Шрифт:
— А што ў кішэні?
— Асялок…
— Дастань. Пакажы… Стой там!
Шабета пабачыў усяго за сваю службу, усялякіх нечаканасцей, таму стаяў напагатове. Гэта была ўжо прывычка чалавека, які ездзіць адзін і адзін адказвае за ўсё, за ўсе свае ўчынкі ў часам вельмі нечаканых абставінах. Асцярожнасць тут ніколі не лішняя.
У руках у хлопца быў сапраўды звычайны асялок. Шабета загадаў падаць асялок, паклаў яго каля сябе, сеў.
— Нашто прынёс яго?
— Нож вастрыў… Забыўся пакласці…
Шабета знянацку ўдарыў пытаннем:
— Даўно ў лесе буў?
— У якім лесе?
— Не прыдурвайся! У бандзе?
Такая нечаканасць, грубаватасць была яго звычайным прыёмам, калі ён дапытваў падазроных. У такія моманты пільным вачам яго нярэдка многае адкрывалася. Гэты ж куранёвец вокам не міргнуў, толькі яшчэ больш набычыўся.
— Не буў я.
— І не вадзіў іх па начах?
Васіль маўчаў.
— Чаго не адказуваеш?
— Чаго ж… Знаеце ўжэ…
— Знаем. Усё знаем. І я раю не круціць дарэмно. Усё роўна нічога не будзе… Даўно з імі звязан?
— З кім?
— Ну, не паказвай дурня! З маслакоўцамі?
— Не знаю я іх…
— Як жа не знаеш, калі — вадзіў?!
— Табе б прыставілі абрэз…
— Ну-ну, ты мяне не бяры рукамі! Я табе не прыяцель, не твайго дзесятка!.. Знаю я такіх. Кажны, як толькі ў пастку ўшчэміцца, авечкай стаць хоча… Бач! — «наставілі абрэз»!
Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту.
— Многа було іх?
— Пяць, здаецца…
— Здаецца!.. Хто буў, прозвішчы іх!
— Не нашы. Не знаёмыя…
— Скрыць хочаш? Думаеш на мякіне абвесці! Хто?
— Не нашы, кажу…
— Горай толькі сабе робіш! Круціць хочаш?
Васіль не сказаў нічога. Шабета нездаволена пабарабаніў аб стол.
— Пра што яны гаварылі?
— Нічога…
— Загадалі?.. Наставілі абрэз — і ўсё?
Васіль кіўнуў.
Шабета больш не пытаўся. Узяўшы аловак з нагруднай кішэні выгаралай гімнасцёркі, ён падсунуў да сябе кавалачак жоўтай абгортачнай паперы і, паказваючы Васілю, што, як і раней, сочыць за ім, стаў штосьці пісаць. Грамацей ён, відаць, таксама быў невялікі, бо літары паяўляліся цяжка і крывыя, нязграбныя.
— Вот, падпішы пратакол! — падсунуў Шабета паперку Васілю.
Васіль узяў аловак, паслініў графіт, нахіліўся.
— Тут, пад нізам?
— Чаго ж бярэшся падпісваць, не чытаўшы? — строга зірнуў на яго Шабета.
— Усё адно… Усё адно не разбяру…
— Няграматны?
— Амаль што…
— Як пратакол падпісуваць, дак няграматны, а як бандзітаў весці — навукі хапіла… Пратакол — ето следствія, з ізлажэннем маіх пытанняў і тваіх адказаў. Ясно?
— Ясно…
— Тут усё фактычно. Без круцяльні… Пачытаць мне, можа?
— Не трэба.
— Парадак такі… Ну, ладно — падпісувай!
Падпісаўшы, Васіль з палёгкай устаў. Надакучыла яму гэта гаворка, ды і спяшаўся ён дакончыць перарваную справу, таму і задаволен быў, што, падпісаўшы, нарэшце адбыў усё.
— Куды? — спыніў яго Шабета. Ён таксама ўстаў.
Васіль не адразу зразумеў значэнне Шабетавага пытання, адказаў спакойна:
— Дадому.
— Пачакай.
Тон яго здзівіў Васіля, гэта быў ужо загад. Шабета заступіў яму дарогу, згінам пальцаў цвёрда пастукаў па аконнай раме. На гэты яго стук з двара неўзабаве павольна ўвайшоў Андрэй Руды.
— Давай зараз да яго, — Шабета кіўнуў Андрэю Рудому на Васіля, — і скажы… Хто там у яго дома?
— Дзед е, та-скаць, Дзяніс. Матка…
— Скажы матцы яго, штоб прынесла адзецца… — Шабета зірнуў на босыя, з попельнымі плямамі падсохлай гразі Васілёвы ногі. — Абутак які-небудзь. І харчоў торбу.
— Харчоў? — адгукнуўся Андрэй Руды і падтуліў губы: вунь яно што! Ён нейкім дзіўным позіркам агледзеў Васіля.
— Харчоў. І кеб хутко!
— Як умею… Эх, — Руды нявесела пачухаў патыліцу.
Калі ён выйшаў, Шабета, не адыходзячы ад дзвярэй, загадаў хлопцу сесці. Васіль не паслухаўся, спадылба з ваўкаватай насцярожанасцю зірнуў на Шабету. У вачах яго яшчэ было сумненне — а можа, гэта ўсяго выдумка?
— Ну, чаго ўпяўся? — нядобра прамовіў Шабета. — Бегці, можа, думаеш?!