Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Не кажы "гоп", не пераскочыўшы! — сказала мачыха бацьку. Потым параіла: — Трэ пляшкі дзве гарадской. Калі хто чужы, бувае, прыткнецца.

— Вып'е і нашай! Цяпер паноў няма! А што самагонка — хто яе не гоніць! — Бацька не даў мачысе пярэчыць. — Трэ от падумаць, як маладую нашу прыбраць!

Ён паглядзеў на Ганну, якая пры гэтых словах перастала выціраць стол.

— Чаго тут думаць? Адзенем… Перад жаніхом сорам не будзе!

— Жаніх жаніхом, а і кеб перад самімі сорам не було. І перад людзьмі… Кеб і адзета, і абута була як трэба. Што купіць, пашыць, трэба падумаць.

— Спадніцу новую справіць трэба, паддзёўку пашыць… Паддзёўку можно з таго, што я летась наткала. Са свайго можно… І на спадніцу е што ўзяць. Не купляючы…

— Спадніцу няхай са свайго, а на кохту купіць трэба! — горача абазвалася Ганна.

— Е ж кохта — чырвоная, аж заглядзецца!

— Дак працерлася на локці! Латаная! Самі ж знаеце!

— Кохту трэба новую. Крамную.

— Ну, няхай! Трэба дак трэба! Я што, я — хіба супроць? Хіба я не хочу, кеб як найлепей! Яна ж таксамо, сказаць, маё дзіця. Я толькі кеб расходу меней…

— Расход расходам, а кохту трэба новую…

— Трэба дак трэба! Можно і чаравікі новыя справіць, і хустку! Хустку дак канешне купіць трэба! І не абы-якую, а кашаміравую, з кветкамі!

— Хустку трэба. А чаравікі добрыя і тыя, што ад маткі засталіся. Шчэ і дзецям будзе, якіх народзіць!

— Чаравікі добрыя, лепшых і не трэба. — Ганна кінула позірк на бацьку. — У Нохіма надысь перкаль бачыла белы… Дзяшовы…

— Ну, дак і купім яго. І к Годлі занясем пашыць!.. От толькі картоплі б прадаць ды на кірмаш з'ездзіць. Кеб капейка була.

Гэтым спрэчка пра кофту і скончылася.

2

Праз дзень Чарнушка завёз воз бульбы аж за Прыпяць, у Нароўлю, а ў нядзелю стаў выпраўляцца ўжо ў Юравічы, на кірмаш.

Ён устаў яшчэ да ўсходу позняга ў гэту пару сонца, запрог каля павеці каня, вынес адну за адною дзве звязаныя авечкі, прывязаў у задку воза да ручак. Калі пад'ехаў да хаты, жонка пачала з Ганнай зносіць і ладаваць у возе тое, што было падрыхтавана на кірмаш. Нізкі сушаных грыбоў, уюны, густа начапляныя на дубцы, лутавая каробачка з сухімі чарніцамі, гаршчок з маслам — усё клалі ў сена, загортвалі, рыхтавалі к дарозе.

Чарнушка ўнёс з прыгрэбніка мех бульбы, уладаваў у задку.

— Ну, от можно і выпраўляцца, — сказаў бацька і стаў адвязваць лейцы.

Мачыха павярнулася к Хведзьку, які хмурна сачыў з ганка за ладункам к дарозе, — яго не хацелі браць, пакідалі дома аднаго, за вартаўніка і гаспадара:

— Дак глядзі ж, кеб з хаты нікуды! І ў хату нікога чужога — зачыніся і не пускай! І — барані Бог з вугольчыкамі балувацца!

— Не б-буду!.. — Хведзька ледзь стрымліваўся, каб не заплакаць.

— Дазнаюся, дабра не чакай! Шкуру спушчу!.. — Мачыха загадала напаследак: — Ідзі ў хату і зачыніся!

Хведзька неахвотна, расчаравана падаўся ў сенцы…

Ехалі ўтраіх: ззаду на коўдры бацька і мачыха, спераду, звесіўшы ногі цераз драбінку, Ганна. Конь цераз сяло бег трушком, парыпваў гужамі, калёсы часта і дробна сакаталі на мёрзлай зямлі. На вуліцы было цёмна, толькі дзе-нідзе цьмяна, варухліва выглядвалі вокны. Гэта былі водсветы ад агню ў печах. За сялом абхапіў іх з усіх бакоў адзін змрок; цёмная дарога, цёмнае поле, чорныя паскі лесу, якія каля балота падышлі ўсутыч, сціснулі з двух бакоў і не выпускалі да самых Алешнікаў.

Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй перабраліся без асаблівага страху. На алешніцкім полі змрок стаў паволі радзець, адыходзіць, а калі выбраліся на шлях, пакацілі між радоў згалелых рослых бяроз, няяркае і негарачае сонца зачырванела ўжо ў дымным, як бы туманным небе.

— Базар, мабуць, будзе непаганы… — прамовіў бацька, бачачы, што калёсы на Юравічы цягнуцца і наперадзе і ззаду.

— Паганы ці непаганы — будзе відно, калі паедзем дадому, — асцярожна зазначыла жонка.

Неўзабаве ўехалі ў лес, невялічкі і голы, але цудоўна прыгожы нават у гэтую пару: нібы спрачаючыся адзін з адным, уздымалі высока ў неба, магутна раскідвалі ў бакі крывое голле асілкі-дубы і вязы.

— Унь там наша поле було. За Перавельскімі кругамі, — сказала мачыха.

Ад лесу пачыналася ўжо глінішчанскае поле.

— Зямля тут, мабуць, не тое што ў нас…

— Параўняў! Такой у Куранях і каля цагельні няма!

Ганна бачыла, што ў лесе там і тут тырчалі шырокія жылістыя пні, круглыя вярхі якіх былі чорныя, шэрыя, белаватыя і зусім белыя, свежыя, — і ёй стала шкада: столькі тут высечана ўжо гэтых дубоў і вязаў. Лес быў рэдкі — між дрэваў за недалёкім узлескам добра віднелася куп'істае балота.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: