Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Сутыкнуліся мы ў цэнтральным кніжным магазіне. Я накупляў вялізарны пакунак беларускіх кніг, каб везці іх у сяло, дзе тады настаўнічаў. Мабыць, памеры гэтага пакунка і звярнулі на сябе ягоную ўвагу.

І вось, неяк непрыкметна, разгаварыліся. Памятаю, што пра вёску, настаўніцкую работу, пра тое, што сумуеш без роднай мовы, без беларускіх кніг. Пра тое, што трэба мне перабірацца на Беларусь. Так з'явілася ў мяне першая са шматлікіх надпісаных ім кніг: томік "Забалоцця" ў вокладцы колеру кавы з малаком.

Мы рабіліся ўсё бліжэй адзін аднаму. Нягледзячы на некаторую розніцу ў гадах. Аднойчы, прыехаўшы ўжо з Оршы, я заначаваў у яго, і тут мы перагаварылі адной з тых шчырых, бадай толькі славянскіх, размоў, калі са здзіўленнем і раптоўнай гарачнасцю заўважаеш, што думаеш аднолькава з іншым, што словы аднаго падхапляе другі, не чакаючы нават канца выказанай думкі, бо яна, як свая. І самае важнае — аднадумства ў дужа важлівых для сябе рэчах. Такіх глыбокіх і часам балючых, што аб іх не скажаш і брату.

А пазней, у Маскве, прыйшоў да мяне ягоны ліст, які літаральна выратаваў мяне ў самы, бадай, страшны час майго жыцця. Бывае, надарыцца такі. І тады чамусьці здараецца так, што сябры нібыта чуюць. Лісты іхнія прыходзяць якраз у той самы вечар, у тую самую патрэбную ноч. Мабыць, у гэтым адрозненне сяброў ад несяброў.

Можа здарыцца, што будзе і часовае ахаладжэнне (чаго не бывае між людзей?). Але забыць тое, што было, забыць той ліст і тую падтрымку я не здолею. Не хачу.

Не скажу, што ў нас не было разыходжанняў.

Часам балюча кранае няўдала выказаная думка, несправядлівая ацэнка той ці іншай з'явы.

Але за гэта б'еш і сябе. Прычым значна часцей. А сябра шкадуеш.

Я, напрыклад, ніколі не мог зразумець, як маглі крытыкаваць "На Быстранцы"? Лепшую аповесць тых год… Як можна ўвогуле крытыкаваць добрыя кнігі, а таўшчэзныя раманы (грэшны ў іх сам, каюся) узносіць на шчыт. Якое трэба дзеля гэтага мець сумленне?!

Але суддзёю ўсяму — час. Адзіны суддзя, якога нам — баяцца, і адзіны, які мае права судзіць. Табе, Яне, ён не пагражае.

Улетку 1963 года мы паехалі па Слонімшчыне, Лідчыне і Навагрудчыне, і гэтая паездка асабліва зблізіла нас.

Спачатку — цягніком да Баранавіч. Стаялі ля акна. Гаварылі і гаварылі. Пра Коласа — бо за шклом Стаўбцы, пра Багрыма — бо наводдаль быў Крошын. Увогуле пра лёс беларускіх паэтаў і пра кожнага з іх.

Пасля хадзілі па Баранавічах, і ён расказваў, які быў горад і акруга да трыццаць дзевятага года. І я, што заўсёды лічыў Баранавічы сумным горадам, раптам зразумеў: ва ўсяго ёсць свая гісторыя, калі табе расказвае пра яе абазнаны чалавек.

На плошчы сустрэліся мы з Валодзем Калеснікам, што чакаў нас там, і паехалі далей ягонай машынай. На Слонім.

Між дзівосных акруглых узгоркаў, між дрэў, што клубяцца на іх.

Былі скразныя гравюры закінутых мастоў і затравелыя дарогі, што вядуць невядома куды. Быў Слонім, роўны канал і крэмавыя старыя будынкі, ля муроў якіх, у закутках, раслі каравыя старажытныя каштаны.

У Слонімскім музеі ўразіла мяне адна рэч. Я тады пасаромеўся пра яе сказаць. А шкада, можа б, пасмяяліся.

Уразіла каменная галава язычаскага бога. Невядомы скульптар, высякаючы яе, відавочна, меў на ўвазе Янку. Аблічча было такое самае — моцнае і масіўнае.

Вачэй, што праўда, не хапала. Разумных чалавечых вачэй. Што зробіш, продкі таксама ўсяго не прадбачылі…

І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчаслівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі — Кракоткі, і замкаў, і старых муроў.

Людзі ўсё стварылі. А людзі былі шмат у чым падобныя, і ў часы Перуна, і цяпер.

Валодзя збіраў па наваколлі матэрыял пра Валянціна Таўлая, а мы з Янкам проста паталялі ненажэрную прагу прыгажосці. Расказваюць пра патаемныя маёўкі ў лесе, а мы бачым сасняк і суніцы, чырвоную зямную кроў, разліў суніц. І нам усё жыццёва патрэбна: пясчаная Рудаўка, дзе нарадзіўся і жыў вялікага і цяжкага лёсу паэт, і вечна ціхая, зялёная Зельва, месца, дзе жыве харошы чалавек і выдатная паэтэса Ларыса Геніюш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: