Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— А ёсць, та-скаць, ізвесція, — не адстае Руды, — што гоняць іх, генералаў етых, да мора, і як дагоняць, следавацельно — патопяць усіх да аднаго…

— Патопяць… — Сцяпан Уласавіч расшпільвае замурзаны кажух, з-пад якога выглядае зрэбная пафарбаваная сарочка, — горача ад куранёўскага палітыка!

— І няхай топяць! — весела ўрываецца ў гаворку Міканор. — Табе хіба шкода? — смяецца ён Рудому, відаць, хоча памагчы настаўніку.

Але Андрэй жартаваць не збіраецца, глядзіць у адказ холадна: не лезь, куды не просяць.

Аднак тут у гаворку ўступае Чарнушка:

— Дай ты чалавеку перадых! Прыстаў з етым сваім Кітаем! Кітай ды Кітай! Тут і са сваім, не то што з Кітаем, няма як разабрацца. От, дай рады, Сцяпан, — сажа ярыну аж губіць. Праўда, што кеб сінім каменем пратравіць, дак можно б выбавіцца?

— Можно — сінім каменем, — ажывае настаўнік, — а можно — фармалінам. Памагае добра…

У купцы жанчын, што ціснуліся каля ложка, гамонка ішла такая ціхая, што збоку амаль нічога не было чуваць. З гэтага неразборлівага гуду час ад часу вырываўся задзёрысты галасок гаварлівай удавы Сарокі, дужай, вяртлявай жанчыны, якая, перамаўляючыся, кідала вострыя позіркі на мужчынскія купкі, на ўсё, што ні рабілася ў хаце. Вочы яе проста бегалі, лавілі, праглі — чаго-небудзь цікавага! Такая ўвага да навакольнага зусім не замінала ўдаве сачыць за жаночым шапятаннем, разам удзельнічаць у гаворцы. І трэба сказаць, што ўдзел гэты не быў абы-які, фармальны. Часта цётка Сарока забівала сваёй гаворкай астатніх чатырох, якія нямелі ад патоку дасціпных прымавак і жартаў. Прымаўкі вязала яна лёгка, спрытна, без утомы, адкуль толькі і браліся!

Таму, хто пазіраў за імі збоку, гаворка ў жанок магла б здацца такой, як бы там рыхтавалі нейкую змову ці, па крайняй меры, давяралі адна адной сакрэты надзвычайнай важнасці. А сакрэты былі такія, што ў Грыбка цяліцу нехта ўракнуў і яна ні есці, ні піць не бярэ; што Міканорык Дамецікаў з пошты прынёс газету, а ў той газеце прапісана — цераз тыдзень будзе зноў вайна з палякамі; што Ганна Чарнушкава ўжо і глядзець на Дзятлікавага Васіля не хоча…

— Картоплю з гуркамі топча, а ўжэ не хоча якога хлопца! Давай караля з заморскага карабля!

— Завідкі на дабро глушакоўскае ўзялі! Мачыха, пэўна, падгаворвае!

— Не мачыха! Пасварыліся яны, Васіль і Ганна! — запярэчыла Хадосьчына маці.

— Аге, пасварыліся! А чаго?

Цётка Сарока толькі сабралася выказаць прычыну, як у купку ўбіўся гарэзны Зайчык, закруціўся, чапляючыся да кожнай, быццам лезучы цалавацца.

— Дзевачкі мае, кветачкі! Занудзіліся, мабуць, без кавалера!

— Аге ж! Трэба ты нам, стары пень, як учарашні дзень!

— А не, не трэба, Сарока-белабока? А чаго ж ты, як на людзях, дак «стары пень», а як адны пабачымся, дак і «кветачка» і «ягадка»! — Зайчык перабіў Сароку. — Шчэ і ў восець нанач звала!

Мужчыны, хлопцы, усе ў хаце глядзелі цяпер на Зайчыка, смяяліся, падначвалі яго і Сароку.

Цётка ўпікнула:

— Дзяцей поўны хорам, а сам, як малы — і не сорам!

У Зайчыка дзяцей і праўда — поўная хата, голыя, галодныя, і сам ён хваравіты, худы, аж шчокі ўваліліся, кажух такі, што і латаць няма чаго — дзірка на дзірцы, на спіне, на рукавах, усюды тырчыць поўсць. Але нішто як бы і не турбуе — скінуў з лысай галавы шапку, лезе, дабіваецца ад Сарокі: чаго ж запрашала ў восець?

Падурэўшы з Сарокай, уваліўся раптам у гурток дзяўчат — адну абняў, другую цмокнуў у шчаку, некага ўшчыкнуў. Сярод дзяўчат ускінуліся крыкі, па Зайчыкавым кажусе запляскалі кулакі. Пад крыкі гэтыя выбраўся на волю, крывячыся, паказваючы, як баліць: вельмі ж пабілі, піскухі!

Прыстаў да хлапечага гурту:

— Які ето дурань будзе браць сабе такую пагібель у хату?

— А мы і не возьмем! Не будзем жаніцца! — заявіў весела Хоня.

— Не жаніцеся, хлопчыкі!

— Не будзем! Цвёрдае слово сказалі!

— Бацько і матка! Ты глядзі, ці пойдзе шчэ каторая ў твой кагал! Такую чараду глядзець!

— Сам дагледжу!

Васіль сядзеў між хлопцаў каля дзвярэй, але амаль не слухаў ні таго, пра што яны гаварылі раней, ні таго, аб чым жартаваў цяпер з імі Зайчык. Нават дружны іх рогат не выводзіў яго з таго стану насцярожанасці, з якім ён увайшоў сюды. Васіль упершыню пасля турмы быў на такім вялікім зборышчы, лавіў на сабе цікаўныя позіркі, бачыў, як жанчыны нядобра перашэптваюцца аб ім. Да таго ж да яго дайшло, што сёння будзе гаворка і пра перадзел зямлі. Гэта павінна было як бы напомніць людзям пра яго віну, і ён баяўся, — магло пры перадзеле пашкодзіць яму. Гэты неспакой яго мяшаўся з неадступным, насцярожаным чаканнем, што вось-вось можа ўвайсці ў хату Ганна. Ён чакаў яе, трывожыўся. Даўно, ледзь не адразу ж тады, як пабачыў, што няма Ганны, заўважыў, што няма не толькі яе, але і Карча Яўхіма! Ці можна было яму не думаць, што яны недзе разам!

Ужо было ледзь не поўна ў хаце, калі ў купку каля дзвярэй уціснуўся з сянец першы Яўхімаў прыяцель, здаравенны і дурнаваты Ларывон, вялікі ахвотнік выпіць, а выпіўшы, пабіцца. За Ларывонам Васіль адразу ж убачыў Яўхіма. Ледзь толькі ўбачыў — пачуў, як раптам стала горача, аж млосна, хутчэй адвёў позірк убок. Не мог глядзець на ненавісны твар.

Але і не пазіраючы, бачыў, які ён вясёлы, задаволены, і ад гэтага ў грудзях ныла.

— Раздайся, машкара! — загадваў Ларывон, рассоўваючы ў бакі хлопцаў. Плячысты, з чырвонай шыяй, па-бугаінаму выгнутай галавой, ён цяпер вельмі апраўдваў сваю мянушку, якой яго паціху хрысцілі людзі: Бугай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: