Акудовіч Валянцін
Шрифт:
Беларуская партызанка — гэта не адказ на маральны запыт: як жыць? Беларуская партызанка — гэта ўсяго толькі адзін са спосабаў выжыць .
«Трэці Шлях»: На Вашу думку, што сёння ўяўляе з сябе беларускі народ? Ці можна яго назваць нацыяй, ці пакуль гэта было б залішне смела? Ён этнічна і культурна сегментаваны ці аднародны ў сваёй масе? Як Вы разумееце тэрмін «беларуская нацыя». Гэта этнічная сукупнасць ці сукупнасць грамадзянаў сваёй краіны незалежна ад этнічнай прыналежнасці?
— Я не люблю панятак «народ» — бо ён аблудны (хаця і сам бываю змушаны ім карыстацца, паколькі зацугляны кантэкстам). Панятак «народ» у якасці ўстойлівай універсаліі замацаваўся ў эпоху рамантызму і, як на добры лад, мусіў быў з той эпохай сысці — але застаўся. І з гэтага ў шмат якіх галовах творыць сумятню і ўсялякую непатрэбшчыну. Васіль Быкаў зрабіўся нават вялікім песімістам з таго, што «народ памёр». А ніякага «народу» ніколі і не было — былі халопы, мужыкі, тутэйшыя, шляхта, палачане, наваградцы, ліцвіны, беларусіны і г. д. і да т. п.
Што да нацыі, дык тут іншая праблема. Мы ў беларусах шукаем характарыстыкі нямецкай, французскай, чэшскай… — адным словам нейкай «класічнай» нацыі і, натуральна, не знаходзім. А каб пашукалі ў беларусах «беларускую нацыю», дык можа і знайшлі б. Хаця, верагодна, тое знойдзенае і цяжка было б пазначыць словам «нацыя» ў яго «класічным» разуменні. Але ці не здаецца вам, што мы, прынамсі, інтэлектуалы, заклапочаныя не столькі рэальнасцю (наяўнасцю) Беларусі, колькі праблемай упісання яе ў сістэму тых ці іншых дамінуючых катэгорый. А калі яна не ўціскаецца ў паноўныя схемы, дык адразу пачынаем румзаць, як тыя бабры…
Сацыяльна беларусы аднародныя, як мала хто яшчэ, а вось інтэлігібельна — суцэльны «раздрай». І гэта натуральна. Паперадзе я трохі нагадаў, колькі самых разнастайных культурных традыцый назапасіў у сабе дыскурс Беларусі. І ўсе яны (і безліч незгаданых) так ці інакш сядзяць у нас, толькі ў кожным паасобку ў зусім розных камбінацыях. Таму, з аднаго боку, беларусы вельмі падобныя між сабой праз гамагенную сацыяльнасць, а з другога — зусім чужыя адзін аднаму. З гэтага беларусаў ніхто не здолее паяднаць нейкай адной «ідэалогіяй». Як нацыя (ужо ў «класічным» разуменні) яны могуць быць толькі сацыяльнай нацыяй (у іншай разгортцы — палітычнай нацыяй). У нас амаль няма шанцаў дааформіць нацыю па этналінгвістычнай мадэлі (хаця ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка дэкляравала сваё паўставанне ў «этнаграфічных межах»).
«Партызан»: «Беларусы — вясковая нацыя». Сёння гэта гучыць ужо амаль як аксіёма. А як яно напраўдзе: вясковасць беларусаў — гэта міф ці рэальнасць?
— Мой адказ будзе амбівалентным: і міф, і рэальнасць. Перадусім заўважым, што вясковая нацыя» — гэта аксюмаран, два неспалучальныя сэнсы ў адным слогане. Паколькі нацыя не магчымая як вясковая. Вёска апрыёры не можа стварыць нацыю, у лепшым выпадку яна можа быць толькі падмуркам для паўставання нацыі. Вось чаму бальшыня еўрапейскіх нацыяў фармавалася, лічы, без узгляду на вёску. Але ў эпоху паўставання нацыяў ва Усходняй Еўропе (другая палова XIX—пачатак XX ст.) практычна ўсе беларусы жылі ў вёсках ці мястэчках. Таму нацыянальнай ідэалогіі не было на што яшчэ абаперціся, акрамя як на вёску. Натуральна, з гэтага ў лідэраў нацыянальнага руху адразу паўсталі сур’ёзныя праблемы, бо вёска прагнула не нацыянальнага, а сацыяльнага вызвалення. І ў гэтым сэнсе яна не шмат рознілася ад беларускага пралетарыяту, глыбока індэферэнтнага стасоўна пытанняў самаідэнтыфікацыі.
Міналі гады, Беларусь мадэрнізавалася (індустрыялізавалася, урбанізавалася), а нацыянальны міф заставаўся ўблытаным у нейкую фальклорную вёску, якая даўно страціла ўсе свае канатацыі — ад культурных да сацыяльных. Інакш кажучы, амаль ад самага пачатку нацыянальны міф у нас размінуўся з рэальнасцю жыцця. Але так ёсць і сёння.
Наталля Правалінская: Вы самі адкуль родам?
— З мястэчка.
Наталля Правалінская: Наколькі карэктна разважаць пра вёску, не ведаючы яе рэальнасці?
— Ну, па-першае, беларускае мястэчка ў нейкім сэнсе гэта ўсяго толькі «сталіца» навакольных вёсак, яно наўпрост знітаванае з вёскай па многіх параметрах. А па другое (і гэта галоўнае), у праблеме вёскі мяне цікавіць не яе сацыяльная праекцыя, а сакральная. Дарэчы, калі б я працаваў, скажам, вясковым бібліятэкарам ці трактарыстам, дык ужо ж напэўна лепей ведаў бы рэальную вёску з яе канкрэтнымі турботамі, але гэтае веданне наўрад ці дапамагло б мне ў разуменні вёскі, як радовішча беларускай нацыі…
Беларуская вёска, асабліва ў глухіх закутках нашага краю, практычна не мянялася доўгімі стагоддзямі, прынамсі ў сваіх падвалінах. І гэтая яе статычнасць дазволіла ёй захаваць беларускі этнас у часе аж да найноўшай эпохі. Таму калі наспела пара фармавання нацыі, беларуская вёска ў гэтай справе адыграла выключную ролю. Але адыграла яе паўз уласную волю…
Нацыя — феномен капіталізацыі, урбанізацыі ды інтэлектуалізацыі грамадства. Нічога падобнага на Беларусі той пары ў патрэбным аб’ёме не было. Была толькі беларуская (тутэйшая) вёска і трохі нацыянальна заангажаванай інтэлігенцыі, якая пераважна паходзіла з дробнай шляхты і ніжэйшага рангу святарскага саслоўя. Дзеячы нацыянальнага адраджэння, як мне здаецца, добра ўсведамлялі, што для рэалізацыі нацыянальнага праекта вёска малапрыдатны матэрыял, але іншага ў іх не было.