Шрифт:
— Казаў я, без нас не пачнуць, — прамовіў весела Яўхім. — Можно було б шчэ пасядзець!..
— Аге, толькі вас і чакалі! — закрыўляўся Зайчык. Ён крыкнуў Грыбку: — Ужэ можно пачынаць!
— І праўда, — падхапіла Зайчыкавы словы Сарока, — няўжэ ж да пеўняў ждаць будзем, пакуль прыцягнуцца ўсе?!
Як бы абуджаныя крыкам Сарокі, усе заварушыліся, загаманілі: час пачынаць! Грыбок пашаптаўся з крываротым — ад чырвонага рубца, што прарэзаў шчаку і падбародак, — старшынёй сельсавета Дубадзелам, сказаў да ўсіх, просячы:
— Дак, можа, давайце памаўчым трохі? І паслухаем, што скажа нам начальство з сельсавета?
— Можно і памаўчаць… Няхай кажа!.. Ціхо ж бо вы!.. — пайшлі галасы па хаце. Гоман стаў ападаць.
Начальства — маладое, з хваравіта касцістым, бледным тварам, вострымі плячыма, з гарачым, адважным позіркам — устала, абцягнула велікаватую гімнасцёрку і пачало з таго, што, па-першае, ад Алешніцкага сельскага Савета Юравіцкай воласці перадало прывітанне ўсім працоўным сяла Курані. Дубадзел перачакаў, пакуль сціхлі шум і воплескі, пачатыя Андрэем Рудым, аб'явіў:
— Па-другое, мы прыехалі, кеб пагаварыць з вамі пра дзело рознае. Пра школу нашу, — ён кіўнуў да настаўніка, — пра падатак, канешне. А таксамо — і пра грэблю. Пра грэблю тут павінен буў гаварыць з воласці, але па той прычыне, што ён не прыехаў, зноў буду гаварыць я…
— Прапаную спачатку выслухаць міжнароднае становішча, — падняў руку Андрэй Руды.
Дубадзел абвёў людзей вачыма, непахісна сказаў:
— Міжнароднае становішча я намалюю, калі буду гаварыць пра падатак і пра грэблю! Ясно?
Руды кіўнуў:
— Ясно.
Але тут гайнёю накінуліся, апанавалі Дубадзела іншыя галасы, прыдзірлівыя, злыя:
— А пра землю, пра дзяленне — нічого? Дзяліць калі?
— Перадзялілі ўжэ!
— Гаварылі, дурылі!.. Абяцанка — цацанка!..
— Дак якое ж цяпер дзяленне?! — крыкнуў Хоня. — Па такому снегу?
— Даждаліся!
Дарэмна Грыбок спалохана спрабаваў сцішыць людзей — гоман, крыкі, абурэнне, злосць, смех віравалі ў хаце. Уціхла на хвіліну толькі тады, калі Дубадзел цвёрдым тонам заявіў, што землеўпарадкаванне будзе зроблена вясною. Але не ўправіўся ён сесці, як шум зноў закіпеў.
Настаўніку Жалудку давялося пачынаць у гэтым гомане. Гаварыў ён нясмела, ціха, і спачатку нават зблізу мала што чулі з яго гаворкі. На тых, якія шумелі, пачалі шыкаць.
— Ціхо ж бо вы! Дайце сказаць чалавеку! — бухнуў нарэшце Пракоп.
— Ужэ месяц, як у школе ідуць заняткі, — стала вальней гаварыць настаўніку, — а ходзяць у школы з Куранёў толькі двое — Дзяцел Соня і Глушак Сцяпан.
— Добра хадзіць яму, бацьку такога маючы! — перабіў Хоня Жалудка, і згодны гоман зноў прыцішыў настаўніка.
Васіля вельмі мала цікавіла тое, што казаў Жалудок, куды з большай увагай сачыў хлопец за тым, хто паяўляецца з сянец. Ганны не было і не было. Нечакана позірк яго наткнуўся на іншую постаць, якая ўраз захвалявала хлопца. Васіль не паверыў, прыгледзеўся: не, памылкі тут не было, у дзвярах стаяў ён! Васіль мімаволі насцярожыўся: вось хто, аказваецца, павінен быць з воласці! Але чаго ён стаіць за другімі, упоцемку, не ідзе за стол? Перарываць сходу не хоча ці ахвота паслухаць адсюль, неўпрыкметку?
— Няхай Сцяпан з багатай сям'і, — пярэчыў настаўнік. — Але ж у школу ходзяць і бяднейшыя. Ну, от Дзяцел Соня з вашых, — Жалудок кіўнуў на Андрэя Рудога, Сонінага бацьку. — Багато бедных дзяцей ходзіць з Багуслаўца, з Глінішчаў. Я ўжэ не кажу пра Алешнікі. У Куранях болей за ўсё такіх, якія не ходзяць у школу…
— А з Мокуці богато ходзіць?
— З Мокуці таксамо, — прызнаўся Жалудок.
— А з Хвойнаго?
— І з Хвойнаго. Ім няма як дабрацца…
— А нам е як? Адзін чорт, што з Куранёў, што з Мокуці!
— Як мокро, дак лягчэй на той свет, чым у Алешнікі вашы!
Людзей зноў як прарвала. Жалудку не давалі слова сказаць: гаварылі, крычалі, не слухаючы нічога і нікога.
— Хай бы сам настаўнік сюды хадзіў, калі ўжэ так трэба…
— А хто мне за дзіця маё рабіць будзе? Ёсель юравіцкі?
— Сказаў: алешніцкія ходзяць! Кеб у нас була школа!..
— А рабіць хто школу тую будзе? Плаціць за яе?