Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

З той жа неадольнай апантанасцю, у якой усе трывогі і надзеі былі з Ганнаю, ён стаў раз-пораз паглядваць туды, дзе аб нечым гаварыла з Хадоськаю гэтая ганарліўка. У нейкі момант іх позіркі сустрэліся, але яна адразу ж адвяла вочы…

Дым цыгарак вісеў так густа, што лямпа пачала хліпаць, калі Грыбок аб'явіў, што ад воласці пра грэблю скажа таварыш Апейка. Але Апейка і слова не ўправіўся прамовіць, як Хоня крыкнуў:

— Грэбля грэбляю, няхай бы сказаў хто — што з Маслаком?

— А то гавораць, гавораць, грэц яму, а толкам ніхто не ведае…

— А што гавораць? — ухапіўся Апейка.

— Ну, нібыто яго… пацерабілі нібыто… — няўпэўнена адказаў Ігнат.

— Пабілі, — знарок спакойна кіўнуў Апейка. — Добра пабілі. Трох палажылі, а пяцярых жывымі ўзялі, арыштавалі… Я таму і запазніўся сягоння — на допыце быў…

Васіль аж перастаў дыхаць: вось дык навіна! Вестку гэтую чуў ён упершыню, чуткі неяк абышлі яго, і навіна ўразіла хлопца незвычайна. І як яна магла не ўразіць, калі столькі папакутаваў з-за гэтай поскудзі з абрэзамі, калі яна, можна сказаць, свет яму закрыла! Даскакаліся, значыцца, гады! Атрымалі сваё! Тут жа ўслед за радасцю паявілася клопатнае: а можа, яны і пра Курані, пра яго што гаварылі?

— Мы, праўда, насціглі не ўсю зграю. Некалькім пашанцавала пакуль — у другім месцы былі…

— А з Маслаком што? — зноў крыкнуў Хоня.

— Маслака забілі, — адказаў Апейка.

У хаце загаманілі з палёгкай. Хоня перабіў гоман:

— А тых, што вылузнуліся, багато?

— Чалавек сем яшчэ. Але і іх чарга недалёка. І ім нядоўга бегаць па волі.

— Даўно трэба було! — голасна папракнуў Хоня.

— Трэба было. — Апейка памаўчаў момант. — З усімі скора кончым. Нам трэба жыць. І думаць пра тое, каб жыць лепей. Як вясна, ці восень, ці мокрае лета — да вашых Куранёў ні дайсці ні даехаць. І з Куранёў таксамо — нікуды. Свет канчаецца за ўзбалоткам. Свету не відаць. Праўду я кажу?

— Ісцінную праўду, так сказаць! — пацвердзіў Руды Андрэй.

Большасць людзей маўчала, чакалі, што будзе далей. Апейка пайшоў у наступ:

— Праўду. Сам не адкуль-небудзь, а з такога ж балота… Солі ці запалак трэба — дык лезь, грабіся па твані, пакуль да кааперацыі дападзеш!.. Краму дастаць — таксама грабіся, калі не запасся зімой ці летам… Або от тут пра школу казалі. Канешне, якая ж тут школа дзецям, калі цэлымі месяцамі ні праехаць ні прайсці! Ды і хто, шкадуючы сваё дзіця, пусціць яго, можа быць, на пагібель… — Апейка пачуў гоман згоды: дайшло слова да людзей. Загаварыў гарачэй: — Гэта не наша віна, а наша бяда, што лёс занёс нас на балоты. Што твань адарвала нас ад другіх сёл, ад гарадоў, ад свету. Мы жывём, як звяры. Але і звяры ходзяць з лесу ў лес. А чалавек не звер, чалавек не можа жыць без людзей. Чалавеку патрэбен свет цэлы. І таму нам трэба змагацца з бядой нашаю! Трэба прарваць балотнае акружэнне, звязацца з другімі сёламі! Трэба, каб у любы час, днём і ноччу, вясной і ўвосень, можна было ісці і ехаць куды хочаш: у краму, у школу, к сваякам!.. Адным словам, трэба, каб чалавек жыў як чалавек, а не як звер!.. Вось чаму наш урад аб'явіў вайну бездарожжу і заклікае, каб вы таксама ўступілі ў яе. — Апейка акінуў позіркам некалькі твараў, як бы чакаючы ўхвалы, чакаючы добраахвотнікаў для гэтай вайны, але куранёўцы адно адводзілі вочы. Хоць і ведаў, што гэта значыла, дакончыў упэўнена, з надзеяй: — Я прапаную між Куранямі і Алешнікамі збудаваць грэблю!

Як і думаў, хвіліну было ціха. Потым Сарока пацікавілася:

— А хто яе будзе будаваць?

— Хто?! Самі!

— Аге! Лёгко сказаць, ды — далёка дыбаць!

Па хаце пайшоў гоман:

— Тут і без таго: куды ні кінь — клін!.. Етаго шчэ толькі і не хапало!..

— І без таго, як уюн, круцішся!

— Не мела, грэц яго, баба клопату!..

— Столькі сілы ўпяць! Перарвацца! Коней замучыць!

— Мароз сам зробіць грэблю!

— Як ток, нібыто замуруе! Хоць малаці!

— Няхай той робіць яе, каму трэба! Не мужыцкая ето справа!

— Уласці трэба, няхай і будуе!

— Жылі, тым часам, і так! І нічого!

— Бацькі і дзяды звекавалі! І мы — не горай!

— Не прападзем!

Недарэмна адклаў Апейка ўсе свае справы ў валвыканкоме, дабраўся ў гэтую глухамань: узросшы сярод такіх жа, як гэтыя, людзей, загадзя прадчуваў, як яны могуць прыняць, здавалася б, такую добрую і такую патрэбную ім прапанову.

Дубадзел махаў рукамі, уціхамірваў:

— Грамадзяне куранёўцы!.. Грамадзяне!.. Ето ж не базар!.. Грамадзяне, прашу!..

— Дзядзькі! І цёткі! Ей-бо, перад чужым чалавекам! — памагаў яму Грыбок.

— Ціхо! Дайце сказаць! — уламіўся дужы, рашучы Хонеў голас.

— А чаго тут маўчаць! Чаго тут хавацца!

— Праўду трэба казаць!

— Не трэба яна, етая грэбля! І ўсё!

— Як пятае калясо!

— Абыдземся!

— Дайце сказаць чалавеку!

Не першы раз бачыў Апейка — на добрую, карысную для сябе справу людзі не хацелі даваць згоды. Не хацелі, ён ведаў, часткова таму, што яна парушала спакой, звыклы, надзейны, цягнула лішнія клопаты і невядомасць. Але гэтаму нехаценню была і іншая прычына: так ужо вялося — усякая новая справа выклікала тайнае ці яўнае недавер'е. Нібы загадзя вядома было, што нехта на гэтым добрым неяк выйграць мяркуе, нехта іншы, а не яны…

Апейка ведаў, адкуль гэтае недавер'е, заскарузлае, учэпістае, як балотнае карэнне. Ён не цешыў сябе надзеямі-падманкамі: не за дзень, не за год урасла ў людскія душы гэтая падазронасць — не за дзень і не за год выкараніш яе. Таму ён тут, на сходзе, не толькі не паддаваўся якому-небудзь расчараванню, але нават і не здзіўляўся. Не здзіўляла яго і тое, што ім так шкада было затхлага спакою: той, хто век жыве на балоце, не мог не прывыкнуць да ядавіта-зялёнага хараства раскі…

Апейка стаяў, моўчкі слухаў гамонку, чакаў: няхай пагавораць, адвядуць душу, астынуць. Астынуць — будуць слухаць разважна. Да таго ж Апейка пачуў і два-тры галасы, якія ўхвалялі думку пра грэблю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: