Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Вазьмі мяне! — крыкнуў Ларывон, і цыган, не разумеючы, спыніўся. — За жарабца вазьмі! Да сваёй! Да цыганкі!..

Цыган штосьці сказаў па-свойму і пайшоў далей пад крыкі, рогат натоўпу.

Мінуўшы натоўп, падышлі да вазоў, над адным з якіх тырчала фанерная шыльда — "Камуна "Росквіт жыцця"". Хоць прадавалі тут бульбу, капусту і яблыкі, пабадзяліся між вазоў, паглядзелі ўсё з асаблівай цікавасцю — пра камуну хадзіла столькі гаворак!

— Капуста ўрадзіла! — сказала здзіўлена Ганна, любуючыся вялізным лабастым качаном.

— Зямля ў іх — не наша! Панскую забралі! Як масло — зямля!.. — растлумачыў Яўхім.

Чалавек у ватоўцы, абветраны, з аблупленым носам, ухмыльнуўся з-за воза:

— Зямля панская, ды капусты такой у пана — не було!

— Такой, можа, і не було, — згадзіўся, здавалася, Яўхім. — Дак була не такая, лепшая!

— Не було ні лепшай, ні такой! — зноў ухмыльнуўся чалавек у ватоўцы.

Яўхіма ўсмешка гэта чамусьці ўзлавала.

— Канешне! Не було! Пан ваш буў дурны як лапаць! А вы — разумныя! І вам бог камунаўскі памагаў! Кажуць, у камунаўцаў таксама бог е і яму кожны дзень моляцца?

Ларывон зарагатаў. Ганна таксама засмяялася, гледзячы мімаволі на капусту: ну і качаны ж!

— Е, канешне, Бог! А як жа! Не без Бога! Усё, кажуць, ад Бога!

— А! — узрадаваўся Ларывон. — А як яго завуць, вашаго бога? Па-парцейнаму! Карло Маркс?

— Навука завуць яго. Агратэхніка.

— Ха-ха! Абрацехніка! Як жанчыну, ці што?!. — Ларывон хацеў яшчэ штосьці сказаць гарэзнае, але, зірнуўшы на Яўхіма, які не думаў смяяцца, перамаўчаў.

— Ерунда! Агратэхніка ваша ета! Зямля — от што бог! Е зямля добрая, дак і ўсё будзе!..

— А качаны етыя выраслі ў нас, між іншым сказаць, і не на зямлі. — Чалавек ухмыльнуўся яшчэ хітрэй. — На балоце!

Ганна не паверыла:

— На яком балоце?

— На звычайным. На дрыгве, у якой коні тапіліся… Асушылі — і от, калі ласка, качаны!..

Ганна зірнула на чалавека — смяецца, напэўна, байкі гаворыць. Але той не смяяўся, трымаўся так, нібы ўсё праўда. Як бы хочучы дазнацца, праўду ці няпраўду сказаў чалавек у ватоўцы, узяла на рукі качан, узважыла — важкі ж які! — памацала. Не качан, а дзіва! І на балоце, падумаць!

Яўхім узяў яе за локаць, пазваў. Адыходзячы, кінуў чалавеку:

— Прыязджайце к нам капусту садзіць! У нас балото вялікае!

Ларывон засмяяўся. За камунаўскімі вазамі яны наткнуліся на будачку, збітую з дошчак, над якой на чырвоным палатне былі намаляваны дзве рукі ў поціску і надпіс: "Горад і вёска — злучымся!" Ніжэй палатна была прыбіта шыльдачка: "Саўгас "Шлях да камунізма"". У ларку прадавалі мяса. Сек і важыў мяса малады хударлявы хлопец у белым халаце. Усе трое, убачыўшы гэты халат, сталі.

— Як дохтар! — не ўтрываў Ларывон. — Як усё адно ў бальніцы якой!

Яўхім коса зірнуў на Ганну, працадзіў:

— К-культура!.. Шлях да камунізма!..

Яны былі ўжо з краю плошчы, каля будынкаў, у якіх мясціліся крамы. Яўхім успомніў, як бацька даваў Ганне грошы, запытаў:

— Табе, здаецца, купіць нешта трэба?

— Ат, дробязь розную… Я потым, з мачыхаю… — Ёй не хацелася, каб Яўхім стаяў, бачыў, як яна будзе выбіраць гузікі, аплічкі, інтымныя дзявочыя драбніцы.

— Ну, дак, можа, сюды зайдзем? — Яўхім кіўнуў ёй і Ларывону на дзверы, па баках якіх на высокіх і вузкіх шыльдах былі намаляваны міскі, лыжкі, бутэлькі і чаркі. Шыльды былі вельмі падобны на тыя, што віселі на дзвярах у шаўцоў і краўцоў, толькі што тут замест ботаў ды шапак красаваліся міскі і бутэлькі. Над аблезла-сінімі міскамі клубіліся шэрыя воблакі, чаркі таксама былі поўныя нечым шэрым.

— А што там рабіць нам?! — запярэчыла Ганна.

— Ну, што!.. Тое, што і другія! — Яўхім падміргнуў Ларывону. — Ну, морсу вып'ем!.. Сушыць нешта ў горле!..

Яўхім амаль сілком увёў Ганну ў памяшканне, у якім за столікамі сядзела нямала людзей, што пілі, елі, гаманілі. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя табурэты, прынёс сабе яшчэ адзін і пайшоў к буфету. Пралезшы цераз чародку людзей, якія таўкліся там, ён пагаварыў аб нечым з тоўстым паголеным чалавечкам, гаспадаром "сталоўкі" Ёселем, і вярнуўся да стала з трыма налітымі шклянкамі.

— Ето нам, — паставіў ён шклянкі з гарэлкаю сабе і Ларывону, потым урачыста паднёс шклянку з віном Ганне. — А ето — табе!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • 105
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: