя нашы справы, Іванавіч. З мінамі. Зноў дала асечку.

— Не ўзарвалася?

— А добры эшалон прагрукаў з танкамі.

— Шкада?

— Табе — шкада. Ты не знаеш, колькі я пашкроб патыліцу. А хлопцы мала не плакалі. А можа, лічы, што і з удачай. Са злосці пеканулі па будцы, дзе іх варта. Колькі ссеклі — не змаю, але аднаго разяваку прыхапілі з сабой.

— Паліцая?

— Немца.

Золатава што выбухам падкінула на канапе. Уміг падхапіўся, адкінуўшы кажух, якім накрываўся, хоць у зямлянцы было душна.

— Вы прывялі немца? Палоннага? Давайце яго сюды!

Золатаў забыўся на ўсе свае болі. Хутка нацягнуў на голыя ногі пакарабачаныя ад сушкі боты.

— Навум? Спіш? Пад’ём! Работа табе! Баявая. А камісару нашаму — хоць з пушкі палі.

— Не бойцеся. Ваш голас мяне заўсёды будзіць, — пазяхаючы, адгукнуўся Ігар. — Ён у вас — як у старшыны майго. Той шэптам казаў: «Пад’ём!» — і ўся казарма прачыналася. Так і вы.

«Сапляк! — абурыўся Золатаў, — Голас ты мой чуеш, бо шпіёніш за мной. Толькі тонкая ў цябе кішка».

— А з якой прычыны пад’ём? — хрыплага ціхага голасу Каралёва Ігар не чуў.

— Андрэевіч палоннага прывёў.

— Ух ты! — Ігар падскочыў з болыпым спрытам, чым Золатаў. Цяжка паднімаўся Брагінскі: спірт сцішыў яго болі, і ён баяўся патрывожыць іх.

— Вядзі свой трафей, Андрэевіч.

Ман згроб нарыхтоўкі, лыжкі, разцы ў кош, схаваў пад канапу. Нават замёў венікам стружкі ў кут, дзе ляжалі дровы — далей ад буржуйкі. Падперазаў папругу з партупеяй, з пісталетам на баку. Сам пасля пасміхаўся: навошта такі парад? Але першы прывёў сябе ў вайсковую форму Золатаў, яму, мабыць, падражалі ўсе іншыя. Менш — самы вайсковы сярод іх Брагінскі: не абуўся нават, накрыў ногі шынялём і гімнасцёрку не падперазаў.

Палонны быў варты жалю: нізкарослы худы юнак, толькі рыжыя вусікі адрасціў, але яны брыдка вымаклі ад саплей; шморгаў носам, выціраў рукавом і размазваў соплі па ўсім твары. Глядзеў сабачымі вачыма, просячы літасці, шукаў позіркам старэйшага і, безумоўна, спыніўся на Золатаве, той быў у вайсковай форме і меў паважны выгляд. Ман і Брагінскі адразу па форме вызначылі, што салдат не нямецкі. А якога войска? Ёсць, кажуць, у Полацку фіны, у Мінску — венгры, а недзе на поўдні нават «браты славакі». Назбіраў Гітлер васалаў!

— Ду іст дойч? — у Брагінскага ёсць некаторы запас нямецкіх слоў, але сінтаксіс кульгаў і ў школе, і ў ваенным вучылішчы.

Салдат зразумеў і пакруціў галавой.

— Хто ж ты? Фін? Што ты круціш галавой, як удод? — без злосці, са смяшком спытаў Ігар.

— Мадзяр! — не спытаў, катэгарычна сцвердзіў Золатаў.

Салдат заківаў галавой.

— Мадзьяр, мадзьяр.

— Шпрэхен зі дойч? — спытаў Брагінскі.

Венгр нават гэтага пытання не разумеў, толькі пераключыў увагу з Золатава на Брагінскага.

— Ды ён жа па-нямецку — ні бэ, ні мэ, ні кукарэку, — засмяяўся Ігар, і салдат як узрадаваўся гэтаму смеху, пачаў лісліва ўсміхацца яму, паказваючы маладыя, па-дзявочаму прыгожыя зубы; гэтая чалавечая ўсмешка неяк пераўтварыла яго. Цяпер ён не здаваўся брыдкім: замёрзлы перапалоханы хлапчук. Але ў Золатава была свая ацэнка.

— Гаўно, — заключыў ён. — Нічога вы ад яго не вывудзіце, — і, страціўшы цікавасць, пачаў падкідваць у печку дровы.

Салдат пацягнуўся да цяпла, выставіў сінія адубелыя рукі насустрач полымю.

— Няцёпла ж іх надзяюць.

Мабыць, адчуўшы іх цяжкасць, палонны вырашыў памагчы:

— Славен.

— Славак? Ты — славак?

— Не, не ён, язык яго, — па-дзіцячаму смешна высалапіў свой ярка-чырвоны язык.

— Ах, ты гаворыш па-славацку?

Такому адкрыццю ўзрадаваліся. Гэта ўжо нешта. Кіпень гаворыць па-польску, Брагінскі — па-ўкраінску. Плюс руская і беларуская мовы — ледзьве не поўны славянскі набор.

Але і славацкі ведаў ён, відаць, на ўзроўні дыялекту суседняй задунайскай вёскі.

Камандзіры ўзмакрэлі, будуючы неверагодныя словазлучэнні з пяці моў, якімі калектыўна валодалі ў той ці іншай меры. Аднак выпыталі нямнога. Прозвішча, нумар часці, званні, прозвішчы камандзіраў; род войска так і не ўстанавілі, маглі толькі здагадацца, што нейкая ахоўная часць. Звесткі пра ўмацаванні на чыгунцы, пра колькасць кулямётаў, пра мінныя палі — кожны зразумеў па-свойму, між сабой да згоды не прыйшлі.

Салдат адагрэўся і павесялеў. Адказваў ахвотна, мнагаслоўна, але, жадаючы памагчы, таксама ўжываў такую моўную мешаніну, такую тарабаршчыну, што ніводзін венгерскі ці славацкі прафесар мовы не дайшоў бы да сэнсу. Ігар разумеў гэта і смяяўся. Смех зняў у палоннага страх, і ён хапаў камісара за рукі і рысаваў штосьці на яго далонях.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: