Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Ганна падзякавала, загарнула паперку ў насоўку, пад аховай двух дужых хлопцаў рушыла к другім вазам, у мітусню і гоман людскіх натоўпаў.

4

Першы час побач з Яўхімам чула яна сябе няёмка: як бы не дзяўчына ўжо, не вольная, жонка яго. Але няёмкасць гэта неўзабаве прыціхла, адышла, увагу, думкі яе захапілі відовішчы кірмашу. Вось дзед стаіць, абапёршыся на воз, — мабыць, чужы, — стаіць, нібы дрэмле. На плячах дзеда вісне нізка звычайных лазовых лапцяў — здаецца, не прадаў ні аднаго, а колькі корпаўся з імі, як, пэўна, натаміўся, цягнучыся сюды старымі нагамі? Жанчына, таксама немаладая, хваравітая, трымае на руках ношаную, пафарбаваную лушпайкамі цыбулі, зрэбную сарочку, яшчэ адна — за возам — са скруткам палатна… Хлапчанё, бялявае, з насцярожанымі дзікаватымі вачыма, прадае шапку-кубанку — скураны верх яе вышмараваны да белага…

— Украў? — падскочыў раптам да яго Яўхім.

— Сам ты ўкраў!

— А от зараз праверым! От зараз — у міліцыю!

— Заві! — Хлапчук глядзеў адважна.

Потым — неспадзеўкі, яны і варухнуцца не ўправіліся: мільг — і знік між вазоў і людзей!

— От шпана! — пакруціў галавою Яўхім, рагочучы з адабрэннем. — Як верабей!.. З дзетдома, мабуць!..

Яўхім і цяпер ішоў штурхаючыся, весела, задзірыста пакрыкваючы, каб расчысціць дарогу, там і тут спыняўся каля вазоў, каля людзей, якія прадавалі, разглядаў жывёлу і тавар, быццам прыцэньваўся.

— Цётка, пачом шкілета етаго прадаеш? — запытаўся ён, паказваючы на карову, што задуменна жавала сена.

Карова была як карова, не вельмі і худая, і цётка пакрыўдзілася:

— Сам ты шкілет! Байструк салдацкі!

— Я не байструк, цётка! У мяне і тато і матка е! От яны знаюць!.. — Яўхім кіўнуў на Ганну і Ларывона.

Ларывон пацвердзіў:

— Е.

— От, чуеце! А пра шкілет — я так, смешкамі! А вы ўжэ і ругацца! Хіба ж я не бачу, што карова ў вас — хоць на выстаўку! Малака, мабуць, дае — заліцца!.. — Жанчына глянула недаверліва, прамаўчала. Але Яўхім не адступіўся, вельмі сур'ёзна, дзелавіта запытаў: — Дак пачым жа прадаяце?

Жанчына завагалася.

— Трыццаць — як аддаць!

— Дораго! — Яўхім аж губы падціснуў: столькі заламала!

— А ты — сколькі б даў?

— І бясплатно не ўзяў бы! Такую здыхляціну!

Ён зарагатаў проста ў вочы ашалелай жанчыне і пайшоў сабе далей. Ларывон падаўся ўслед, таксама душачыся рогатам:

— От упёк! Упёк дак упёк!..

Толькі Ганна не смяялася — ёй было нават шкада жанчыны.

— Нашто табе ето? — сказала яна Яўхіму з дакорам.

— А чаго ж не пасмяяцца? Дзе і пасмяяцца, як не тут!..

Дурэючы, ён ціха заспяваў:

Мы на гора ўсім буржуям

Міравы пажар раздуем!..

Міравы пажар ў крыві…

Госпадзі, благаславі!..

Яму, відаць, гэтая песенька здавалася пацешнаю, як і Ларывону, які гудзеў за ім. Ганна ж быццам і не чула іх гарэзнага спеву, поўнячыся ўся адчуваннем вялікага чалавечага віру.

— Цабры, цабры каму?! Цабры новыя, асінавыя, сасновыя! Дзежкі, бочкі!! Дзеж-кі, дзеж-кі!..

— Абады, абады каму? На сто гадоў ездзіць! Дзецям і ўнукам хопіць!..

— Падсвінка прадаю! Нядораго! Падсвінка!.. Можна карміць, можна забіць!..

— Рыба свежая! Сягоння з рэчкі! Толькі што вылавілі!..

— Дзёгаць! Дзёгаць! Дзёгаць!

— Рыба! Рыба! Рыба!

Усё было дзіўна перамешана: вазы, каля якіх драмалі пакорліва і сумна "падласыя" і "рагулі", ціснуліся з вазамі, на якіх бялелі цабры, бочкі; наравістыя бараны і неспакойныя свінні варушыліся між вазоў з лазовымі каробкамі, кашамі і кошыкамі, коламі, абадамі. Мяшаліся галасы — беднае жывёльнае зборышча ўплятала ў людскі гоман рыканне, іржанне, бэльканне, рохканне, прарэзлівы віск.

— Казу! Казу прадаю! Каму казу трэба? — крычаў нехта.

— А дзеўкі няма? — зарагатаў Ларывон. — Мне б — дзеўку!

— Венікі! Венікі! Бярозавыя венікі! Хоць хату падмесці, хоць памыцца!..

Чаго тут толькі няма — і граблі, і зубы ў граблі, і нават лаза, верчыкі лазы на лапці! Усё, што можна і няможна, сцягнулі людзі сюды, каб прадаць, агораць капейку, памяняць на нешта. І колькі ж іх, гэтых людзей, колькі клопатаў, жаданняў, надзей ходзіць, гамоніць, кліча — і з гэтага боку Прыпяці, і з другога, зарэчнага! Тым, якія за ракой, цераз вялікую ваду перабірацца прыйшлося, перад паромам выстойваць, лодкі шукаць, а ўсё ж прабіліся, сышліся з гэтым берагам, зліліся ў адным гаманлівым разліве на юравіцкай плошчы!..

— Ёмкі, качэргі не трэба? — таямніча запытаўся дзядзька з абсмаленым вусам, мусіць, каваль.

— Не трэба! Не жаніўся шчэ! — адмахнуўся Яўхім.

За кавалёвым возам ціснуліся цікаўныя: чародка гарачых цыганоў абкружыла дзядзьку, які трымаў порсткага жарэбчыка. Цыганы наперабой аглядвалі і абмацвалі каня, так жа наперабой лаялі яго, пагардліва паказвалі на яго калені, тыцкалі пальцамі ў капыты. Яны крычалі так дружна, што цяжка было зразумець словы. Гаспадар, вялізны, нязграбны, слухаў іх моўчкі, як бы і не чуў, і цыганоў гэта злавала, яны насядалі яшчэ гарачэй. Дробны, цагляна-чырвоны, старэйшы, відаць, між іх, і раз, і другі хвацка працягваў руку, чакаў, што той падасць сваю на згоду, але селянін усё стаяў, як глухі. З натоўпу вакол сыпаліся падчэпістыя воклічы, чуўся рогат, цыганы ж не заўважалі нікога, толькі старэйшы азірнуўся, тыцнуў пагардліва пальцам на селяніна, просячы ў людзей падтрымкі сабе, потым плюнуў і рушыў прэч, ведучы і ўсю хэўру…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • 100
  • 101
  • 102
  • 103
  • 104
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: