Казлоў Анатоль
Шрифт:
— Светка, хачу пагаварыць сур’ёзна, а ты на жарцікі ды кепікі паварочваеш. Вельмі ж тэма далікатная. — Антак задуменна зморшчыў высокі лоб з радзімкай над правым брывом. — Не хачу, каб пасля пачутага пачала пазбягаць мяне ці раіць запісацца да псіхіятра...
— Ды ўрэшце пра што ты гаворыш? Пакуль не магу ўцяміць! Пра якое вар’яцтва, псіхіятраў талдычыш? Пачынай пра ўсё па парадку апавядаць, не рабі за мяне высновы, — Светка надзьмула губы, як дзіця, і сурова зірнула спадылба на госця.
— Карацей, шаноўная мая Літоўка, над нашым зямным горадам, так, гэтым гора¬дам, у якім мы з табою жывём, існуе другі горад — горад у нябёсах. Вось як, — хлопец утаропіў позірк у суразмоўцу, чакаючы яе рэакцыю на толькі што пачутае.
— Ну і што? Шхай сабе існуе.
— Ты не зразумела. Я бачу гэты горад, нават быў у ім. Там у мяне ёсць знаёмая. Можна сказаць — сяброўка. Як яна запэўнівае — маё няспраўджанае каханне з мінулага. Цябе, даражэнькая, і цяпер нічагусенькі не здзіўляе? — Антак прыліп позіркам да Светчынага твару. Яна маўчала, не выказваючы ні здзіўлення, ні заклапочанасці, ніякіх зрухаў, ніводная рысачка не шалахнулася, і брывом не павяла. — Чаго маўчыш? Скажы хоць нешта.
— Не адзін ты шчаслівы такі, каб бачыць краіну Продкаў.
— Што? — Антак ускочыў з канапы і агаломшана застыў на месцы. Ягоныя губы бязгучна варушыліся. Ён быў падобны да нямка, які сіліцца вымавіць найпрасцейшае слова, толькі ж яно не даецца, а правальваецца ў прадонне гартані. Урэшце хлопец ледзь чутна спытаў: — Ты ведаеш пра краіну Продкаў, пра горад у нябёсах? — на твары ў небаракі змяшалася гама пачуццяў: ці то ён быў рады, ці наадварот — расчараваны ўшчэнт; не зразумець.
— Сядай, а то стоячы нагадваеш гругана, — прамовіла Светка без усялякіх эмоцый.
Антак паслухмяна апусціўся на канапу. Ён у нечым зараз быў падобны да дзіцяці,
у якога дачасна выведалі сакрэт і не далі нечаканасцю здзівіць дарослых.
— Не перажывай, — хрумснуўшы скрыльком яблыка, супакойвала Светка. — Мне шкада, што расчаравала цябе, парушыла веру ў тваю выключнасць і абранасць. Але ж, — жыццё поўніцца нечаканасцямі.
— І даўно ведаеш пра той горад?
— Гадоў з пяці, калі яшчэ вялізныя банты насіла на рэдзенькіх косках.
— Увесь час бачыш горад у нябёсах, і ён не перашкаджае табе жыць? Не назаляе штодзённа? Можаш бачыць зоркі і месячык на небе, а не пабудовы і людзей-зданяў? Ну, раскажы, — ледзь не шэптам выдыхнуў Антак.
— Не ўскладняй. Усё проста: трэба жыць бязгрэшна, адухоўлена, па прынцыпах людской маралі, без зайздрасці ў сэрцы, з цеплынёй ды спагадай у вачах, і жыхары з краіны Продкаў назаляць не будуць. Яны робяцца саюзнікамі і памагатымі ў тваім жыцці. Горад у нябёсах, як ты кажаш, гэта абсалют, ідэал, тое, што некалі існавала на безграхоўнай зямлі...
— Зыходзячы з тваіх слоў, атрымліваецца, што горад у нябёсах — Біблейскі Рай. Я так разумею.
— У нейкім сэнсе, — хітнула галавою Светка. — Але не блытай між сабою — бачнае і нябачнае. Краіна Продкаў — месца святых старэйшын. Асоб, якія дапамагаюць нам жыць і выжыць, не скаціцца ў апраметную. Яны карэкціруюць існасць няўлоўна і ненадакучліва.
— Ага, дакарэкціраваліся! Чаму тады Чарнобыль ляснуў? Куды глядзелі твае старэйшыны? Колькі нашага люду ў зямлю сышло, па свеце разбеглася...
— Не ўсё і ім па сіле.
— Апраўдаць можна што заўгодна і каго заўгодна. Бачыш, і ў цябе вінаватых няма.
— Просталінейнасць — не сястра ісціны. Не заўсёды на простае пытанне мы маем такі ж прасцецкі адказ. Усё значна складаней, Антак.
— Добра. Чарнобыль не чапаем, — ад хвалявання ў хлопца заліло чырванню вушы. — Тады растлумач мне, недасведчанаму прасцячку: адкуль, з-за чаго такая бездухоўнасць, жывёльнасць у сённяшнім людскім асяроддзі. Асабліва ж сярод пакаленняў моладзі, сераднячкоў (нашых з табою аднагодкаў). Чаму ўсяму меркаю стаўся рубель... не, не рубель, а долар, еўра, залаты ланцужок з завушніцамі, іншамаркі апошніх мадэляў. На вуліцах вадзіцелі збіваюць пешаходаў на пераходных «зебрах», у небаракаў страляюць. Не перабівай, — Антак нахіліўся над часопісным столікам, — я пытаюся пра самае простае. А ты, мая Сівіла, патлумач хутараніну. Дык вось. З-за чаго на тэлеэкранах усіх, без перабольшвання, нас, гледачоў, нашпігоўваюць, быццам калядных гусяў, жорсткасцю і крывёю, гвалтам і забойствамі, нянавісцю адно да аднаго. І паўсюль закладваюць у падсвядомасць: каб табе выжыць — зніштож суседа, таго, хто побач, адбяры, украдзі, здрадзь. Толькі такія прынцыпы дадуць поспех у асабістым, прыватным жыцці. Дзе падзелася чалавекалюбства, самаахвярнасць? Светка, куды глядзяць твае (ці нашы) старэйшыны? Яны ж усё бачаць у сваім вышнім горадзе. Чаму хапугу і злодзею, беспрынцыповаму чынушу шэнціць, а сумленны і чысты душою чалавек працуе не пакладаючы рук, зарабляе на малако і хлеб? Чаму?
— Супыніся на хвіліну. Перавядзі дух, — папрасіла Светка. — Папраўдзе, не на ўсе пытанні і я магу адказаць. Сёе-тое — ведаю, а пра нешта здагадваюся. Калі гаварыць пра моладзь, якую ты абвінавачваеш, то не ва ўсім яе віна. У большасці, такімі робяць іх старэйшыя. Бацькі, тыя ж настаўнікі, урэшце, мы з табою. Падумай, сённяшні прагрэс не на руку духоўнаму ўдасканаленню. Табе можа падацца парадоксам, але паглядзі: паўсюль будуюцца і адчыняюцца храмы, а наша духоўнасць апускаецца няўмольна, настойліва і, як ні балюча гэта ўсведамляць, — беззваротна.
— Ну, ты ўжо сказанула. Класная перспектыва. Тады навошта горад у нябёсах, га?
— Не перабівай. Я і сама саб’юся. Але, сённяшні чалавек заеўся, атлусцеў, выпусціў на пярэдні план жыцця жывёльны пачатак, так бы мовіць, інстынкт, орган насалоды. Так, я згодна, просценькая схема тлумачэння. Але яна беспамылковая. І цяпер скажы мне, як старэйшынам з краіны Продкаў адключыць мазгавыя звіліны тых, хто на зямлі, перабіць смак да фізічнай спатолі? Атлусцела-атрафіраваная падсвядомасць працуе на адно: я так хачу мне так падабаецца. Падзяліся са мною — ты часта гаворыш сабе словы: «я абавязаны»; «няхай будзе горш мне, чым яму»; «я павінен зрабіць»? Вось так, бачыш — задумаўся. І яшчэ, да слова, — знікла радзінная повязь між людзьмі. Дзеці забываюць бацькоў, а бацькі кідаюць дзяцей. Стрыечная роднасць не ў пашане. Сусед — не дружбак ці ў нечым дарадца, а найчасцей — вораг ці аб’ект для зайздрасці. Вось вам і наце, шаноўны. У нашым жыцці раскашуюць ідэалы Амерыкі, Захаду. Не, я нічагусенькі супраць іх не маю. Але зараз іхні стыль адносін у нашай сённяшняй рэальнасці. Ты ж памятаеш, як мы імкнуліся да гэтага. Вось і раскашуйце напоўніцу. Прыехала маці ў госці да цябе, а ты, Антачак, адпраўляеш яе ў гатэль. Каб не перашкаджала твайму ўкладу жыцця. Не назаляла сваёй прысутнасцю. А то, незнарок зблытае планы, не зможаш цялеснай уцехай заняцца. Бо ў нас на першым плане «я любімы» і «мае жаданні», а пра абавязак няхай Кудыкала думае.