Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Я забіраўся ў крэсла, нацягваў сарочку на голыя ногі, і час знікаў. Толькі парыпванне маснічын — яны рыпелі самі — адрывала часам ад радкоў, і тады можна было прыўзняць галаву і глядзець, як далёка-далёка ў цёмным садзе трапеча адбітак маёй свечкі. Часам здавалася, што гэта блішчыць ліхтарык у маленькага хохліка, які стаіўся там, між дрэў, і здалёк глядзіць у акно. Трэба было б папрасіць у яго, каб даў мне доўгі век, больш такіх вось начэй у маўклівым доме, больш гэтага ап'янення і яшчэ — ну, што яму варта! — каб я сам мог, хоць дрэнна, хоць не так, як у гэтых кнігах, ствараць такое дзіва.

Відаць, не выпрасіў.

А радкі адзываліся ў душы і жахам, і холадам, і гарачай дрыготай, як тады, калі працягнеш рукі да агню і цеплыня льецца ад далоняў у цела.

І вось мне трапіла ў рукі кніга ў папяровай вокладцы. Я разгарнуў яе і ўбачыў:

На Купалле там птушка садзіцца, пяе, У Піліпаўку воўк нема вые, Сонца днём распускае там косы свае. Ноччу зоры глядзяць залатыя.

Гэта было як ноч, як агеньчык у цёмным садзе і як водар яблыкаў на аўсянай саломе. І так гэта засталося на ўсё жыццё.

Я чытаў тады ўсю ноч і нарэшце дайшоў да таго стану, калі ўжо нічога, ані паловы слова не разумееш, але ўрачыстая, мернагучная хада радкоў прымушае валасы дыбарам стаяць на галаве.

Гэта было проста і добра. Гэта была тая самая пявучая родная мова, на якой гаварыла мая нянька, — так пяшчотна, — і мой бацька, — так грубавата. Я шмат чытаў для свайго ўзросту, гэта былі радкі, накшталт радкоў нямецкага паэта Мюлера:

Светлый мир здесь погребен когда-то, И встают обломки, как цветы, Золотыми искрами заката Отражаясь в зеркале мечты.

І раптам:

Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, Ці запеў салавей, ці загагала гусь, — Я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, Сваю матку-зямлю — Беларусь.

Гэта было дзіва. Восьмы — а для мяне першы — цуд свету. А потым былі "Магіла льва", "Бандароўна", — і змяніўся свет. Назаўжды.

Я не ўяўляю сабе жыцця без яго. Каб не было той ночы і той кнігі — я ніколі не пісаў бы так, як пішу. Ды і ці пісаў бы наогул?

Шмат радкоў напісаў я аб ім. Менш надрукаваў. Бо словы слабыя, бо словы часам нічога не могуць сказаць.

А беларусы ж нікога не маюць…

Мы маем шмат каго: і Багушэвіча з яго ўтрапёнай нянавісцю, і Багдановіча з яго ўтрапёнай пяшчотай. І ўсё адно Купала застанецца першай нашай любоўю, нашымі вачыма, нашым сумленнем, нашым вечна жывым сэрцам.

Мне давялося бачыць яго толькі аднойчы. Мне тады было, напэўна, год сем. На вуліцах Оршы грымела музыкай нейкае свята. Брат паказаў мне яго, і я здзівіўся: мне здавалася, што ён павінен быць нават фізічна дужэйшы, на дзве галавы вышэйшы за ўсіх іншых людзей. І дзіўна было, што ён жыве ў Ляўках, зусім недалёка, цераз Дняпро.

З таго часу мінула шмат год. Вайна забрала дом. Вайна забрала брата. Вайна, што б там ні казалі, забрала і Купалу. Толькі аднойчы бачыў я яго, але я ведаю, наколькі бяднейшым было б маё жыццё, каб не гэтая іскра ўспаміну з далёкіх дзіцячых год.

Пасля вайны я пабываў у Ляўках. Попел. Галавешкі. Знявечаныя адхоны над Дняпром, якія любіў Купала і якія, дзякуючы гэтаму, прымусілі мяне яшчэ больш, часам амаль нясцерпна любіць маю сціплую прыдняпроўскую зямлю…

Купалы ўжо не было. І на месцы яго дома быў попел.

Я не разумеў тады, што некаторыя легенды — гэта само жыццё, і не ведаў, што ў легендзе пра Фенікса больш праўды, чым нават у жыцці.

Зразумеў потым, калі ўдвох з сябрам адправіўся пешшу ў Вязынку і ўбачыў простую сялянскую хату, якая стала нашай Мекай. Там я зразумеў: ён жывы.

Нам дорага ўсё ў ім: і ўзлёты генія, і простыя чалавечыя памылкі, і шлях, цяжкі і слаўны, як у кожнага вялікага паэта. І нельга ўзяць з нашых дум яго рамантызм, і яго светлую праўду, і яго веру. Бо ён верыў у казку нашай радзімы.

І ён вельмі верыў у свой народ. Толькі гэта і дало яму сілу ствараць тое, што ён стварыў, даць нямому народу, якім усе пагарджалі, песню, слова і мову.

Больш за ўсё хацелася б мне напісаць паэму аб ім. Не ведаю, ці хопіць сціплых слоў, бо гэта — галоўнае, бо аб гэтым нельга сказаць абы-як. Таму што, напэўна, будуць большыя за яго, — інакш не варта было б жыць паэзіі. Але не будзе людзей, якія больш зрабілі б для маёй мовы, для маёй песні, для маёй Радзімы, нарэшце.

Калі б мяне, маленькага чалавека, спыталі: "Як ты хочаш ушанаваць яго памяць? Кажы — і мы выканаем усё, да апошняга, твае пажаданні, як быццам ты Аладзін і чароўная лямпа ў тваіх руках, а табе прыслужваюць усе добрыя джыны зямлі". Калі б мяне так спыталі — я адказаў бы: "Зрабіце гэта не для яго, бо лепшы помнік яму — нашы сэрцы і яго песні, што жывуць у іх.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: