Шрифт:
— А вы б пра Васіля падумалі! — у голасе Ганны захліпаў плач.
— Нічога з ім не станецца, з Васілём тваім!
Ганна ступіла крок да акна, але мачыха кінулася наўперад яе, раскінула рукі.
— Не пушчу!.. Цімох! — крыкнула яна бацьку на падмогу. — Ты, ты што ж стаіш як ёлапень! Не бачыш!
— Не трэба! — мякка сказаў Ганне бацька. — Не зробяць яму нічога…
— Не зробяць!..
Ганна, душачыся слязьмі крыўды і роспачы, адышла ад мачыхі, апусцілася на лаўку. Трывога за Васіля, за дзядзьку Ахрэма, аднак, хутка высушыла яе слёзы. Яна востра ўслухоўвалася ў цішыню сяла, чула зацяты сабачы брэх у баку прыгуменняў, з даўкім неспакоем, са страхам чакала, што вось-вось грукне стрэл, але і на прыгуменнях і ў сяле было ціха. Ні аднаго падазронага гуку не ўлавіла Ганна.
— Спяць, скажы ты, усе, як проса прадаўшы… — здзівіўся ўголас бацька.
— Хто спіць, а хто сядзіць ды не дыша, — адгукнулася мачыха. Яна з асцярогай ступіла да акна ў поле. — Стаіць, як тое пудзіло!..
Потым Ганна пачула непадалёк ціхі свіст. Яна насцярожылася і ўзрадавалася — цень-пудзіла, што тырчаў за плотам, пацягнуўся ад хаты.
— Пайшоў, — з палёгкай адзначыў і бацька.
Постаць хутка знікла ў змроку поля. Ганна ўстала, моўчкі падалася ў сенцы.
— Ты куды? — пачула яна за сабою голас мачыхі.
— Туды ж!.. Пагляджу пайду.
— Зноў! Сама на ражон лезе!..
— Не чапай! — уступіўся бацька.
У сенцах Ганна асцярожна адчыніла дзверы, выглянула. Навокал было ціха, але цішыня гэта не толькі не супакойвала, а нават як бы насцярожвала. Сыходзячы з ганка, Ганна мімаволі ўслухоўвалася, баялася вокрыку. Тулячыся да сцяны, хутка перабегла за рог хаты і толькі тут на міг агледзелася — ці не цямнее дзе-небудзь постаць. Было па-ранейшаму ціха, ніхто не стаяў на дарозе. І яна, ужо не азіраючыся, не слухаючы нічога, пералазячы платы, напрасткі цераз мокрыя, па-асенняму голыя агароды паляцела да Васілёвага селішча.
На яго двары ад павеці, што страшна чарнела пустатой, Ганна пайшла цішэй. У грудзях зашчымела ад нядобрага прадчування: з Васілём нешта здарылася! Яна баялася ўявіць сабе, што з ім, адганяла прыкрыя думкі, няясныя, няпэўныя — нешта нядобрае, сама спрачалася з сабою, супакойвала, але страх за Васіля браў яе ўсё мацней. З гэтым страхам яна зноў папракала сябе, што адышла, пакінула аднаго ў такі час!..
Дробна, нецярпліва зазвінела шыбка пад яе пальцамі.
— Цётко Алена!
Чакаць, здавалася, прыйшлося цэлы век. Яна прытулілася лбом да халоднага шкла, старалася ўгледзець, што там у хаце. Было цёмна, не разабраць нічога. Нарэшце хтосьці падышоў да акна, пачуўся голас старога Дзяніса:
— Хто там ні свет ні зара?
— Ето я. Ганна Цімахова.
Ведала ўжо, што Васіля дома няма, пахаладзела, але выціснула:
— Васіля няма?
За шыбай мільгануў устрывожаны твар яго маці.
— Васіля?!
Праз момант адчыніліся дзверы.
— Я ж думала!.. Ён жа да цябе…
— Мы стаялі каля нашай хаты… Толькі вы не бойцеся. Шчэ нічога не вядома…
— Ой, што ты кажаш, Гануля!..
На ганак выйшаў стары Дзяніс, закашляў.
— Мы стаялі, як раптам падышлі два чалавекі. З маслакоў, аказалася!..
— Бандзіты?!
— Павялі яго з сабою. Мяне прагналі, а яго павялі…
— Божачко мой! — жахнулася маці.
— Яны нешто пра дзядзьку Ахрэма пыталіся… Дак Васіля, мабуць, і пагналі, каб паказаў…
— Ахрэма, кажаш? — адгукнуўся дзед. — Нашто ім Ахрэм спатрэбіўся?
— Не сказалі.
— Не на добрае, ведамо… — з роздумам прамовіў дзед.
— Божачко ж! — паківала галавой цётка Алена, і невядома было, аб кім цяпер гэты яе непакой: аб адным сыне ці і аб Ахрэме.
Толькі тут раптам уразумела Ганна ўсю прычыну такой трывогі. Не, не аб адным жыцці яго яна непакоілася. Калі ён паслухаецца іх, пакажа, яго адпусцяць, мусіць. Але няўжо ён пакажа, прывядзе бяду к дзядзьку Ахрэму?
Калі ён пакажа, ён усё роўна як стане заадно з імі! Памагаты іх! Ці засудзяць яго, ці не засудзяць — яна пра гэта не думала, — ён пасобіць, можа, загубіць чалавека! Злачынец будзе!
Не-не! Ён не зробіць гэтага! Не павінен зрабіць! Не стане іх хаўруснікам, няхай і не з ахвоты! Ён — смелы, вунь як заступаўся за яе… Але ж тады яны могуць учыніць над ім Бог ведае што! Не ўчыняць!.. Хутчэй за ўсё — ён ці ўцячэ, ці ашукае іх… Пакажа каго-небудзь другога…
Васілёва маці збегала ў хату, вярнулася, завязваючы хустку. Ганна зразумела, што яна хоча рабіць, папрасіла:
— Не хадзіце вы!.. Я пайду пашукаю! Шчэ, чаго добраго, яны тырчаць дзе-небудзь, хэўра етая!
— Не, я пайду! Не магу я!.. Боязно нешто за яго…