Вход/Регистрация
Лявон Бушмар
вернуться

Чорный Кузьма

Шрифт:

– Гэтакi ты ўдалы хлапец, а вецер у тваёй натуры нейкi ёсць. У гады ўбiраешся, дык пара табе пра сябе падумаць, паставiў бы ты сабе хату, узяў бы зямлi, меў бы сваю сям'ю, як усякi чалавек...

– Няма зямлi, - аджартоўваецца ён.

– Мала?

– Мне мала. Мне каб усяею заўладаць.

– Дзiўны хлопец, - гаварылi адыходзячы, - от усё жартамi абыходзiцца.

А пасля хтосьцi кiнуў на людзi здагадку:

– Ён гэта сабе хлеба лёгкага шукае. Службы дзе якое.

– Вось гэта яно i ёсць, - сказаў быў ён раз на гэта, смеючыся.
– Хачу нiчога не рабiць i добра жыць.

– От зноў жартуе!

А тым часам Уладзя вырас зусiм, больш яшчэ пасталеў, больш зблiзiўся з Андрэем. Стаў ён рослым i моцным, i хто ўспамiнаў таго ранейшага хутарскога пастушка, дык гаварыў:

– От як вырастае чалавек.

Яны з Андрэем i ўзялi на сябе ўвесь той цяжкi клопат - арудаваць з людзьмi, з зямлёю, з дзiкiм хмызняком, з трухлiнаю старых хат... Калгас зрабiлi ўвосень, калi рыхтавалiся сеяць жыта. I ўсе гады пасля гэтага даводзiлi яго да ладу. Кожны год вырастаў на ўзлеску новы вялiкi дом, туды перабiралiся патроху кожны год людзi, i шмат хат iшло на знос. Цяпер гэта рабiлася радасна, ахвотна, але першы раз одум браў некаторых:

– Увесь век гараваў, гараваў, збiраў па саломiне, i нават котла роднага адцурацца трэба.

Аднак iшлi, бо, шкадуючы чагосьцi невыразнага ў старым, пачыналi ўжо баяцца яго.

Гэтак вось i Амiля спахмурнела была, калi чарга прыйшла i да Андрэевай старой хаты:

– Мне не шкода гэтых катухоў i пакут ранейшых, але так нешта, я i сама не ведаю, што гэта.

Андрэй, можа, i зразумеў яе, але нiчога сказаць не мог iншага, як толькi:

– Гэта так з чалавекам бывае.

Але Ўладзя пасля сам загаварыў пра гэта з Амiляю:

– Гэта ведаеш што? Гэта спадчыннасць старая. Гэта, калi хочаш, дык рэшткi бушмараўшчыны, якiя спрадвеку ўкаранiлiся ў нас. У таго больш, у таго менш, але яны ёсць. Табе гэта не шкада трухлявага кута гэтага, але ты тут жыццё, хоць цяжкае, пазнала...

– Тут я ўспамiнаю пра ўсё, што было, тут паўмiралi бацькi, тут...

– Вось гэта самае. Але мы роднае нам возьмем з сабою, а непатрэбнае адкiнем.

Уладзя бываў цяпер шмат на людзях, даводзiлася яму i далёка выязджаць адсюль, ён меў цiкавыя сустрэчы, чытаць пачаў шмат, гадаваў у сабе новую нейкую чалавечую iмклiвасць, часта задумваўся i навучыўся гаварыць новае тут, у гэтых лясах. Ён гаварыў з Амiляю:

– ...Нам от, можа, i думаецца часам пра ўсё гэта вось так, як ты кагадзе гаварыла. От жоравы ўвосень ляцяць, i мы чагосьцi шкадуем. Нам можа шкада бывае яшчэ, што калi вось усюды будзе поле вырабленае, калi згладзiм мы з зямлi ўсе дзiкiя зараснiкi, выкарчуем дзiкiя ўзлескi - i жоравы тады пазводзяцца ў нас, не будзе iм дзе тады вясцiся, i не будуць тады яны курлыкаць увосень, не будзем мы бачыць тады i чуць гэтага iх лёту ўвосень цi ўвясну. Нам часам i шкада цi то якраз гэтага iхняга лёту, цi то чаго iншага разам з гэтым...

– Бо мы прывыклi да гэтага, - здагадалася ўсмешкай Амiля.

– Прывыклi, з гэтым мы жылi, вырасталi. Гэта было разам у нас з уцехамi i з слязьмi. Амiля думала i маўчала.

– ...Я ж ведаю, што прыйдзе штосьцi новае, што будзе дзецям нашым ды i нам яшчэ такiм, з чым нам таксама будзе не лёгка адразу, каб прыйшлося разлучыцца. Новы час нясе i ўсё новае. Толькi што яно не будзе для нас часта, а то, можна сказаць, заўсёды цяжкiм, як было ўсё дагэтуль.

Ён гаварыў доўга i цешыў Амiлю гэтым сваiм новым дзеля яе, чалавечым, словам. Яна аж захапiлася гэтым, пачула ў сябе прылiвы непераможнай радаснай сiлы.

– Нашы дзецi ўжо не будуць гэтакiмi, - зноў здагадалася яна.
– Толькi нам трэба, можа, нават дзе i з цяжкасцю, назаўсёды адвязацца ад старога. Вырваць яго з сябе. I дзеля сябе i дзеля дзяцей трэба, каб мы гэтую работу рабiлi. Я от табе скажу гэта адным словам - забiць i вытруцiць бушмараўшчыну. Табе гэта вядома добра, бо ты ж сама доўга была жыла ў самай бушмараўшчыне...

Ён гаварыў як бы не адной толькi Амiлi, пасля змоўк i пра штосьцi думаў. Доўга гэтак стаялi ў старой хаце, што дажывала апошнiя днi свае. Пасля ён, як бы адумаўшыся, глянуў на Амiлю. У яе ружавеў ад узбуджанасцi твар, яна была рада гэтакай гаворцы. Тады на адвiтаннi Ўладзя моцна сцiснуў яе руку. I першы раз, зусiм iначай, як дагэтуль, яны паглядзелi адно аднаму ў вочы.

III

Як жа жыў цяпер Бушмар? Каб не збегла тады была ад яго жонка, ён, можа б, i яшчэ сяк-так трымаў бы добрага таго каня свайго, можа, па-воўчы б гаспадарыў на сваiм куце, якi яму пакiнулi, але, застаўшыся адзiн, ён, як нi стараўся, не мог даць рады. Брат да яго прыязджаў часта. Бушмар раз пачаў раiцца з iм, каб як гэта зноў ажанiцца. Брат параiў яму:

– Гэта то трэба, але бяры сабе жонку па сваёй натуры. Бо табе ўжо наверыла абы-якая жонка.

Дык ён так заставаўся адным, не могучы дабраць сабе жонкi. Да якой хутаранкi i сватаўся, дык не лiшне ўжо квапiлiся iсцi за яго - слава пайшла пра яго гэтакая, гэтак гаварылi пра яго ранейшае жыццё з дзвюма жонкамi, што ён толькi адно думаць пачаў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: