Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Але і з Міканорам Канапляначка не павесялела: ішла ў кароценькім кажушку з чорным барановым каўнерыкам, у акуратных лапціках і белых анучках, амаль да кален аперазаных аборкамі; быццам бы і слухала Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Як дайшлі да яе хаты, Міканор вольнай рукой узяў за Хадосьчыну дробную ручку, хацеў затрымаць каля варот — такая лагодная цішыня ляжала над сялом, так мякка кружыўся снег, таяў на твары, бяліў яе каўнерык! — але Канапляначка ўзяла руку, пакруціла галавою: не, няма чаго стаяць!

Нічога не змянілася і ў другі вечар: ішла побач, а нібы не бачыла і не чула яго, была недзе далёка, з нейкім другім. Яшчэ да таго, як дайшлі да Хадосьчынай хаты, Міканор перастаў жартаваць, забаўляць: чаго гаварыць глухой! Яму стала нудна. У трэці раз ён сам не пайшоў з ёю…

Цікавей было ісці з Чарнушкавай Ганнай, якая хоць і кпіла то з яго армейскага хараства, то з яго заляцанняў да Хадоські, але ж чула, бачыла яго, была дасціпная, вясёлая. Было б з ёй зусім добра, калі б па абодва бакі Ганны не ішлі хмурны, насцярожаны сусед Васіль, што амаль увесь час цяжка маўчаў ды з падазронасцю прыслухоўваўся, і — гаварлівы, упэўнены, нахабны Яўхім Глушак. Яны тапталі снег побач, і Міканор чуў, увесь час чуў, што Ганну, хоць яна і гаворыць больш з ім, хвалююць папраўдзе толькі яны. Да Васіля Ганна ласкавейшая, не тоіць, нават нібы знарок паказвае, што горнецца да яго, аднак Глушака гэта ні трохі не бянтэжыць, не збівае яго то ліслівай, то нахабнай упэўненасці. Ён нібы цвёрда ведае загадзя, што, як бы там ні было, удача дастанецца яму…

«Ну і задавака, ну і нахаба! — падзівіўся, зазлаваў Міканор. — Дзержыцца, як бы роўнаго яму нікого няма, багацей паганы!.. — Ён пагразіўся думкаю: — Пахадзі, пахадзі шчэ — прыгнем пысу тваю к зямлі, род увесь ваш паганы к зямлі прыгнем, карчоўскае насенне!..»

Але хочаш не хочаш — трэба было прызнацца, што і тут, каля Ганны, хадзіць яму няма чаго. Ён тут ужо не тое што трэці, а — чацверты лішні!

«Не шанцуе мне — не сакрэт — па етай часці! — вывеў, нібы падсмейваючыся з сябе, Міканор. — Па ўсяму відаць, перамяніць цэль трэба!..» Аднак, хоць і цяпер хадзіў на вячоркі, як і раней, амаль кожны вольны вечар, праводзіў ужо каго давядзецца…

У іншыя вечары і вольныя дні бавіўся ў гурце прыяцеляў — найчасцей з Хонем і Алёшам Губатым. Калі сыходзіліся ў цёмнай і такой нізенькай, што верх Міканоравай будзёнаўкі чапляў столь, хаце адзікага куранёўскага гарманіста, Алёша звычайна выцягваў са скрыні беражліва загорнуты ў матчыну хустку гармонік. Садзіўся ён заўсёды на адзін і той жа ўслончык, між сталом і скрыняю, заўсёды, пачынаючы іграць, прыкладваў галаву вухам да гармоніка. Пачынаў Алёша часцей за ўсё з песень, і песні любіў найбольш сумныя, жаллівыя. Асабліва шчыра, журботна іграў і спяваў Алёша песню пра бедака-салдата. Вялікай тугою бралі не вельмі чулае Міканорава сэрца словы-скаргі:

Ізмучаны, скалечаны

Крывавай той вайной,

З адной нагой аторваной

Гранатай праклятой…

Да ціхага хрыплаватага спеву далучыўся звонкі і чысты Хонеў галасок, і скарга-боль як бы стала шырыцца, мацнець, ірвацца з хаты, у свет:

Ідзёт бядняк дай думае,

Кружыцца ў галаве.

Зачым, зачым я ўбіт не буў

Ў крывавай той вайне…

Зачым прыйду калекаю

Ў радзіцельскі свой дом,

А там сям'я галодная,

А я — лішон трудом…

Міканор бачыў, як — мабыць, не ў першы раз — каля печы Алёшава маці выцірае слёзы, як сумная ціснецца да падаконніка немаладая Алёшава сястра, як дыміць люлькаю, спусціўшы ногі з печы, яго бацька. Ды і сам Міканор чуў сябе растрывожана, спачуваў бедаку-калеку, якіх столькі перабачыў і ў Куранях, і ў Мазыры…

— Давай што весялейшае! — не вытрываў смутку першы, крыкнуў Алёшу Хоня.

Міканор і рота не паспеў адкрыць, каб падтрымаць таварыша, як Алёша спрытна пабег пальцамі па гузіках на гармоніку, даў «барыню». Хоня гэтага толькі і чакаў — ускочыў з услона, ссунуў шапку яшчэ далей на макаўку, тупнуў лапцем, — эх, шкада, падлога была земляная, — крыкнуў гарэзна, зазыўна і дробнай чачоткай пакіраваў на сярэдзіну хаты. Тупаў лапцямі, ківаўся ўпрысядку, ускокваў, круціўся, падганяў:

— Давай, давай! Не шкадуй гармоніка!

Ён вярнуўся к услону, к Міканору, змораны нашчэнт, — соп важка, выціраў шапкаю змакрэлы, учырванелы, шчаслівы твар. І Алёшава маці ад прыпека, і бацька з печы хвалілі яго, ён і сам ведаў, што хваліць ёсць за што, але сядзеў сціпла. Сціпла ж, пасміхваючыся з сябе, сказаў:

— Було б на што добрае такая ахвота!.. От кеб рабіў так!

— І на работу ж — не зломак! — запярэчыла Алёшава сястра.

— Зломак не зломак, а пагуляць люблю. Болей як трэба!..

Згадваючы потым, на адзіноце, песню пра калеку-салдата, Міканор раптам пачуў, што яна ўжо як бы і не падабаецца. Не такая яна і добрая: вельмі ж багата ў ёй плачу, слёз. «Усё ные і ные, бы выстарцаваць скарынку хлеба хоча. Не савецкая песня, царскага рэжыму шчэ, відно. Не перадавая песня, не сакрэт…» Пачуўшы песню ў другі раз, Міканор, хоць і ведаў, што Алёша можа пакрыўдзіцца, не прамаўчаў, бязлітасна ўрэзаў праўду-матку пра песню. Алёша, як і чакаў Міканор, пачырванеў, пакрыўдзіўся, было відаць, моцна; адразу ж з выглядам чалавека, якога вельмі абразілі, сабраў, зняў гармонік з пляча, стаў загортваць у хустку.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 51
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: