Вход/Регистрация
Лявон Бушмар
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

Само слова "Бушмар" было ўжо словам незвычайным. Яно ўжо кожнаму тут гаварыла пра звярыную нялюдскасць, пра здзек над усiм, што не ён сам i не яго, пра тое, што не можа навокал яго, пакуль ён пануе, абысцiся так, каб не было пакрыўджаных, каб не было слёз людскiх. Тыя ж самыя бабулi божкалi i ўздыхалi, што гэта Бог даў чалавеку гэтакую натуру, можа, за якiя грахi яго цi нават бацькоў яго. Мужчыны ўсе i малодшыя жанкi смяялiся з гэтакай "Божае кары", але ўсё ж некаторыя гаварылi, што "натура гэта такая ў чалавека", i толькi. Тым часам былi i яшчэ адны, якiя iначай тлумачылi Бушмара. Да iх належаў i Андрэй, але першы як мае быць выказаў гэта не ён. Трымаўся тут вельмi блiзка Андрэя заўсёды (а цяпер выйшла наадварот - Андрэй стаў блiзка трымацца яго - той набываць пачаў сiлу ў сваёй дзейнасцi) адзiн хлапец. Ён на хутарах за лесам змалку пасвiў каровы, служыў нават год на Бушмаравым хутары. Яго неўзаметку пачалi заўважаць, як пачаў вырастаць тут. Бацькi яго ў вайну ўцяклi недзе з-за Вiльнi сюды i тут змерлi ад пакутных невыгодаў жыцця, а малы неяк выкiдаўся. Так на людзях i ўзрос. Звалi яго Ўладзем; ён, калi яшчэ малым пастушком быў, зблiзiўся неяк дзiўна з Андрэем, якога тады пачаў зваць дзядзькам. Раз Андрэй iшоў паўз лес i ўбачыў быў, як на дарозе стаiць i не варушыцца, як аслупянелы, малы хлапчук. Падышоўшы блiжэй, ён пазнаў "бежанскага Ўладзю". Ён глядзеў у адно месца, кудысьцi ў поле, i маўчаў. Каля вачэй у яго была чырваната, як ад нездароўя, або бессанi, цi ад слёз. Было тады холадна, восень, i ён, вiдаць, мёрз.

– Чаго ты гэтакi?
– запытаў Андрэй.

– Кароў гляджу, - адказаў той.

– Дзе ж твае каровы?

– Недзе пацяглiся.

I хлапчук пачаў плакаць.

– Чаго ты?

– Бушмар чуць не забiў мяне.

– Завошта?

– Карова закульгавела, дык ён крычыць, што гэта я не даглядзеў. Ранiцаю сёння сукаватым паленам па шыi бiў, схаваў мае лапцi, нарочна, каб я мёрз, гэта табе, кажа, навука.

Андрэй глянуў на босыя Ўладзевы ногi. Праўда, што яны аж пасiнелi з холаду.

– У мяне была адна запалка, але патухла, як я хацеў раскласцi агонь.

Андрэй неўзабаве прыслаў яму з дому свае лапцi, а праз колькi дзён падгаварыў кiнуць Бушмара i перайсцi ў вёску. З таго часу Ўладзя пачаў мець Андрэя як за бацьку.

У той меры, як Уладзя рос на людзях, ён сам заўважаць стаў, што дачыненнi яго з Андрэем неяк зменьваюцца. Калi дзялiлi панскую зямлю i калi Андрэй на гэтую зямлю першы павёў вяскоўцаў, Уладзя тады ўжо быў як бы нават дапаможнiкам Андрэевым. Ён нi то што дзейна дапамагаў яму, а чуў сябе, што як бы гэта ён сам усё гэта робiць. Ён тады ўжо быў сказаў Андрэю:

– А Бушмару нашто гэтулькi лесу?

Ён чуў, як расце ўсё больш i больш у iм страшэнная нянавiсць i да Бушмара, i да ўсiх тых гаспадароў, што трымалi яго тут за пастуха. Нават адзiн з iх, калi дзялiлi вяскоўцы панскую зямлю, выткнуўся быў на сваю мяжу i з хiтраю ўсмешкаю сказаў:

– Што ж, зямлю вы бераце, балазе пан уцёк. I лес панскi папрабавалi зачапiць, але маладцы, што лазу пакiнулi, не выцерабiлi.

– Чаму?
– гукнуў Уладзя, чуючы ў гэтым паўпанкавым слове нейкую, няясную яшчэ, страшную крыўду.

– А таму, што калi вернецца пан, дык будзе чым вас сцёбаць.

Уладзя сцiснуў кулакi i падаўся блiжэй:

– Маўчы, гадзiна!

Дык той злосна заенчыў:

– А-а-а, глядзi ты! Гэта ты гэтак дзякуеш, што цябе выгадавалi чужыя людзi, што не даў i я табе прапасцi на чужой старане!..

– Мая старана ўсюды, дзе я стаю на зямлi.

– Усюды? А от цяпер стаiш на маёй мяжы. Вон!

Уладзя быў тады яшчэ недарослы дзяцюк. I повен ён быў хлапечага задору. Ён тады наўмысля пайшоў упоперак цераз забаранаваную хутаранскую ярыну, а хутаранец, скамячыўшы губы, схапiў яго за плечы. Андрэй рагатаў, стоячы ў мужчынах. Уладзя вылузаўся з хутаранцавых рук i пайшоў назад смеючыся.

Другi раз была ў яго сутычка з Бушмарам. Тут было менш гаворкi, але больш яшчэ выразнасцi. Гэта ўжо тады, калi надышла пара зачапiць хутаранцаў. Уладзя сказаў быў пра Бушмараў хутар:

– Вяльможныя паны ўжо ўпарадкаваны, цяпер пара зачапiць звяроў.

Бушмару хтосьцi сказаў пра гэта, i пры спатканнi з Уладзем ён, звер, пранiзаў зiркам яго. Уладзя прыпынiўся i таксама не спускаў вачэй з Бушмара. Так прастоялi яны колькi момантаў. Хто каго пераможа? Але ўсё ж Бушмар заўсёды абмiнаў думкамi Ўладзю, можа, таму, што прывык ён дагэтуль бачыць яго хлапчуком? А мо таму, што яму проста страшна было чуць у гэтым хлапчуку варожую сiлу, што раптам вырасла. Вобразам гэтай сiлы паўставаў перад iм Андрэй.

Дык вось гэты Ўладзя сказаў цяпер быў раз пра Бушмара. Ён гэтае разуменне сваё вынес яшчэ з суду, у якiм быў тады, калi судзiлi Бушмара i за збойства райвыканкомаўца, i за буйную высечку лесу, i за ўсё iншае. Пра Бушмара тады абвiнаваўца гаварыў доўга:

"Бушмар - вынiк, аканчальны лагiчны вынiк ляснога спрадвечнага хутара. Гэта звер, навокал якога павiнны быць пакрыўджаныя. Iначай нельга, пакуль жыве на свеце Бушмар. Навакольны лес i дзiкi хмызняк валодае Бушмарам, а праз яго адвечная прыродная дзiч спрабуе авалодаць усiмi тут людзьмi. Бушмар, каб i хацеў, не можа даць рады нi лесу, нi хмызняку - засталася ж навек няскончанаю дзеля яго раскарчоўка прылеску! Бушмараў лад - гэта пастка i вечная вайна, бо ж нават з сваiм, можна сказаць, жыццёвым братам Вiнцэнтым была ў яго смяртэльная спрэчка. У звяроў заўсёды ў адным нават логаве - вайна... Вось ён жыве на свеце, жыве спрадвеку, робiць нават гiсторыю свайго часу, гiсторыю крыўдаў слабейшых, ад якiх маюць крыўду яшчэ слабейшыя... Чалавечая гiсторыя нялюдскасцi! Дзе расплоджваюцца звяры i каля iх чэрвi!"

II

Андрэй за гэтыя гады пастарэў крыху, але не змянiўся. Засталася ў iм i яшчэ больш асталявалася мяккая жартаўлiвасць i, дзе трэба, ясная цвёрдасць. Ён крыху меў натуру iншую, як Амiля, а можа, гэта не натура, а проста iншае дачыненне да ўсяго. Ён увесь падаўся быў у клопат за ўсю тую справу, якую тут рабiлi, адкiнуў нават ад сябе неспакой за ўсялякую сваю ўласную гаспадарскую драбязу. Тут ён зусiм свядома вучыцца пачаў у Ўладзi. Той бязлiтасна кпiў з "усялякае мышы ў сваёй цеснай нары", жыў апошнiя гэтыя гады гэтак, што старыя нават навучаць яго бралiся:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: