Шрифт:
Я неяк не належаў да палкіх прыхільнікаў усёй, агулам, паэзіі Максіма Лужаніна. Лічыў, што на першым месцы ў яго проза ды майстэрскія пераклады. 3 паэзіі вылучаў некалькі дзесяткаў першакласных вершаў. Астатнія лічыў моцна і грунтоўна зробленымі, але крыху разважлівымі і халаднаватымі (гэта не датычылася, вядома ж, "Ручая", "Драча", "Каштаноў" і іншых такіх, што не адзін я лічыў вершамі для анталогіі).
Мабыць, і сам ён, як і ўсе мы, многае б зараз рабіў іначай. Віна тут не толькі ягоная. Цяпер, асабліва пасля новых вершаў, новых паэм, якія чуў, думаю, што шмат у чым памыляўся. Гэта лепшае, што калі-небудзь было напісана паэтам. І гэта, створанае літасцю божай, нібы асвятліла і ўсё астатняе. Але пра гэта крыху пасля.
Калі ж гэта мы пазнаёмі.ліся? Чатырнаццаць год таму. На нарадзе маладых. Стаяў у зале Саюза пісьменнікаў доўгі стол, і за ім сядзелі маладыя і немаладыя ўжо людзі. Там былі паэты, кампазітары, дзеячы сцэны. Сярод іх я заўважыў чалавека, які сядзеў спіною да дзвярэй, далёка наўскос ад мяне. Светлага, колеру кавы з малаком — ну, можа крыху і фісташкавага колеру — гарнітур, залатыя запінкі ў дзіўна неяк, мякка выкручаных манжэтах белай сарочкі. Больш рыжынкі ў валасах, як цяпер больш сівізны. Увесь час ён папраўляў гэтыя манжэты, нават слухаючы вершы, а па твары нельга было зразумець, падабаецца яму тое, што чуе, або не. Нібы нават не вершы слухаў, а з журбою думаў пра жыццё.
Выступаў ён і па маіх вершах (о, успомніў! дваццаць першага верасня 1955 года было гэта). Даваў, між іншым, і за тое, за што варта было даць, ды і без усякага шкадавання: за варварызмы ў мове. У прыватнасці, за тое, што ляпаў я зусім бессаромна мяккі знак у дзеяслоўных канчатках. А за такое і зараз не шкодзіла б сім-тым выдаць. Мова — твой інструмент, то ўмей ім валодаць, калі ласка, і не бяры чужога слова і чужой формы, шукай сваю.
Нарада тая, падалося мне, не вельмі яму спадабалася. Наколькі памяць не падводзіць, гаварыў ён пра неаб'ектыўнасць абмеркавання творчасці тых-сіх паэтаў, пра захвальванне вершаў некаторых людзей, якія толькі і бяруць, што самаўпэўненасцю і ўяўнай, вычварнай прыгажосцю. Гаварыў аб тым, што не ахоплена было шмат людзей, што за аснову трэ было браць не творчасць прыезджых толькі, а самае цікавае, каб вучыліся маладыя.
На заключным вечары Лужанін чытаў сваю "Вільнянку". Верш мне падабаўся, дый чытаў ён яго добра.
Вось тады недзе нас і пазнаёмілі, і мы перакінуліся дзесяткам-другім слоў.
А пасля пайшло ў нас усё не так. Настолькі не так, што каб год шэсць назад нехта сказаў мне аб гэтай размове і аб гаворцы маёй пра яго — я засмяяўся б яму ў вочы. За бліжэйшым знаёмствам, здавалася б, разважлівых людзей, якія ведаюць цану сабе і суседу, прыйшла недарэчная непрыязнасць. Урэшце, умовы кіно могуць каго хочаш штурхнуць на такое.
А тут яшчэ пры павазе да работы калегі, было непрыняцце некаторых яго поглядаў.
Мне, напрыклад, хоць я лічыў і лічу паэта яшчэ і разумным, цікавым крытыкам, дужа не падабаецца ягоны артыкул пра Кузьму Чорнага. Яму не падабаецца мой сцэнарый "Гнеўнае сонца". Ну і што? Гэта ж яшчэ не прычына. Але як часта яшчэ ў нашым асяроддзі вырастае з гэтага нецярпімасць, якой не павінна быць хаця б таму, што галоўнае, чаму павінен вучыць пісьменнік, — менавіта цярпімасць і чалавечнасць.
Сорамна зараз прызнацца ў гэтым. Сорамна і пісаць. Але з адносін нашых гэтага не выкрасліш. Ды, зноў жа, трэба, каб не думалі, што гэтае эсэ — юбілейшчына. Хачу, каб паверылі, што на гэтых старонках няма ніводнага няшчырага слова.
Што ж, тым большая цана нашым цяперашнім добрым адносінам, Адносінам узаемнай павагі.
Дзякуй сябру! Пад час паездкі нашай у Брэст ён прывёў паэта ў наша купэ, а пасля, з учасцівым яму талентам не абы-якога дыпламата не толькі знік сам, але і паклікаў астатніх. Сядзець проста так, за чаркай каньяку, глядзець у ноч, дзе нічога не відаць, акрамя квадратаў вокан, што бягуць па зямлі, ды маўчаць — гэта вельмі смешна і недарэчна. Пачалася размова, падобная спачатку на размову людзей, якія тыдзень таму навучыліся гаварыць. І стала тут зразумела, што мы — людзі, дый яшчэ не зусім з апошніх, і для абодвух значна лепей было б даць волю павазе, якую падсвядома адчувалі адзін да аднаго, бо, па справядлівасці, не маглі ўвесь гэты час прымусіць сябе да іншага. Даць волю зычлівасці, яснасці, сказаць адзін другому шчырае слова. Так яно і здарылася ў тую вагонную ноч з плямамі вокан, што беглі па маладой яшчэ лістоце дрэў насустрач адвечнаму разліву пушчы.
Вось так і пачалі нараджацца за час, пакуль прыйшлі ў вагон сябры, а пасля ў пушчы, і ў дарозе, і на гарадскіх вулках, і ў цішыні каралішчавіцкіх лясоў узмацнелі — новыя адносіны.
І мне сталі па-чалавечы зразумелыя і ягоны запал, і ягоны халадок, і ягоны скепсіс (а яму ж былі прычыны, ды і колькі яшчэ), і ягоная вера, наша, агульная вера. І нават грунтоўнае майстэрства радка (мне, разбоўтанаму, яно здаецца нават празмерным, бо, так здаецца мне, крыху шкодзіць непасрэднасці, уражанню, што верш вось тут, вось адразу, нібы сам сабою выліўся на паперу; уражанню, мабыць, усё ж памылковаму).
А яшчэ высокая культура радка, рытму, рыфмы, што ў наш час занядбання гэтых каштоўнасцяў, непавагі да іх і разлайдачанай неахайнасці цэніцца знаўцамі і проста аматарамі асабліва высока… "Распрыгонілі верш". Хоць, на самай справе, у некаторых паэтаў гэта проста ад няўмення стварыць нешта вартае, ад дрэннага ведання азоў рамяства, ад ляноты рабіць нешта грунтоўнае, зладжанае і гарманічнае, ад нізкай культуры.
Радасна, што так здарылася, што чалавек і паэт зліліся ў адно. Гэта, вядома ж, не абавязкова. Можна высока цаніць майстэрства паэта і ані ў шэлег не ставіць чалавека.