Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Ну, задачы. Складанне, дзяленне.

Паўз іх назад у гумно прашаргаў ботамі стары з маслёнкай, хутка, але востра, пільна зірнуў на сына, і ўсе прымоўклі.

— Значыцца, жыць там — непагано?

— Не-а. Можно жыць. Толькі адно, што коса глядзяць каторыя…

— Чаму?

— З багацеяў. — Ён пачырванеў, дадаў жорстка: — Кулацкі сынок!

Хадоська спачувальна ўздыхнула, але сказаць нічога суцяшальнага не паспела, бо ўбачыла, што на дарозе ад хлявоў паявіўся Яўхім, а за ім рабаваты хлопец Іван, які парабкаваў у Глушакоў, — вялі коней. Яўхім ішоў першы, трымаючы гладкага, агністага колеру каня на кароткім повадзе, сам такі ж гладкі, дужы, як конь….

— А што мне, трэба яно, етае багацце? — усхвалявана, з нечаканай крыўдай прамовіў Сцяпан. — Што, я яго нажываў? Ды па мне што яно е, што яго няма…

— Скажаце бо!

Яўхім быў ужо зусім блізка. Ганна, і не пазіраючы ў яго бок, чула, як ён падыходзіць, чула яго крокі, фырканне каня і ўсё больш насцярожвалася. Зноў успомніўся той вечар, яго праводзіны, але няёмкасці такой, як раней, ужо не было, мацней за ўсё брала насцярожанасць…

Яўхім, дайшоўшы да іх, дужай рукой прыпыніў неслухмянага каня, весела паздароўкаўся. Вольную руку падаў спачатку Хадосьцы, якая пры гэтым адразу паружавела, потым Ганне. Ён і знаку не паказаў, што між ім і Ганнаю было штосьці асаблівае.

Яўхім стаў толькі на хвіліну, адразу ж павёў каня к прываду. Калі ён запрагаў гнядога, з варот выйшаў стары, павёў вочкамі па хмурным небе:

— Матка калі ж будзе?

— Сабіраліся ўжэ…

— Абедаць трэба будзе, пакуль саберацеся!..

Халімон гаварыў ціха, роўна, але Ганна пачула, што ён вельмі недавольны. Стары Глушак, усе ў Куранях ведалі, любіў парадак, дысцыпліну і ўмеў стрымлівацца. Ніколі не ўзвышаў голасу.

— Пазаві! — ціха кінуў стары Сцяпану.

Але маці ўжо ішла сама. Убачыўшы старога, што стаяў і глядзеў на яе, здагадалася, напэўна, што запазнілася, адразу заспяшалася, пайшла ўподбег. Корч жа як стаяў, так і стаяў, глядзеў ёй насустрач, чакаў, аж пакуль яна не падышла.

— Будзеш са Сцяпанам коней ганяць, — сказаў Халімон загадным тонам. Ён мелькам зірнуў на Сцяпана і, не чакаючы ні ў сына, ні ў жонкі згоды, павярнуўся да Хадоські і Ганны.

— А вы к малатарні. У гумно.

Дзяўчаты пакорліва пайшлі за ім. Глушакова гумно здалося ім не ў меру светлым — і ток вельмі гладкі, чысценька падмецены, і смалістыя новыя плашкі як бы вымытыя. Акуратна абкораныя дубовыя сохі аж паблісквалі, а страха знізу нібы ззяла: жоўценькі паплёт, жоўценькая салома. Палавіна гумна была прасторная, пустая, у застаронку каля сцяны ляжала толькі купа саломы — другую старану цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Але самым важным, што асабліва прыцягвала ўвагу, што, можа быць, і надавала гумну святочнасці, — было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку — малатарня…

«Чырвоная, як тая скула, нарываючы…» — прыйшло раптам Ганне.

Стары ўзяў з кутка ля варот вілы, падаў Хадосьцы, сказаў, што яна будзе з Іванам адграбаць салому, а Ганне кіўнуў галавой наверх:

— Палезеш туды!.. Падаваць снапы…

— Не баішся? — спачувальна азваўся Яўхім.

— Чаго?

— Высоко! Галава кеб не закружылася!

Ён зарагатаў і ўраз абарваў смех, перахапіўшы строгі позірк, што кінуў бацька.

— Не на вячоркі пазваны… — прамовіў Халімон.

Яўхім паслухмяна прамаўчаў, паказваючы сыноўнюю пакору.

— Драбіну прынясі!

Яўхім кінуўся на двор. Стаўляючы драбіну к снапам, павёў вокам да бацькі, і калі ўбачыў, што той адвярнуўся, па-прыяцельску падміргнуў Ганне: не бойся, няма чаго!..

— Патрымай трохі, — папрасіла Ганна сяброўку, беручыся за драбіну. — Кеб я часам не забілася!

Драбіна ледзь даставала да верху і стаяла крута. Здавалася — вось-вось адарвецца ад снапоў, стане на момант роўна — і паляціць назад, і Ганна паляціць спіной на застаронак, на вострую яго агароджу з плашак. У яе халадзела ўсярэдзіне, але трэба было лезці і лезці, не марудзіць, бо там, унізе, чакаў стары Корч.

Ледзь яна з палёгкай стала на снапы каля сахі, рабаваты парабак падаў ёй вілы, схіліў набок, узваліў на плечы драбіну, Глушак крыкнуў к прываду пачынаць, і малатарня лёгка і звонка загаманіла. Ганна заспяшалася, падчапіла пад перавясла першы сноп, напружыўшы рукі, узняла і спусціла ўніз к мастку, дзе стаяў побач з бацькам Яўхім. Вілы, аднак, не даставалі да мастка, і сноп прыйшлося скінуць Яўхіму на рукі.

Яўхім, ухапіўшы сноп, мігам развязаў яго, падсунуў па мастку да бацькі, які ўзяў, звыкла разраўняў і пасмай пусціў на барабан. Барабан, што ашалела круціўся, прагна ўхапіў жыта, замалаціў па ім, задаволена, аж надрываючыся, засвістаў, завыў.

З гэтага часу Глушакова гумно было поўна гулу, ляскату, пылу, што разыходзіўся да сцен, падымаўся да Ганны, да вільчыка, вырываўся недзе ў расчыненыя вароты, у шчыліны. Ганна сноп за снопам падапляла на вілы, узважвала, кідала Яўхіму, які спрытна хапаў на ляту, клаў на масток. Позіркі іх час ад часу сустракаліся, Яўхім лавіў яе вачыма, ад якіх цяжка, немагчыма было ўцячы. Было ў яго вачах штосьці такое, што напамінала пра той вечар, ад чаго ёй зноў станавілася няёмка, трывожна. Яна старалася паказваць, што не заўважае і не разумее гэтага позірку, помніць цяпер толькі адно, хто яна і для чаго тут — работніца, парабчанка.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: