Шрифт:
Хоня першы кінуўся ратаваць надламаную дружбу.
— Нядобрая, ну няхай табе — нядобрая! А мне — дак падабаецца, за душу бярэ! Алёша шчэ так грае, так спявае — лепшай, здаецца, век не чуў! — Хоня пайшоў у наступ на Міканора: — А мо ў цябе лепшая е? Давай сваю лепшую, як не падабаецца етая! Пабачым!
— А магу і даць! — не саступіў Міканор.
— Давай, давай! Пабачым!
— Дак знаеш жа, як я спяваю…
— А мы ўсё адно разбяромся! Давай!
Міканор тым голасам, якім ён спяваў з аддзяленнем ці ўзводам, калі ішоў у страі мазырскімі вуліцамі, пачаў «Марш Будзённага». Узяў трохі высакавата і вельмі звонка, сарваўся і, абараняючы песню, сказаў:
— Аднаму яе трудно! Яна вельмі добра выходзіць, калі строй спявае!..
— Дай спяваць умее! — Хоня стрымаў усмешку. — А песня, дак і праўда, нічого, а, Алёша? — Алёша прамаўчаў. — Толькі, канешне, не таму спеваку дасталася! От кеб хто з людскім голасам узяўся за яе!
Хоня не адразу ўгаварыў Алёшу, але ўсё ж угаварыў: не быў бы то Хоня! Калі Алёша падабраў лады, калі заіграў як трэба, калі ўтрох за Міканорам сталі падпяваць, дык і Алёша крыўдаваць перастаў: песня і праўда была добрая. Разам з Хонем і Міканорам разоў дзесяць падрад ахвотна вялі, паўтаралі:
З неба палудзённага жара не падступі,
Конніца Будзённаго раскінулась ў сцепі…
Нібы самі імчаліся на быстрых конях цераз вецер нязнаных казачных стэпаў, дружна, нецярпліва звалі:
Кар'ерам, кар'ерам — давай, давай, давай!
Рота кулямётная, ў баю не адставай!
— Харошая песня! — пахваліў і Алёшаў бацька, які сам «некалі на вайне састаяў пры конях».
Алёшавы бацькі былі на ўсе Курані беднякі з беднякоў: Алёша, памагаючы ім, ахвотна хадзіў з гармонікам на ігрышчы і ў Алешнікі, і ў Мокуць, і разам з ім цяпер хадзіў усюды «Марш Будзённага». Міканорава песня скора разышлася па цэлай балотнай акрузе…
Калі збіраліся ў Міканоравай хаце дзядзькі, гаворкі ішлі найбольш разважныя, сур'ёзныя: аб важных падзеях у дамашнім быцці, аб падзеях у жыцці суседзяў, аб навінах — ці чутках — цэлага куранёўскага маштабу. Перамешваючыся з успамінамі і рознымі павучальнымі гісторыямі, да якіх пажылыя куранёўцы былі заўсёды ахвочыя і якія пераканаўча паказвалі, што і таму, хто іх казаў, давялося нямала пабачыць і зазнаць на вяку, — чуткі і навіны смела пераходзілі межы Куранёўскай рэспублікі, звязвалі дзядзькоў з Мокуццю, з Алешнікамі, з валасной сталіцаю. Гаворкі, падобныя на тыя, што карова ела нешта пагана і нейкая млявая, што Міця-ляснік прывалокся зноў у дым п'яны, змяняліся паведамленнем аб тым, якую новую паперу з воласці атрымаў сельсавецкі Дубадзел, усебаковым, грунтоўным абмеркаваннем яе. Чуткі пра тое, што дзеецца ў сельсавеце, няўхільна вялі дзядзькоў у воласць, уводзілі ў гаворкі-меркаванні Юравічы, Апейку, Харчава…
Няхай не так часта і не ўсе, найбольш Андрэй Руды і Міканораў бацька, зазіралі разважныя куранёўскія палітыкі і ў Менск, і ў Маскву, к самому Калініну, выбраліся ў шырокі, неспакойны свет. Было гэта амаль заўсёды, калі Міканор, падсеўшы бліжэй да комінка, на якім трашчала ў агні лучына, павольна і цяжка чытаў газету «Беларуская вёска», што прыходзіла з Менска.
З усіх навін, якія вычытваў Міканор, асабліва хвалявала тое, што робіцца за мяжой. Сваё было добрае, прыемнае — слухаючы яго, цешыліся, ад яго спакайнелі, — адтуль жа, з-за мяжы, часта ішло трывожнае, пагрознае, страшнае — вайна.
— Дакуль жа ето яно, грэц яго, будзе! — не ўтрываў, наслухаўшыся такіх вестак, Чарнушка. — Сычаць усе ды сычаць!
— Капітал, буржуазея! Без вайны, следавацельно, жыць не можа! — паясніў Руды. — З вайны, та-сказаць, сіла ўся ў іх, як у каня з аўса!
— Сіла-то сіла, ды адзін аднаго не вельмі ядзяць! — апярэдзіў Міканора Хоня.
Чарнушка і яшчэ некалькі дзядзькоў згодна заківалі, падтрымалі Хоню гоманам.
— Гад, та-сказаць, гада не любіць есці! — Руды пусціў з ноздры далікатны, тоненькі струменьчык дыму. — Класавая барба, як вучыў Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс.
— Няўжэ ж так, браткі, і будзе ўвесь век? Ето ж і да вайны недалеко! — не таіў трывогі Грыбок.
— Недалеко!
Тут ужо ўмяшаўся Міканор: яснасць поўную ў праблеме вайны і міру можна было зрабіць, толькі нагадаўшы моц савецкіх ваенных і марскіх сіл, якія ён цяпер нібы прадстаўляў у Куранях.
2
Не адзін раз уступаў ці ўрываўся Міканор у гаворкі, якія ўсё ж часцей высвятлялі не праблемы свету, а, калі можна сказаць, праблемы Куранёў. Праблемы гэтыя хвалявалі і здаваліся ніколькі не менш важныя, чым праблемы свету, — яны проста лезлі ў душу. Батата, багата што ў Куранях тачыла сумам і клопатам Міканора, непакоіла, трывожыла, абурала. Багата, багата што бачылася не такім, як трэба, як павінна быць.
Пачалося ўсё яшчэ тады, калі з Грыбком і яго калёсамі, якія знайшоў у Юравічах, вяртаючыся са службы, прабіваўся дадому. Калі лез, тануў у халоднай твані перад недалёкімі ўжо Куранямі, радасць вяртання, блізкай сустрэчы з роднай дамоўкай перамяшалася з няўчасным сумам. Сум гэты гнёў, калі ўгледзеў куцыя, слепаватыя хаткі пад чорнымі саламянымі і чаратовымі стрэхамі, калі зноў улез у амаль забытую гразь куранёўскай вуліцы. Пасля мазырскага бруку, жывой люднасці на вуліцах, прыпяцкага вясёлага прастору — як бы сплюшчаным, затопленым гразёю, дрымотным і балюча бедным убачылася дарагое сяло. Сум зашчымеў яшчэ горш, калі ступіў на свой ганак, у сенцы — якая ж яна крывая і гнілая, бацькава хата! І цесная, і цёмная якая!..