Вход/Регистрация
Архіпелаг Беларусь
вернуться

Акудовіч Валянцін

Шрифт:

— Будзем шчырымі. З даўніх давён улада духоўная і ўлада палітычная ў самых розных спосабах хаўрусаваліся паміж сабою, шукаючы асабіста для сябе выгады з гэтага хаўрусу. Але ў ХІХ—ХХ стагоддзях ужо канчаткова адбыўся падзел улады на духоўную і свецкую. Гэта была адна з буйнейшых цывілізацыйных падзеяў, якую еўрапейскае чалавецтва выпакутавала не адно стагоддзе і якая так дорага яму каштавала. І вось сёння кіраўнік краіны кажа: я спадзяюся, што Царква будзе адным з інстытутаў дзяржавы. Гэта значыць, што мы зноў радыкальна абрынаемся ў мінулае… Я рашуча супраць палітычнага хаўрусу Дзяржавы і Царквы, бо дастаткова выразна ўсведамляю, што рана ці позна, але гэты хаўрус нам вылезе бокам.

Валер Карбалевіч: Складваецца ўражанне,што Царква (зрэшты, як і інстытуты іншых культаў) выяўляе нейкае раўнадушша да вострых грамадскіх праблемаў, пазбягае іх закранаць. Грамадства са сваімі праблемамі існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю? Калі так, дык у чым прычыны такой з’явы?

— Царква — гэта стары, вельмі стары інстытут улады. Створаная ў зусім іншыя эпохі, яна праіснавала дзве тысячы гадоў і дажыла да нашага часу. Але ўжо страшэнна стамілася. Яе патэнцыялу цяпер хапае адно каб берагчы самую сябе. Да таго ж, калі ў пару традыцыйных грамадстваў яе існаванне было актуальным, бо палягала ў адным фармаце з тагачаснымі грамадствамі, дык у эпоху мадэрну, а асабліва — постмадэрну, Царква перастала адказваць на выклікі грамадства. Рэч у тым, што палітычная ўлада ў эпоху мадэрнасці змагла трансфармаваць свае базавыя прынцыпы (дэмакратызаваць іх), а схема функцыянавання Царквы засталася той самай. Яна сёння ёсць ні чым іншым, як жывым музеем дыспатычных эпохаў. Таму мы цяпер сапраўды маем сітуацыю, калі грамадства існуе само па сабе, а Царква — сама па сабе (і дзеля самой сябе).

Алег Абламейка: Апошнім часам у Беларусі паўсюль аднаўляюцца разбураныя і будуюцца новыя праваслаўныя храмы ў класічным візантыйскім стылі, які рэзка кантрастуе з традыцыяй беларускага культавага дойлідства. Ці не паўплывае ўсё гэта на беларускую нацыянальную свядомасць?

— Я не магу стрымаць скептычнага посмеху, калі гляджу на ўсе гэтыя свежапафарбаваныя «макаўкі», якія ў мяне асацыіруюцца не з высокім дагматам, а, прабачце, з рускімі «ряженымі»…

Ніяк не магу забыцца на праваслаўны храм у сталіцы Македоніі. Яго кідкая, нават агрэсіўная мадэрнасць проста такі агаломшыла — і захапіла. У такой царкве ты апынаешся побач і з сваім мадэрным часам, і з вечнасцю. А пад гэтыя «макаўкі» і зазірнуць не вабіць.

Што да ўплыву праваслаўных навабудаў на беларускую нацыянальную свядомасць, дык ён, безумоўна, ёсць, толькі гэты ўплаў не на саму свядомасць, а на нейкія яе перыферыйныя ўскраіны. І зусім не таму, што праваслаўныя навабуды не звязаныя з традыцыямі беларускага культавага дойлідства. А таму, што культавыя пабудовы ўжо даўно не дамінуюць у гарадскіх ландшафтах, якімі б эстэтычна выразнымі і аб’ёмнымі яны не былі. Як Царква ў сваім цэлым, так і яе храмы сёння знаходзяцца на маргінэзе што сацыяльнага, што духоўнага жыцця. А маргінальнае ніколі не можа фармаваць свядомасць грамадства, яно можа хіба што прыўносіць у яго нейкія лакальныя характарыстыкі.

Сабор Парыжскай Божай Маці і сёння захапляе ды ўражвае. Аднак не ён, а Эйфелевая вежа ўжо другое стагоддзе з’яўляецца сімвалам не толькі Парыжа, але і ўсёй мадэрнай Еўропы. Калі не памыляюся, у Мінску неўзабаве пачнецца будаўніцтва некалькіх ужо сапраўдных хмарачосаў. Вось яны і будуць, разам з нацыянальнай бібліятэкай і да таго падобным, вызначаць на бліжэйшы час як архітэктурную дамінанту краіны, так, верагодна, і нешта надзвычай істотнае ў нашай свядомасці.

Алег Абламейка: Руйнуецца старына ў Мінску, Гродне, іншых гарадах ды мястэчках. Ці не ёсць сістэмнае разбурэнне архітэктурных помнікаў нашай спадчыны адной з формаў барацьбы з нацыянальнай свядомасцю беларусаў?

— Хіба што ўскосна, але ніяк не наўпрост. Бо з такой жа зацятасцю рушыліся і рушацца розныя архітэктурныя пабудовы, звязаныя з прысутнасцю рускай культуры, рускага духу на Беларусі.

Прычына ўсяго гэтага паталагічнага бурэння мне бачыцца ў іншым, а менавіта ў кароткай генеалагічнай памяці нашых людзей. Таму гістарычнае для іх не ёсць каштоўнасным. Як следства, наперад выходзіць голая функцыянальнасць — будынкаў, дарог і ўвогуле ўсёй інфраструктуры сацыяльнага жыцця. І калі нашым людзям нешта замінае працаваць, адпачываць ці рухацца — яны яго без шкадобы разбураюць.

Каб хоць трохі змінімізаваць гэтую балючую праблему, у нас наўрад ці ёсць яшчэ нейкае выйсце, акрамя як нагружаць новай функцыянальнасцю старыя забудовы. Гэта значыць, знаходзіць ім эфектыўнае месца ў структурах турызму, бізнесу, адпачынку і да таго падобным. Ну і, натуральна, пакрысе мяняць нігілістычнае стаўленне грамадства да сваіх гістарычных, у тым ліку і рэлігійных, каштоўнасцяў.

Алег Абламейка: Некалі настануць і лепшыя, больш разумныя часы. І ў тыя разумней-шыя часы, напэўна, будзе цяжка мірыцца з гэтымі архітэктурнымі вычварэнствамі ў стылі «а ля рюс». Як вы лічыце, ці возьмуцца іх тады перабудоўваць?

— З гісторыі хрысціянства мы добра памятаем безліч прыкладаў, калі культавыя збудаванні пераходзілі з рук у рукі ад адной канфесіі да другой, ці ўвогуле набывалі статус сацыяльнай пабудовы. Таму наперад ніхто не ведае, які лёс чакае гэтыя «макаўкі». Да прыкладу, я зусім нядаўна (сорамна!) даведаўся, што на пачатку ХХ ст. у Віцебску было 77 сінагог, а ў Мінску — 83. На тую пару сваёй колькасцю яны значна пераўзыходзілі цэрквы і касцёлы. І дзе сёння ўсё гэта?

Час заўсёды парадкуе па-свойму. Не, мы можам і павінны яму пярэчыць. Але, у рэшце рэшт, ён усё пераробіць на свой лад.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: