Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Канва гэтай паэмы (а ў ёй пятнаццаць раздзелаў) і ёсць біяграфія народу, пададзеная праз біяграфію чалавека, праз вечнае паэтычнае "я". Галоўныя, апорныя пункты нашага жыцця. Ад "цароў з бародамі, з вусамі, з галовамі і без галоў", праз рэвалюцыю, вайну, адбудову.

Яшчэ не хапае двух раздзелаў, ды і з напісанага я чуў, вядома, не ўсё. Але пачутае пакідае моцнае ўражанне. Сапраўдная паэзія, моцна скляпаная і прастая, шматдумная і сціслая. Часам ясная, як світанак, а часам горкая і хмарная, як крыжы на беларускіх палях.

Сіла яе — у повязі з думамі звычайных. Усё ў ёй — гэта тое, што ўсе мы бачылі і перажылі. Вось у Полацку, калі паэты адчыталі, як казалі слухачы, толькі "паўзмены", ім дораць шкляны шарык, з якога робяць валакно.

— Клубок будзе ў вас, хвост ягоны — у нас. Тарганём — значыць, чаркі ўжо наліты і пірагі на стале.

Я, вядома ж, пераказваю дрэннай прозай добрыя вершы, за што трэба было б прыцягнуць мяне да адказнасці, але спадзяюся на амністыю, калі выйдзе паэма.

Дык торгайце часцей. Нам без вас дужа цяжка, чытачы! І паэт кажа:

Калі ахвота слухаць вершы, Дык я гатоў без пірагоў.

Паўтараю, у гэтым пачуцці еднасці, у агульнасці думкі, у кроўнай повязі з тымі, хто арэ і тчэ, — сіла новага твора і загадка яго ўздзеяння.

Калі радавацца, то разам. Калі пакутаваць, то адны з аднымі. Каб не выкошвалі, як сенажаць, прыгожы белы свет, каб не было з нашымі маткамі, сёстрамі, жонкамі зноў такога, як у паэме:

І не вылазіла з пастронкаў, Ледзь не хадзіла пад дугой.

Гэты раздзел пра жанчыну, пра маці, пра Беларусь, мне здаецца, адзін з самых узвышаных і трагічных маналогаў у беларускай літаратуры.

Сіла твора Лужаніна яшчэ і ў прызыве да яснасці, да шчырасці чалавечай, да таго, каб на зямлі, за мільёны год спаганенай узаемнай бояззю, скрытнасцю, хцівасцю, паклёпамі, устала ўрэшце на поўны рост ззяючая ісцінай і праўдаю чалавечнасць.

У паэме ёсць раздзел пра змяю. Пра лясную гадзюку, што "стаіць, як кажуць, на хвасце". Пра тую, што не трэба выпускаць жывою — і даруюцца табе сто грахоў.

І пра тую, што атрутай капае на святую справу сяброўства, даверу, чысціні чалавечай і братэрства чалавечага.

Атрутай плёткі, падкопу, даносу, здрады.

Вось гавораць пра сумленнага, харошага чалавека — і раптам "адзін з прысутных стаў на хвост". Такі не будзе гаварыць проста, ён круціцца і сычыць, і атручаны мёд яго. Ён кажа "жыві", а думае пра "лусні". Ён вітае — нібы забівае цвікі ў труну.

Сапраўды:

Няўжо я слаба грукнуў друкам На той сцяжыначцы лясной?

Сапраўды: "Было дабіць мне — не дагледзеў".

Што зробіш, такога не заўседы і заўважыш. Пеўнем будзе крычаць у твой гонар, кветкамі пад ногі рассцелецца, фурманам на тваіх козлах сядзе і павязе. Ды і паплача яшчэ кракадзілам.

Граў на слабінцы беларускай: Паплач — і будзеш мець сяброў. Ды кракадзіл перад закускай, А гэты перад чаркай роў.

Прыроджаная, адвеку наканаваная чалавеку, здаровая пагарда і нянавісць да ўсякага здрадніцтва, да ўсякага фальшу і ханжаства вадзіла тут пяро.

І я ніяк не дам прамашкі, Хіба пакіну дома кій.

Словам, перажыў я рэдкае пачуццё ад сустрэчы з сапраўднай паэзіяй. Чаму не так часта, як хацелася б, прарываецца яна наверх ва ўсіх нас? Можа таму, што ў тэме жыцця, у штодзённым яго тлуме, у забыцці пра "ўчора" і "заўтра" ёй непрытульна жыць? Можа мала мы думаем пра жыццё і творчасць, а больш пра выдавецтвы і тыражы?

І рэдка надыходзіць вызваленне, каб адзіна дарагая госця прыйшла пад нашу страху.

Паэзія! Мы, паразумнеўшы з гадамі, добра ўсведамляем, што мы яе слугі. І таму лёс нашых пакаленняў пачынаць у сталасці з таго, чым пачыналі ў маладосці. А калі хопіць сілы і ўпартасці — і канчаць тым, з чаго пачыналі.

З простай радасці лесу і хаты, з бэры, з чорных вішань на сподку ("каменнае сэрца"), з сяброўства і шчырасці. А яшчэ — з высокай радасці сумленнай працы, праўды, па-сапраўднаму, з усёй сталасцю розуму і сэрца прыдбанай Радзімы, з сустрэчы з пані нашай, з маткай нашай, няўхільнай, праўдзівай, добрай, бязлітаснай паэзіяй.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: