Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Там было наша першае знаёмства з ёю. У старажытнай хаце з белымі, выступаючымі бэлькамі (на адной — крук ад даўно сатлелай калыскі). Кнігі, народныя посцілкі, вялікія беленыя пакоі, у якіх ад Янкі зрабілася цеснавата, нягледзячы на тое, што ён зусім не мядзведзь, а чалавек памяркоўна зграбны.

А ў цэнтры ўсяго мажная, прыгожая летняй прыгажосцю жанчына з чорнымі рукамі сялянкі і адухоўленымі вачыма высакалобага інтэлігента. І мы вакол яе. І спрэчка. Лютая. Ніколі не думаў, што тры спакойныя чалавекі могуць так. Пра літаратуру і мастацтва, пра дабро і зло, пра ўсё, аб чым толькі можна спрачацца на зямлі. А я глядзеў збоку і, шчыра сказаць, памоўчваў.

Не было мне справы да таго, што яны там так утрапёна дзеляць. Каб гэта іншыя — і я ўвязаўся б, ды так, што пер'е паляцела б і з мяне, і з іх. А тут я проста любіў іх траіх, і яны былі добрыя людзі, і гэта было самае важнае, а ўсё астатняе — ад лукавага.

Бясспрэчныя былі сцены з беленых брусоў і старадаўняя зеленаватая чарапіца даху, бясспрэчныя былі беларускія ліпы ў прысадзе і мова, кветкі і чэрвеньскі надвячорак, зямля і мужнасць, талент і сонца. Вось і ўсё.

…Блукалі ў палях дарогі і стаялі ў разліве жытніх палёў чорныя піраміды ядлоўцу-елянцу.

— Як манахі ў жыце стаяць… — сказаў Янка.

І гэта было бясспрэчна. Тым больш што повад для спрэчак ледзь не скончыўся назаўсёды, калі пад Мастамі, на беразе Нёмана, Валодзя ледзь не кульнуўся з яра ў ваду, разам з машынай, і загарлаў на дапамогу. Дзякуй богу, мы з Янкам падскочылі і магутнымі плячыма (калі скласці іх, а пасля падзяліць на двох) падпёрлі "Масквіча".

Шкада было маладога жыцця, разумнага, таленавітага вучонага, дый машыны таксама. Харошая машына! Калі аднойчы, зноў жа трох, ездзілі ў Белавежскую пушчу, то машына ў зелені выглядала чырвоным велікодным яечкам на блюдзе з дзеразой.

Дарэчы, калі зайшла ўжо размова пра пушчу і небяспеку, то варта расказаць і пра тое, як тады, у Белавежы, ледзь не скончыліся нашы "брэнныя жызні". Шукалі мы тады, каб паглядзець зуброў на волі.

— Не знойдзеце.

— А што ж глядзець?

– Ідзіце — унь у загародцы тарпаны…

— Што ж, і на тым дзякуй.

Тарпанаў было два. Конікі. Мышасценькія, з грывамі, як шчоткі. Гладка-мясістыя. З няшчырай рахманасцю ў вачах. Хопіць гэтымі цацачнымі зубкамі за жывот ці наверне капыцікам — неба ў алмазах убачыш.

Загародка — гектары два. З тонкіх гарызантальных бярвенняў. Пасоўваючыся за тарпанамі паўздоўж яе, мінулі мы стогадовую кашлатую яліну-выварацень (карані з зямлёй трохметровым стаячым бліным закрывалі ад нас усё, што за імі)… і абамлелі.

У лічаных метрах ад нас пасвіўся, таранячы паветра метровай лабацінай, грузла папіраючы зямлю, велічэзны зубр. Горб велічынёю з капец Міцкевіча, барада размятае траву, вочы — чырвоныя вуглі.

І, на радасць нам, побач, трохі меншая за мужа, зубрыха з зубраняткам.

З дзіцем!

Хто як, а я адразу пачаў кеміць, куды б у выпадку чаго…

Зубры, на шчасце, павольна аддаляліся.

Я выйшаў з-за вываратня. Валодзя шчоўкнуў апаратам, "запечатлеў" момант: паэт, маўляў, на фоне…

Зубр пакасіўся на нас, але вырашыў пакінуць двухногіх без увагі. Хутка яны зніклі.

Янка пасля казаў нешта ў гэтым родзе:

— Адзін яшчэ нічога. Можна вакол елкі бегаць. А як яны цябе пачнуць двох вакол яе ганяць. Наверх скакаць — скінуць рагамі. Да тарпанаў, - чорт іх ведае, што яно… Дый агароджу зубру разнесці — глупства.

Я ўявіў, як зубр разносіць лабыром загон, як у гэты момант тарпан хапае кагосьці з нас за мяккія часткі — і нервова зарагатаў.

…А тады, над Нёманам, паабапал дарог, што заблукалі ў палях, цвіла чырвоная канюшына і густыя зарасці чагосьці залатога.

— Жоўтае купалле, што ўплятаюць у вянкі, - адказаў Янка маім думкам.

Час, калі яго ўплятуць у вянкі, быў блізкі. Было 21 чэрвеня.

Размовы тут, сярод палёў, былі такія і не такія, як, скажам, на пасяджэннях у Мінску. Там таксама сядзіш поруч, бо так цікавей: адна думка, дзве рэплікі або проста позірк, які разумее другі (калі, прыпусцім, дакладчык уляпіў у кропку ці чаўпе невылазнае глупства).

Але там гэта размовы крытыкаў, зычлівых і строгіх, размовы людзей з аднаго цэха. А тут гэта былі шырокія, часам бязладныя, але душэўныя бяседы людзей, што ствараюць частку гэтых ніў, душа якіх жыве ў галінах тысячагадовага дуба ў Бабрах, а памяць продкаў — у апошняй, нежылой ужо, курнай хаце ў Маламажэйкаве.

Разумееце, мне, вядома, прыемна, як сустракаюць гэтага чалавека людзі, асабліва дзеці, як яго пазнаюць на вуліцах. Мне радасна, што мы адзін у аднаго першыя чытачы і крытыкі, што я чытаў "Птушкі і гнёзды" задоўга да надрукавання і яшчэ тады сказаў сам сабе, што гэта дужа своеасаблівы і сучасны раман, магчыма, лепшы за апошнія дзесяцігоддзі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: