Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

А я яшчэ думаў, што помнік гэтаму чалавеку ўсё ж пастаўлены. Літаратурны. Аповесць "На Быстранцы", дзе ён — дзед, спісаны з натуры, жыўцом.

Пасля гэтага нашага малога падарожжа я і пачаў крыху іначай глядзець на Валодзю. Адбыўся як бы некаторы пералом у маіх поглядах на яго. Што я ведаў раней? Ведаў аб ягонай "партызанцы", ведаў, чаго яна яму каштавала (урэшце, лепей за ўсё сказаў пра гэта ён сам), ведаў аб дужа цяжкай і дужа плённай працы ягонай у Брэсцкім педінстытуце, чытаў ягоныя кнігі, лавіў з ім рыбу…

А тут прыйшло разуменне асяроддзя, у якім чалавек нарадзіўся і вырас. Я ўбачыў "на свае вочы" пейзажы, на якія з дзяцінства глядзелі вочы ягоныя. Я знаёміўся, я размаўляў з людзьмі, з якімі рос, размаўляў, спрачаўся і мірыўся ён. Бачыў і тую пушчу, і тую малую белую каплічку, ля якой ён рабіў засаду на паліцаяў. Бачыў, урэшце, хату ў Крынках і магілу. Тую, дзе адліты ім барэльеф.

Прыйшло разуменне чалавека знутры, калі ты ведаеш і любіш ягоны свет. І тады, на гэтым выпадку, я разумеў, што пісьменнік, калі ён пісьменнік, нават калі ён і вывучыў усе дакументы, не можа напісаць — ну, скажам, пра Каліноўскага, калі не пабываў у ціхай зялёнай Свіслачы і ў пецярбургскіх змрочных кутах часоў Дастаеўскага, і на полі бою пад Мілавідамі, і ў шэрых Святаянскіх мурах, і ў Дамініканскай турме, і, урэшце, на Лукішках.

Хай там мала чаго асталося з тых часоў — само паветра мясцін падкажа табе найбольшае, якое магчыма між людзей, разуменне чужой душы, яе парываў і патаемных думак, яе гісторыі.

Цяпер я ведаю, што ёсць у майго сябра рысы характару бацькі і навакольных людзей. І нервовасць, і ўпартасць, і цвёрдасць чалавека, які не адступіць і не саступіць. І гэтая бацькава страсць да незалежнасці. І адначасова залежнасць ад вялікага свету паэзіі, да якога ён належыць не толькі душою, але і ўсім існаваннем сваім.

З чаго нараджаецца сімпатыя? Можна назваць не адзін выпадак, калі за некалькі дзён сімпатыя можа перарасці ў моцнае сяброўства. Я не кажу пра выпрабаванні, вайну, выпадкі незвычайнай, дужа вялікай і ахвярнай узаемадапамогі. Я кажу пра звычайнае, будзённае жыццё.

Такі выпадак — падарожжа з бясконцай зменай уражанняў і павышаная ўразлівасцю асоб, што прымаюць у ім удзел, з поўнай іхняй свабодай ад абавязкаў, акрамя абавязкаў самога падарожжа.

У мяне такіх падарожжаў з Валодзем Калеснікам было шмат, і я шкадую толькі, што не ўдзельнічаў тады ў іхнім з Янкам Брылём падарожжы на веласіпедах.

Валодзя выключна фатаграфаваў ужо і тады. Часам я перабіраю гэтыя здымкі; як жывыя, мы зноў сядзім з ім на копцы Міцкевіча і прадзіраемся праз джунглі Варанчанскіх могілак, каб адшукаць помнік белага мармуру — "самай прыгожай дзяўчыне наваколля"; і разам залазім у гмах васьмісотгадовага дуба пад Варончай, у чорны выпалены "пакой" у ім.

Мы ў Малой Кракотцы, у сябра-настаўніка, дужа добрага чалавека. Малая Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыццё.

…Тэраса з завесамі зеляніны. Шаты дрэў. Ну і гасціннасць. І, вядома ж, амлет. У нас, у Прыдняпроўі, на такую цвёрдую сялянскую яечню кажуць: "Як лапаць. Можна на сук павесіць, і будзе вісець". Гэта мы лынды б'ём. А Валодзя працуе. І тут працуе. Збірае матэрыялы. І настаўнік наш патрэбен зараз яму як аднакласнік яго героя.

І мы ідзём у лес, настолькі густа засеяны суніцамі, што зялёнага менш за чырвонае. Тут кракоцкія сяляне збіраліся на маёўкі "за польскім часам". І настаўнік расказвае, а "пану Калесніку" не да суніц, бо ўвесь час бегае па старонках блакнота ягонае пяро.

Так дзень за днём. І так, якраз тады, стваралася цудоўная кніга пра Валянціна Таўлая.

…А вось Андрэевіч, не дужа яшчэ ўмеючы круціць баранку, ледзь не зваліўся з яра ў Нёман, і мы падпіраем машыну, і ногі нашы слізгаюць на цудоўным, высокім разнатраўі нёманскага поплаву. І мы ледзь не налажылі ў той Нёман галавой, а пасля стаім, збялелыя, і тупа лаем невядома каго і што.

Ці едзем у Белавежу з харошым хлопцам, настаўнікам з прыпушчанскай вёскі. Яшчэ халаднавата, і на мне пазычаная ў Валодзі безрукаўка. У памяці і Камянецкая вежа, і абшар з яе вышыні, і тое, як нечакана, выйшаўшы з-за вываратня, наляцелі на мілае відовішча — зубрыную сямейку за тры крокі ад нас. І ўцякаць няма куды.

…Рэзкі бярозавік у леснічоўцы на Свіцязі. Мы з Уладзімірам Калеснікам сядзім у чоўне паміж небам і зямлёй, і нязменны яго шэры берэт ссунуты на самую патыліцу. І маўчым, і добра нам, як ніколі, бо мы ўсё разумеем у сабе і адзін у адным, а вуды нашы перакрэсліваюць захад.

Або як ездзілі ў 1968 годзе па вёсках Брэсцкага і Пружанскага раёнаў. У Дзмітровічы, у Харава, дзе чыталі вершы, дзе паднеслі нам дзеці каравай "на волата" — зараз і партызанскай ротай не з'ясі…

А рыба на Лясной. Ён і дагэтуль не ведае, што гэта не я, наступіўшы, зламаў таду яму цудоўнае вудзільна. Мусіў згадзіцца, што гэта я, бо на сябра асабліва крычаць не будзеш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: