Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Няма таго міленького,

Што я палюбіла…

Ганна заспявала разам з усімі, заспявала звыкла, не думаючы асабліва пра словы песні, — даўно-даўно была знаёмая Ганне гэтая песня. Але не даспявала дзяўчына і першых слоў, як яе знянацку ўразіў новы, нязнаны сэнс іх, такі блізкі, такі балючы:

Няма таго міленького!

Абуджаныя гэтымі словамі сум, крыўда зноў ажылі, горкай хваляй падступіліся к горлу…

Няма яго, дай не будзе,

Паехаў у Адэсу…

«Паехаў… Павялі ў Юравічы…» — Ганна ў вялікім наплыве журботы змоўкла, сціснула губы, слухала так, як бы гэта была і не песня, даўняя, чужая, а яе скруха, яе бяда. Калі яна маркотна далучылася да ўсіх, здалося, што не спявае яна, як раней, як усе, а нібы думае ўголас, гамоніць з сабою:

Плачце, вочы, плачце, кары, —

Така ваша доля.

Палюбіла казачэньку,

Пры месяцы стоя…

У гэты час перад гуртам дзяўчат і хлопцаў зацямнела некалькі постацей, і зухаваты, не ў меру радасны голас убіўся ў песню, перарваў яе.

— Хто тут каго палюбіў?

«Корч прыпёрся», — пазнала Ганна і раптам пачула, як усхвалявана трапеча прытуленае да яе Хадосьчына плячо.

— Яўхім! — шчаслівая, прашаптала Хадоська.

Другая постаць паздароўкалася далікатна, ветліва, і Ганна пазнала Яўхімавага брата Сцяпана, які вучыўся ў Юравічах у школе.

Сцяпан сціпла прысеў на бервяно, а Яўхім, схіліўшыся, стаў узірацца ў твары дзяўчат. Паказытаў адну, жартам звонка цмокнуў перад другой, абышоў, абгледзеў, хто сядзеў тут, спыніўся перад Хадоськай.

— А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў ён весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабацінкамі.

— Якая е! — знарок непадступна строга адказала Хадоська, млеючы ад чакання.

Яўхім спакойна, упэўнена абняў яе за плечы і тады заўважыў побач Ганну. Ён выпусціў Хадоську, прамовіў стрымана:

— А, і Чарнушка тут! Прыйшла!

— Можа, папытацца трэ було?

— Пытацца няма чаго, месца хапае! Не цесно!.. Толькі ж даўно нешта не было відаць!

— А табе што, карцело?

— Па праўдзе сказаць, не дужа. — Ён зарагатаў.

Ганна, якую зачапіў гэты, здалося, нядобры рогат, заўважыла, што дзяўчаты і хлопцы прыціхлі і прыслухоўваюцца да іх. Яўхім усюды выклікаў да сябе ўвагу: відны быў хлопец, з норавам, паважалі і пабойваліся яго — мала хто з дзяўчат адважваўся пярэчыць. Ведалі ўсе, што і ў Ганны — характар, не саступіць. Маўчалі, чакалі, што будзе.

— А я цябе — дак з ранку да вечара выглядала! — лагодна, з прытоенай яхіднасцю сказала Ганна.

— Ну? Вот не знаў! — у тон ёй здзівіўся Яўхім.

— Шкада! Вельмі ж бо трэба було!..

— Няўжэ? Нашто?

— Вераб'і насядалі на жыто, кеб на іх немач! Пужаць не було каму!

— А Дзятлік — хіба не мог? — падчапіў Яўхім.

— Не баяліся яго! Чуб не такі!

Хтосьці з дзяўчат прыдушыў смех. Уцэліла Ганна! Лепш нельга было ўцэліць: Яўхім сваім чубам ганарыўся, фарсіў ім, чуб быў яму святой мужчынскай красою. І вось з красы гэтай — такі здзек!

Яўхім на момант як бы анямеў ад гэтай абразы. Усе чакалі, што ён выбухне злоснай лаянкай, можа, ударыць Ганну, але ён нават не варухнуўся.

— Часу, пэўне, у Дзятліка не було, — сказаў ён як мог спакойна. — Ён жа ўсё па начах… То з дзеўкай, то — шчэ з кім!

Тут ужо Ганна не адразу знайшла, што адказаць.

— Шчэ невядома, ты з кім… — пачулі ўсе як бы пагрозу.

— Я — з такімі, як ён, не ваджуся. Я — з людзьмі.

— Людзі розныя буваюць!..

— Па загуменнях не хаджу!

Яўхім кінуў апошнія словы так, што ўсе адчулі: яму надакучыла гэтая нудная, непатрэбная гаворка. Ён зноў весела абхапіў рукамі Хадоську.

— Канаплянка! Мяккая ты, як булка Ёселева! — Яўхім зарагатаў.

— Шчэ што скажаш! — задаволена запярэчыла Хадоська.

— Магу і шчэ сказаць! Хочаш — скажу?

— А што?

— Хадзем ка мне ў свіран!

— Чаго ето? Сказаў!

— Просо таўкці!

Хлопцы засмяяліся. Хадоська паспрабавала вырвацца, але Яўхім не адпусціў яе, з лагодным дакорам сказаў, што не трэба ж быць такою ганарліваю. І пасмяяцца нельга — ён жа і не думаў крыўдзіць яе, проста язык з нуды пачасаць хацелася. Слухаючы яго добры, вінаваты шэпт, Хадоська перастала рвацца, пакорліва схіліла галаву.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: