Шрифт:
— Аб чым ето яна? — не зразумела Ганна.
— Ведзьмака сустрэлі, — ціха, з асцярогай прашаптала Хадоська, неспакойна азірнулася ў цемру, быццам баялася, што іх слухаюць. Яна перахрысцілася. — Не дай Бог, пачуе!..
Ганна зразумела яе страх, ведала, што ведзьмакі не любяць, калі іх так завуць, помсцяць за гэта. Ведзьмакі хочуць, каб іх звалі чараўнікамі.
— Чараўніка?! — здзівілася Ганна. — Якога? Што ў Хвоенцы?
— Аге ж.
— Усю дарогу калаціліся, — апавядала гарбатая Прося. — Як, скажыце, жывыя з лесу выбраліся!.. Лес той — то буў ціхі, а то зрабіўся страшны — гудзе, скуголіць, як на хаўтуры… А ў тым гудзе — чую — як бы костачкамі стукае мярцвяк… Ідзе, ідзе за намі, блізенько, рукой дастаць, і — стукае… Стук-стук… Стук-стук…
— Страхоцце якое! — жахнулася адна з дзяўчат.
— Мабуць, пачуў, што бацько моліцца… Ён і раней, мабуць, чуў, таму і злаваў, пужаў, стукаў костачкамі… А падысці баяўся, ці малітва не давала…
— Е такія малітвы, што як пачуе ён, дак як ліст затрасецца, — сказаў нехта тонам знаўцы. — Толькі трэ знаць яе, тую малітву… І казаць, не пужацца — хоць што! Бо ён, хоць і пужае, а баіцца яе… Не любіць — страх!..
— А конь — што?! — перабілі «знаўцу». — Ідзе сабе?
— Аге, ідзе! — адгукнулася Прося. — Ідзе!.. І ён сам не свой! Хістаецца, як п'яны, — як не падае. Вушы наставіў, грыву натапырыў і вачмі ўсё — зірк, зірк. А вочы — круглыя, перапуджаныя!.. Але, дзякуй Богу, — хоць хістаецца, а ідзе і ідзе! Толькі ён і выратаваў!.. А то б там і — канец наш!
— Добра шчэ, што пбмараку на каня не нагнаў, — зноў загаварыў «знаўца». — А то, бувае, як нагоніць чараўнік памараку, то конь ідзе і ідзе, ды толькі не туды, куды трэба. А то і так бувае: здаецца, ідзе, ідзе ён, а сам — на месцы!..
— Дзякуй Богу, што пачуў малітву! Пачуў і заступіўся!.. — сказала Хадоська.
Чысты хлапечы голас, у якім чуўся прытоены смех, раптам уварваўся ў ціхую гаворку дзіўна весела і звонка:
— Бог? А знаеце, дзе ён цяпер?
Ганна пазнала: пытаўся Хоня, па-вулічнаму — «Бацько і матка». Хадоська даверліва пацікавілася:
— Дзе?
— У Нароўлі ў воласці! За сакратара!
— Кеб табе язык адсох! За такія твае словы…
— Праўда — у Нароўлі! Бачылі яго! Ён, праўда, не прызнаецца, баіцца, кеб не прагналі з работы!.. Бо не пралетар сам!..
Хлопцу не далі дагаварыць — мусіць, нехта закрыў рот. Дзяўчаты абурана гаманілі, клялі адступнікаў ад Бога, ад якіх, казалі, усе няшчасці ў сяле. У гэтым гомане і Прося, якая расказвала пра сустрэчу з ведзьмаком, не адразу зноў заваявала ўвагу.
— Прыехалі… Паклаліся спаць… Бацько ўсё жагнаецца, ніяк супакоіцца не можа. І я — як гляну ў цемру — усё бачу яго: вочы, як тыя вугалі, зырчаць! Агнём!.. Страх!
— Прыйшла б да мяне ў павець, я супакоіў бы! — зноў уварваўся Хонеў голас.
Хлопцы зарагаталі. Зарагаталі куды больш дружна, чым тады, калі іх таварыш асмеліўся зачапіць Бога. Дзяўчаты, бясконца зняважаныя недалікатнай парадаю іхняй прыяцельцы, заступіліся за яе, пачалася вясёлая валтузня з няшчырымі пагрозамі, з нязлоснымі дакорамі, між якіх былі чутны мяккія ўдары дзявочых рук па хлапечых спінах.
— Добры які аб'явіўся! — сказала Прося.
Дзяўчаты падтрымалі Просю кпінамі з хлопцаў і смехам. Але не апаў яшчэ гэты смех, як яго працяў такі прарэзлівы віск дзяўчыны, быццам ёй пусцілі за пазуху вужа.
— А-ай! Дзевачкі! — За гэтым пачуўся часты пляскат рук па твары.
— Ну, ну, кабулка! Не брыкайся!..
— Ай!.. Памажыце!.. — Алена Зайчыкава аж заходзілася ад рогату. — Не шлакачы… чорт… паганы!.. Ой! Чуеш? Не лезь!..
— Пятро! Дзе ты ёй шлакочаш, што яна так смяецца?.. — пацікавіўся адзін з хлопцаў.
— У якім месцы? Бо мы не знаем!
— А ты ж знайшоў такое!
Ганна слухала гэтыя гарэзныя смешкі, спрэчкі, але ні разу, ніводным словам не адгукнулася на іх. Яна, звычайна і сама ахвочая да кпін-спрэчак, задзірыстая, слухала цяпер, сачыла за ўсім так, як сочаць дарослыя за дзіцячай гульнёй. Бесклапотны смех як бы не даходзіў да яе, не кранаў душы.
Ганна была здаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла:
Шумяць вербы ў канцы грэблі,
Што я пасадзіла…
Галасок яе быў нясмелы, кволы — здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай. крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў. Ён, праўда, і не мацнеў, нейкі час усе маўчалі, як бы слухалі-чакалі, як бы не ведалі, не здагадваліся, пра што шумелі-жаліліся вербы. Раптам скарга, якая на момант сціхла, прапала ў вячэрнім змроку, загучала зноў, але ўжо мацней, балючай, на многія галасы: