Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

Да таго ж вясковая культура па азначэнні не здатная ствараць эліты, а без нацыянальных эліт не можа быць сфармаваная нацыя. Улічым яшчэ і тое, што на пачатку ХХ стагоддзя беларускі горад прыкладна на 50 % складалі габрэі, на 20 % — рускія, на 17 % — палякі, і толькі ў астачы былі беларусы. Магчыма, на пачатку нацыянальнага паўставання гэта яшчэ і не ўсведамлялася, але з сённяшняй перспектывы добра бачна, што без этнічна беларускага горада ў нацыянальнага праекта не было выразнай перспектывы.

Наталля Правалінская: Калі і як адбыўся «захоп горада вёскай»?

— У канцэптуальным плане позна, вельмі позна, пасля таго як калгаснікам у 60-я гады дазволілі мець пашпарты і вёска татальна абрынула сябе ў горад.

Наталля Правалінская: Ужо ў 70—80-я гады этнічна горад стаўся пераважна беларускім, але ці стаўся ён беларускім у культурным сэнсе?

— Хутчэй наадварот. Вёска ў горадзе сістэмна вынішчала з сябе ўсё беларускае і татальна русіфікавалася, бо адно такім чынам яна магла падвысіць свой сацыяльны статус і тым самым палепшыць узровень ды якасць жыцця. І гэта цалкам натуральна, бо ўся сутва і традыцыя вясковай культуры скіраваныя не на саму культуру, а на жыццё як такое.

Наталля Правалінская: Дык хто ж усё-такі пераехаў у горад: вёска ці калгас?

— І вёска, і калгас. Дарэчы, хаця калектывізацыя спрычынілася да збяднення насельніцтва і татальных рэпрэсій адносна нічым не вінаватых людзей, яна разам з тым выявілася як магутны мадэрнізацыйны прарыў. Праз калектывізацыю за досыць кароткі час архаічная беларуская вёска ператварылася ў індустрыяльную вёску. Між іншым, апошняе не ў малой ступені падрыхтавала яе да пазнейшай адаптацыі ў горадзе.

У калгаса быў яшчэ адзін, безумоўна станоўчы момант. Вёска ўпершыню займела ўласнае кіраўніцтва з мясцовага люду: ад палявых брыгадзіраў, прарабаў, загадчыкаў фермаў, аграномаў і рахункаводаў да старшыняў калгасаў і раённага кіраўніцтва. Адным словам, праз калгас беларуская вёска пачала прыўлашчваць да сябе ўладу, якой у сваёй гісторыі ніколі раней нават не «каштавала». І калі яна перабралася ў горад, дзе патэнцыял уладных магчымасцяў быў непараўнальна большы, дык гэты першапачатковы досвед ёй вельмі прыдаўся, каб захапіць і горад, а пасля і краіну на ўсіх уладных узроўнях (ад кіраўніцтва сельсаветамі да кіраўніцтва дзяржавай) і ва ўсіх сферах — вытворчасці, эканоміцы, палітыцы, культуры…

Але тут выявіўся і адваротны, «пусты» бок медаля. Вёска, захапіўшы краіну, ператварыла яе ў адзін вялізны індустрыялізаваны калгас, дзе сёння дамінуе культура вясковага мыслення, якое аддае безумоўную перавагу сацыяльным каштоўнасцям, сярод якіх няма месца ўласна культуры — у тым ліку і мове.

Асновапалеглы прынцып улады вясковага чалавека гранічна просты — жыць і жыць як мага лепей. А ўсё, што палягае за анталагічным абсягам уласна жыцця, ён па азначэнні не можа ўключыць у праблематыку свайго дыскурсу. У тым ліку і праблематыку нацыі, як цалкам абстрактнай і таму не вартай ягонай увагі (і, адпаведна, ягонай адказнасці) падзеі.

Наталля Правалінская: Як доўга Беларусі ў сваёй унутранай сутнасці заставацца вясковай краінай?

— Мяркую, што ўжо не лішне доўга. Вёска выгадуе свае культурныя эліты, якія універсалізуюць яе як каштоўнасць, кананізуюць яе герояў і рытуалізуюць яе святы (ператварэнне лакальнага вясковага свята «Дажынкі» ў агульнанацыянальнае — самы яскравы прыклад). І вось гэтая універсалізацыя вёскі як каштоўнасці і будзе канцом вясковасці. Праўда, рэалізацыя гэтай схемы значна здэфармуецца тым канцэптуальным фактам, што свет імкліва баналізуецца, гэта значыць, што ва ўсіх сферах пачынаюць дамінаваць не высокія, а «папсовыя» крытэрыі і культуры, і самога ладу жыцця. Таму беларускія эліты, сфармаваныя на субстракце вясковай культуры, будуць фарматызаваныя не ў дыскурсе высокай, а масавай культуры. Вось такі парадокс нас чакае. Зрэшты, чаму «чакае»? Яго пазнакамі ўжо спрэс поўніцца наша сучаснасць.

Наталля Правалінская: Якое месца ў гэтым працэсе «класічных» нацыянальных элітаў, што сфармаваліся на платформе нацыянальнага адраджэння?

— Вёска не пусціць іх ні ў свае кабінеты, ні на свае канцэртныя пляцоўкі, ні ў свае анталогіі. Прынамсі, пакуль. Зрэдчас яна толькі будзе карыстацца іхнім творчым наробкам, але асабліва не акцэнтуючы ягонае паходжанне. Рэч у тым, што «класічныя» эліты трымаюцца ўсёй гістарычнай традыцыі гэтай зямлі, зафіксаванай у кніжнай культуры, а «вясковыя» — адно жывой памяці, якая не сягае далей Другой сусветнай вайны і, найперш, перамогі ў гэтай вайне. Карацей кажучы, паміж імі ментальная бездань памерам як найменей у тысячагоддзе…

Юры Дракахруст: Другая сусветная вайна адна і агульная для ўсіх, ці ў кожнай нацыі — у беларусаў, расійцаў, эстонцаў, габрэяў, немцаў — была свая вайна і яе нацыянальная ацэнка? Ці была тая вайна і перамога ў ёй — беларускай вайной і беларускай перамогай? Я дазволю сабе прывесці словы прэзідэнта Эстоніі Томаса Хэндрыка Ільвеса: «У нашай свядомасці расійскі салдат увасабляе дэпартацыі і забойствы, разбурэнне краіны, а не вызваленне. Адна група бандытаў — нацыстаў — была выгнана іншай хеўрай — савецкімі войскамі». 

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: