Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Дзед Дзяніс патупаў на вуліцу, а яны падаліся пад прыгуменне. Ледзь толькі выйшлі за хлявы, убачылі постаць, што ціха сунулася па разоры насустрач.

— Васіль?! — узрадавана заспяшалася маці. — Жывы!

Ён адказаў не адразу, неахвотна:

— Цэлы!..

Ганна па яго насцярожанасці, па голасу яго здагадалася, што было з ім. Але яшчэ не хацелася верыць, калі запыталася:

— Што там… з Ахрэмам?

— Не буў там… Жывы, мабуць…

Цяпер яна ўжо не сумнявалася. Завёў. Паказаў. Памог ім, бандытам. І Ганна пачула, як спагада і пяшчота да Васіля быццам выветрыліся з яе. Здалося раптам, нібы не Васіль, а нехта іншы, незнаёмы, чужы стаіць. З крыўдай, як няшчасная, не развітваючыся, падалася цераз агароды ў свой бок.

Ён неўзабаве кінуўся за ёй, здагнаў, ухапіў за руку, хацеў штосьці сказаць.

— Ганна!..

Яна спакойна, але рашуча вырвала руку, прамовіла непрыхільна:

— Адыдзі!..

Раздзел трэці

Ісціна, што няма нічога тайнага, якое не зрабілася б яўным, была вядома куранёўцам, мусіць, больш за ўсякую іншую. Яшчэ напалоханы Грыбок нікому, акрамя сваёй жонкі, і слова не сказаў, маўчалі ўсхваляваныя кожны па-свойму Ганна і Васіль, а погаласка пра начную падзею плыла па вёсцы ад хаты да хаты, ад калодзежа да калодзежа.

Чутка гэта, пераходзячы ад чалавека да чалавека, абрастала багатай, найбольш жаночай, куранёўскай фантазіяй, і пад вечар здарэнне разраслося так, што сэрцы не толькі малых, але і дарослых таміліся ў трывозе. Казалі, што бандытаў было не менш за сотню, а можа, і болей, і што быў там сам Маслак, і што Маслак казаў: калі яны, куранёўцы, будуць перадзельваць зямлю — не жыць ім, не бачыць дабра. Пасля гэтага звычайна ішлі здагадкі пра тое, што ж могуць зрабіць маслакі. Былі, вядома, сярод куранёўцаў і скептыкі, якія смяяліся з чутак, даводзілі, што ў іх дзевяноста дзевяць працэнтаў выдумкі, — скептыкаў у сяле жыло таксама нямала.

Як бы там ні было, у Куранях панавалі непакой і насцярожанасць…

Яшчэ ў той жа дзень, а можа, на другі ўранку, чутка перабралася цераз гразкую дарогу да цэнтра сельскага Савета, бо назаўтра апоўдні ў нязграбнай, доўгай, як хлеў, хаце куранёўскага грамацея Андрэя Дзятла, ці, як яго ўсе звалі ў сяле, — Рудога, сядзеў міліцыянер Шабета і высвятляў усе акалічнасці прыходу бандытаў.

Шабета быў выдатны, амаль легендарны чалавек. Звычайны міліцыянер, ён меў тут такі аўтарытэт, якога, мабыць, не было ні ў аднаго не толькі валаснога, але і павятовага кіраўніка. Ён здзіўляў людзей у многіх вёсках рэдкай адвагай, адданасцю справе. Не раз і не два гразіліся яму бандыты, білі з абрэзаў, прастрэлілі каля локця левую руку, а Шабета бясстрашна, нястомна гайсаў на цярплівым коніку з сяла ў сяло, высвятляў, супакойваў, наводзіў парадак…

Першым Шабета выклікаў Грыбка. Ахрэм паявіўся ў хаце не адзін, а пад вартай сваёй сёння вельмі рашучай жонкі. Адаслаўшы на двор пасыльнага, плячысты, паўнацелы, здаровы, як асілак, Шабета, які перад гэтым з самым заклапочаным выглядам разбіраў нейкую паперку, халоднымі вачыма зірнуў на Грыбкову Адар'ю і загадаў:

— Грамадзянка, прашу выйсці…

— Чаму ето, выйсці?.. Ці я чужая? — Грыбчыха нават не варухнулася.

— Не паложано. Тут зараз будзе следствіе.

— Ну і няхай!..

— Не паложано, ясно?

— Ці ж ты не ведаеш мяне! — Грыбчыха гатова была абразіцца, але раптам перамяніла тон, відаць, падумаўшы, што так толькі ўзлуе яго. — Ведаеш жа, Антон, а так гаворыш!..

Яна сказала «ведаеш» і мякка, і з націскам, мабыць, напамінаючы пра тое, што некалькі разоў карміла яго абедам і нават закрашанай самагонкай частавала, пакляўшыся, што на кірмашы купіла.

— Не паложано, ясно?

— Я ж хачу памагці табе ў следстве етым, — падступіла з другога боку Адар'я.

— Самі разбяромся.

— Не разберацеся. Бо ён без мяне нічога вам не скажа! — ужо ўпарта, загараючыся, заявіла Грыбчыха. Яна штурхнула мужа. — Што ж ты маўчыш, як язык прыкусіўшы!

— Яна праўду кажа… — кінуў маўклівы, унураны Грыбок.

Шабета памаўчаў, быццам паказваў, што рашэнне гэтае не абы-якое, і дазволіў застацца. Чорт з ёю, з гэтай упартай бабай, можа, і вартае яна кажа.

І праўда, Грыбок, напэўна, нічога не сказаў бы. Ён быў так прыгнечаны прыходам бандытаў і іх пагрозамі, што адразу, як толькі Шабета пачаў допыт, папрасіў:

— Б-братко! Пусці мяне… Я нічога не знаю…

— Як не знаеш? Прыходзілі яны да цябе?

— Прыходзілі…

— Колькі іх?

— Утраіх булі на дварэ… — адказала за Грыбка жонка.

— Былі між іх знаёмыя?.. Апазналі вы каго-небудзь?

— Не! — закруціў галавой Грыбок.

— Не пазнаў ён, — пацвердзіла Адар'я. — Бо цёмно. І два з тых бандзітаў стаялі моўчкі… Толькі я думаю, што без сваіх тут не абышлося. Я так думаю — адкуль яны ўведалі, што ў нас дзяліць землю хочуць? Само яно хіба дайшло да таго Маслака? Данёс нехто ж. Прыйшоў і сказаў! І, скажы ты, нядаўно ж там буў. Бо пра дзяльбу і гаворка пачалася колькі таго часу!..

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: