Шрифт:
— Пагуляў добра! Не пашкадаваў зяць гарэлкі!..
— І вас не пашкадаваў, мабуць! — адгукнуўся сумна Міканор.
— Я — што? Чаго мяне шкадаваць?.. От што ты сястру не ўважыў, Вольга шкадавала!.. І чалавек яе пакрыўдзіўся…
— Нічога, уважу! Не канешне — на вашаго п'янаго Мікалая! — сказаў Міканор.
І от зноў ішло. Як нейкая рэлігійная эстафета: ці даўно мінуўся той святы Мікалай, а ўжо блізка былі Каляды; з кожным днём набліжаліся, усё больш поўнілі Курані сваім клопатам. Чым бліжэй падступалі, тым больш брала Курані як бы ліхаманка. Як ні злаваў Міканор, а бачыў — ліхаманку гэтую не толькі не гналі, як хваробу паганую, а проста-такі рады былі ёй; к дурной папоўскай выдумцы — Калядам — не ішлі ціха сабе, з пакоры перад папом, царквою, а — спяшаліся, з ахвотай, з нейкай вясёлай нецярплівасцю! Як бы там і праўда — свята сапраўднае было! Нібы навыперадкі адзін перад адным, хапаліся дарабіць усё па гаспадарцы, — запасаліся на святы: везлі, складвалі ў хлявы сена, калолі дровы. Запасаліся не на дзень, на два — на ўсе Каляды, на два тыдні: у Каляды, па папоўскаму закону, нічога рабіць няможна, грэх!..
Зіма нібы прыяла Калядам. Халады дала ядраныя, дужыя. Раніцы ўставалі ружовыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах, на галлі дрэваў. Куранёўскія двары, уся вуліца поўніліся звонкасцю: звонкімі галасамі, звонкім іржаннем і рыкам, звонкім крэктам варот. Дымы над куранёўскімі хатамі стаялі ў ружовым небе, як лес…
Сонца амаль не меншыла холаду: твар шчыпала, калола тысячамі дробных іголак. У полі грудзі аж захлыналіся ад чысціні, ад холаду не тое што цераз світу, але і цераз добрую чуйку мароз неўзабаве сцінаў усё цела. Толькі і ратунку было саслізнуць з саней ды патрухаць услед, прытоптваючы, бы ў скоках. І ў лесе, і каля стагоў рабілі, але пакуль вярталіся, устывалі так, што потым, як казаў Чарнушка, студзіла і на гарачым чаране.
Ночы былі светлыя, такія ціхія, што, калі Міканор прыходзіў з вячорак, душу таміла самота. Самота чулася мацней, калі пракідваўся сярод ночы і — спачатку ў дрымотнай няцямнасці — слухаў, як цераз цьмяны, марозны роспіс шыб прасочваецца галоднае выццё ваўкоў, што кружылі ў халодным полі і ў голых зарасніках вакол Куранёў. Неспакойны сон ноччу не раз перабівалі гулкія ўдары абухом — мароз калоў бярвенні…
Мусіць, не было ў Куранях такой хаты, дзе б не думалі, не дбалі пра Каляды. Хочаш не хочаш, давялося думаць пра іх, дбаць і Міканору; але дбаў Міканор аб Калядах так, як, напэўна, ні адзін другі куранёвец за ўсе гады, як стаяць тут гэтыя старыя хаты. Не было, мабыць, такой гаворкі, такой сустрэчы, дзе б пры зручнай нагодзе, а то і без такой нагоды — па-вайсковаму, без далікацтва — не біў Міканор па Калядах. Дзе толькі мог, вучыў людзей, рэзаў праўду: Каляды гэтыя — забабоны з цемнаты, опіум папоўскі, рэлігійная выдумка.
Васіль-сусед, з якім Міканор такую гаворку зачапіў каля калодзежа, толькі коса, спадылба паглядзеў ды з вядром хутчэй парыпаў лапцямі да хлява. Хоня ж, калі ўрэзаў такое Міканор у Алёшавай хаце, не толькі не набычыўся, але нібы ўзрадаваўся: вядома — выдумка, глупства, выгаднае папам. У хаце, акрамя іх траіх, не было нікога, і за Хонем лёгка згадзіўся з Міканорам Алёша…
Іншыя хлопцы і дзядзькі хто спрачаўся, хто, хоць і не вельмі пэўна, ківаў галавою, хто — такіх было найбольш — перамоўчваў. Вельмі, вельмі часта Міканор у гэтых гаворках спатыкаў абыякавасць: чаго тут гаварыць, чаго мудрагеліць, як бы чуў ён! Таму гаворкі такія хутка ж вельмі гаслі, танулі між іншых жыццёвых меркаванняў і разваг. Гарачэй на размову пра Каляды адгукаліся дзяўчаты і жанкі, але тыя ледзь не ўсе люта кідаліся на Міканора, строга судзілі. Думаць не хацелі, як бы баяліся, што думаць — ужо грэх! Толькі Ганна Чарнушкава — запомнілася Міканору — не божкала, не пужалася; не пужалася, слухала, але з якім недавер'ем, з усмешачкай якой!
Усё ж і тое добра, што слухала: паслухала, можа, калі і падумае! Неспакойнае, разумнае ў вачах яе заўсёды бачыў, от што цешыла і радавала Міканора, асабліва ў гэтыя дні, калі так расчаравала яго Хадоська. Хадоська, пра якую ён нядаўна думаў, што ёй скора і ў камсамол дарогу можна будзе даць, аказалася ні трохі не лепшай за Васіля Дзятла. Гаварыць не дала не толькі пра Бога, а і пра папоў, пра папоўскія хітрасці. Ясна стала Міканору, што такому чалавку не тое што ўперадзе, у першых радах, а ў і тыле невядома як плесціся давядзецца!..
Мала калі выпадала Міканору столькі расчаравання, як у гэтыя дні. Колькі ні стараўся, а перадсвяточная вясёлая ліхаманка ў Куранях не толькі не ападала, а — было чутна — усё мацнела. У гэтую ліхаманку ўсё часцей упляталі свае роспачныя, перадсмяротныя галасы парасяты, свінні, авечкі, якіх калолі і рэзалі каму можна было і каму няможна. Не было такога дня, каб не чулася ці з аднаго, ці з другога хлява спалоханага бэлькання ці пранізлівага віску, каб не чырванеў ці на адным, ці на другім агародзе за хлявом вясёлы агеньчык, не плыў угару дым. Цэлымі днямі яшчэ нядаўна марозна-чыстае паветра поўнілася пахамі дымнага смуроду, паленай шчаціны, падсмажанай свінячай скуры.
«От жа дзікасць! — злаваў Міканор. — Зубы заўтра не адзін на паліцу пакладзе, а — не думае, не беражэцца! Усё пад нож пусціць гатоў для дурного свята!..»
Учора дакараў суседа Васіля, які свежаваў авечку, а сёння, як ні стараўся аберагчыся, пошасць улезла ў хату к самому. Вярнуўшыся ад Грыбка, з якім хацеў пагаварыць, каб падвезці яшчэ галля на грэблю, убачыў раптам, што бацька каля прыпека точыць аб цэглу шыла. Нават каб не бачыў, як нахмурыўся бацька, як адвёў вочы ўбок, здагадаўся б адразу, нашто рыхтуе ён шыла. Але з гэтай бацькавай хмурнасці і ніякаватасці зразумеў Міканор яшчэ і тое, што без яго ў бацькі была з маткай нядобрая гаворка і што бацька саступіў…
— Усё-такі рашылі пакланіцца Богу? — не ўтрываў Міканор пасля нярэдкага ўжо ў хаце няёмкага маўчання.
— Не кажы, Міканорко! — адразу адгукнулася маці, нібы толькі і чакала гэтай гаворкі. — Трэба! Ты як хочаш думай, а — Коляды ето Коляды! Па-людску трэба з імі!
— Дак штоб па-людску — свіней канешне рэзаць?
— Трэба, Міканорко! Добрыя будуць Коляды, дак і ўраджай добры будзе, і худобе прыплод добры! Сабярэш патом нешто!
— Само расці ўсё будзе! Чакайце толькі!..