Шрифт:
А песні вясковыя, якія пасля хочаш не хочаш, але абавязкова адаб'юцца ў тваіх, будуць гучаць у вушах тваіх удзень і трызніцца ўначы. Увесь ты ад іх, і тут ужо нічога-нічога не зробіш.
А гэтая першая і апошняя любоў да Купалы і паэм Коласа. Мне, напрыклад, давялося бачыць Купалу ўсяго адзін раз, а Коласа — разы тры-чатыры. Максіму Лужаніну пашанцавала ў гэтым сэнсе куды больш, а з Коласам ён некалькі год быў дужа блізкі. Сведка гэтаму — выключная кніга "Колас расказвае пра сябе", твор дужа рэдкага, пакуль што, у беларускай літаратуры жанру. Шкада, што многае з вусных апавяданняў паэта пра другога паэта не ўвайшло ў кнігу. Але, можаце мне паверыць, гэта выдатныя апавяданні, смешныя і кранальныя адначасова.
Вобраз чалавека і паэта паўстае з іх. Без німба. Жывога. І вось так, жыва, хацелася б гаварыць пра ўсіх, з кім звёў цябе на нялёгкай тваёй дарозе жыццёвы лёс.
…А мы гаворым і гаворым. І пра салоныя, часам досыць злосныя, эпіграмы, і пра смаржкі, якія збіралі пад Сінілом, і пра слуцкія бэры — "раскрые дзядзька кош — увесь рынак пахне". Словам, пра ўсё тое, што, не менш чым вершы, складае літаратуру, бо ўзнаўляе атмасферу, без якой тая літаратура не можа дыхаць.
Мы ствараем цяпер свае ўспамiны. Нараджаюцца новыя лiтаратурныя легенды, з'яўляюцца нават новыя фальклорныя героi ад лiтаратуры. Але мы мала ведаем пра легенды 20-х — 30-х гадоў, пра побыт, пра жыццёвыя анекдоты, пра характары лiтаратараў таго часу. I дужа добра было б, каб чалавек з вострым вокам i памяццю, з пачуццём гумару расказаў бы пра тое, што адыходзiць з часам. Адкуль жа пазнаваць нам атмасферу спрэчак, самое паветра тагачаснага жыцця, вулiцы, дамы, тыпы старога Мiнска, Полацка, Слуцка…
Трэба расказаць не толькі пра Коласа.
Перажыта шмат. Былі нялёгкія гады перад вайной. І сама вайна…
Чалавек часам не дабярэ рады, як жа трэба расказаць пра сябе. Вось колькi сказаў аб тым, як паэта на фронце засыпала выбухам мiны ("Гэтак яно i рабiлася", у зборнiку "Пяцьдзесят чатыры дарогi"). I анi слова аб тым, што ён потым расказваў мне: як, знямогшы без тытуню, закурылi пад шынялём, ды, вiдаць, знячэўку 6лiснулi. Пачаўся такi мiнны абстрэл, што аж засыпала па плечы. Сам не мог вылезцi i выбавiўся толькi падазваўшы свайго каня i абхапiўшы яго за шыю.
…Чыталi вершы… Бэзава цвiў верас у вазачцы на жоўтым столiку. Ляжалi на стале спiсаныя блакноты i дзённiк з замочкам i залатым абрэзам ("божа мой, чаму ў мяне няма такой бякешы!?"). У паэта ў гэтых справах ёсць некаторы артыстызм, уласцiвы многiм пiсьменiкам: культура добрай аўтаручкi, iльснянага чорнага чарнiла, белай або колеру слановай косцi гладкай паперы. Каб думка не сустракала перашкод, бегаючы разам з рукой, вылiваючыся з чарнiлам на роўнядзь папяровага лiста.
А за вокнамі мансарды — цеплыня і яснасць жнівеньскага дня. Побач са зборнікам Дануты Бічэль (чытаў, відаць) — новыя вершы. Свае. Адна паэма пра апошнія дні Купалы.
3 купалаўскім эпіграфам — усе яго помняць — аб тым, што не трэба напуста наракаць на свой лёс… каб не клялі нас праўнукі. Аб ад'ездзе ў эвакуацыю, аб тым, як замест клункаў браў Купала алоўкі… Пакінуць Радзіму… Самае гаротнае, што можа быць у чалавека. Слухаеш гэта і ясна бачыш, як плыве з прыгаршчаў аршанскі пясок, як астаюцца званочкі ў збанку ды далягляд у душы. Той далягляд, які так і не здолеў узяць з сабой.
3 часам усё лепш разумееш, што для вялікага верша і прычына павінна быць вялікая. Уражанне, якое перапаўняе душу, скручвае ўсё ў ёй, сціскае сэрца і горла. І шчасце таму, хто зразумее гэта раней. На жаль, такіх шчасліўцаў няшмат. І не ўсе яны могуць адгукнуцца сэрцам людскім і вушам чалавечым па гарачых слядах, адразу ж сказаўшы тое, што патрэбна вось сёння, вось зараз, вось у гэта імгненне.
Ёсць сотні добрых вершаў пра смерць Пушкіна. I, аднак, усе яны крыху адступаюць перад "Он лежал без движенья…" В.Жукоўскага, "На смерть поэта" М.Лермантава, "28 января 1937" Цютчава. Уся справа ў тым, што гэта створана тады, калі грамадства было яшчэ непасрэдна ўзрушана трагедыяй, калі шматпакутныя рукі паэтавы не паспелі яшчэ аледзянець у труне, пад пякучым студзеньскім снегам.
Але ўсё ж гэтыя тры класічныя вершы яшчэ не прычына, каб пра вялікую смерць не пісалі зноў і зноў. І справа не толькі ў тым, што на змену свежаму болю прыходзіць з часам усё большае ўсведамленне таго, што адбылася ў той дзень нацыянальная трагедыя. Справа яшчэ і ў тым, што з адлегласці ўсё яснейшыя робяцца абставіны, накопліваецца ўсё большая колькасць асэнсаваных фактаў, з'яўляецца ўсё большая магчымасць даць ім належную ацэнку, сказаць шчырую праўду.
Пра апошнія месяцы жыцця, пра смерць Купалы будуць яшчэ пісаць і пісаць, але няма сумнення, што Максім Лужанін сказаў тут сваё вагомае слова.
Сказаў з талентам, праўдай, сардэчным болем і шчырасцю, той, якая паспела б і з фронту падбегчы, каб падхапіць чалавека і паэта, які бачыў сваім позіркам "усю Беларусь, неаб'ятну, як мора".
Хто ведае, як нараджаецца ў паэта дзіва верша. Тэорыі тут нічога не могуць растлумачыць. Бывае, што верш выльецца ў адзін дзень (як тыя ж "Праводзіны"), а бывае — аж вось калі, праз чвэрць стагоддзя.
Адкуль гэта пачалося? Ад партрэта ў чорнай рамцы? Ад страшнага супадзення, што маці ў акупацыі памерла ў адзін дзень з сынам, быццам падсвядома адчувала, ведала і не магла перажыць? Можа і так: узяўшы, на адным краі свету, за руку сына, матку, на другім краі свету, бярэш за сэрца… А можа на пушкінскіх урачыстасцях, на адпяванні ў Святагорскім манастыры, калі стаіць, здаецца, між людзей нябачная труна і сівы чалавек спявае песні тых часоў.
Я рад, што пачуў гэта. Таму што… можа і не месца казаць пра такое ў дзень гадавіны, але трэба. Менавіта таму, што я не ўрачысты артыкул і не юбілейную оду пішу, а спакойна і бесстаронна разважаю пра чалавека і паэта.