Вход/Регистрация
Ахвяры
вернуться

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— Паваражыць хоча, ці што?

— А ў іх там цыганскія звычкі.

— Ды не, то — у румын.

Змарыліся.

Аляксей Іванавіч махнуў рукой.

— Вядзі ты яго, Андрэевіч.

Зморанага Каралёва лінгвістычнымі практыкаваннямі ўвагналі ў сон, ён моцна спаў, седзячы на падлозе. Ледзьве расштурхалі.

— Куды яго?

Сапраўды — куды?

Ман задумаўся.

— Няхай у нашай зямлянцы паспіць, — проста сказаў Каралёў. — Косцік павартуе, мы яго не бралі з сабой, выспаўся.

Золатаў зняважліва пасміхнуўся і, працягнуўшы руку, сарваў з цвіка ватнік. Апрануў і тут жа, падняўшы крысо, дастаў з кабуры пісталет, сунуў яго ў кішэню фуфайкі.

— У акоп яго! Дайце ліхтар.

Ад нечаканасці ўсе аслупянелі. Першы сарваўся з месца Ігар — загарадзіў палоннага ад маёра.

— Вы што! Не! Не! Не маеце права!

— А што ты думаеш рабіць з ім? Цалавацца? Сапляк! — ніколі яшчэ Золатаў не гаварыў з камісарам так груба, хоць заўсёды даваў зразумець розніцу ва ўзросце і званнях.

— Расстраляць — не дам! — глуха прагудзеў Каралёў. — Не знаю, што рабіць, але не дам. Застрэліць яго трэба было, калі ён з аўтаматам быў. Дарэмна ўзялі…

— Вядзі, Андрэевіч, — зморана сказаў Ман і, устрапянуўшыся, строга: — Але глядзі… Будзеш мець справу з ім, — кіўнуў на Золатава.

— Вучоны, — буркнуў падрыўнік, узяўшы палоннага за каўнер і павярнуўшы да дзвярэй. — Ідзі, ваяка…

Калі яны выйшлі, Золатаў даў волю сваім пачуццям. Ніколі так не зрываўся, ніколі не быў у такім гневе. Выхапіў пісталет. Стрэліў у сцяну. Спалоханы Брагінскі адняў у яго пісталет, кінуў на тапчан. Хацеў па-добраму абняць.

— Якаў Міхайлавіч, Якаў Міхайлавіч…

Але Золатаў так піхнуў свайго хворага любімца, што той ледзьве не зваліўся на печку, мог бы апякчыся. Такіх слоў ад яго не чулі — самыя прасоленыя мацюкі.

— Гаўнюкі вы, а не партызаны! Бабы! Саплякі! Вам не ваяваць, а курэй мацаць! У бірулькі гуляць! Вам запішуць вашы подзвігі!

Малады гарачы Кіпень абурыўся.

— А што вам не падабаецца? I хто вы такі? Прыблуда!

— Я — прыблуда? Я? Шчанюк саплівы! Нос вытры!

Ман па-камандзірску злосна крыкнуў невядома каму:

— Спыніце, чорт вазьмі! Разышліся! — і да Ігара — памяркоўна, з грубым жартам: — Хадзем адальем. Мача ад галавы адхлыне. I каравулы праверым.

Але і на дварэ Ігар не адразу супакоіўся.

— Мяснік! Сволач!

Ман ціха сказаў:

— Ён хворы чалавек, Ігарок. Бойся яго.

На другі дзень Золатаў пра палоннага ні слова, быццам ягоны лёс начальніка асобага аддзела не датычыўся. Паводзіў сябе так, як бы і не было начной сутычкі.

А венгр уцёк. Праз два дні. Не ад Каралёва, на шчасце. Ад Баслычыхі. Далі ёй палоннага памагчы на кухні, а яна яго, разява, паслала па дровы за стайню і спахапілася, можа, праз паўгадзіны.

Ман падазраваў, што здарылася гэта невыпадкова, і разгневаўся, учыніў жанчыне разнос, прабіраў па-партызанску, не саромеючыся самых салёных слоў. Матрона плакала, кляла венгра: ягня, а спрыту хапіла.

А Золатаў слухаў, маўчаў — ні слова, і пераможна пасміхаўся.

З Матронай ён пагаварыў пасля, дні праз тры.

Камандзір не сумняваўся, што пра эпізод гэты ён радзіруе ў Маскву, і напэўна не ў партызанскі штаб. А ў тым другім штабе нічога не забываюць.

5

«Варыянт чатыры» — выхад у лес абаім, разам, з Цнянкі, ад Аксанінага дзядзькі. Быў яшчэ варыянт з сумесным выхадам з Бараўлян, ад Стасевага швагра, гэта ў тым выпадку, калі яна першая пачуе бяду і падасць сігнал, што ніводнаму з іх заставацца ў горадзе нельга. Не, гэта ўжо, бадай, «варыянт пяты», апошні, калі трэба было выходзіць паасобку — як хто здолее. За без малога паўтара года жыцця ў акупацыі, не існавання — барацьбы, яны шмат чаму навучыліся, ведалі ворага, сваіх сяброў, памочнікаў і акрамя агульных правілаў канспірацыі, выпрацавалі свае, на якія спадзяваліся, бадай, больш. Праўда, ідэю сігналаў адзін аднаму — па якім варыянце дзейнічаць — даў Піліп Станулін. Але нават яму яны не адкрылі ўсе свае варыянты. Выхад праз Цнянку Піліп ведаў, праз Бараўляны — не. Дзядзьку ні ў якія іншыя дзеянні не ўцягвалі, добра мець чалавека, на якога не падае і цень падазрэння. Але ў тайну сваю Аксана яго пасвяціла. Горш было з цёткай — хваравіта баязлівая яна была. Да Аксаніных паходаў адносілася насцярожана. Аднак медыкаменты партызаны забіралі ад іх, ад дзядзькі і цёткі.

Аксана ішла ў лес толькі з асобымі данясеннямі ці з людзьмі, якіх тэрмінова патрабавалася пераправіць, але з людзьмі яна да дзядзькі не заходзіла.

Швагру свайму Шабовіч, зрэдку наведваючыся, і знаку не даў, хто ён і чым займаецца, акрамя сваёй фельчарскай работы, толькі Аксану звазіў, пазнаёміў з яго сям’ёй. Але і Стась і Аксана верылі, што ў небяспечную хвіліну гэты з выгляду пануры мнагадзетны чалавек не падвядзе, выручыць з любой бяды. А вера яму ад улад асобая — дарожны майстра. Піліп, між іншым, пачуўшы пра такога швагра, загарэўся жаданнем зрабіць яго разведчыкам: чалавек, які з дня ў дзень на дарозе, нямала бачыць і мае магчымасць прасачыць, падлічыць, хто куды едзе, што павезлі з горада і ў горад. Але Стась катэгарычна адмовіўся ўцягваць бацьку чацвярых дзяцей у небяспечную гульюо.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: