Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Маці нібы прачытала яго думкі.

— Ганну Чарнушкаву бачыла сягоння…

— Тутака?

— Не-а. Дома, каля калодзезя. Кланяцца табе сказала.

— А… — Васілю стала добра, хораша. — І ты ёй перадай — што кланяюся…

— Перадам…

Ён перахапіў спасцярожлівы матчын позірк і здагадаўся, што яна штосьці тоіць, не наважваецца адкрыць.

— Як яна, вясёлая?

— Маркотная… Бы з крыўдай якою…

Васіль адвёў вочы ўбок, прамаўчаў. Але таіла яна не гэтае, большае. Разважыўшы, прызналася з непакоем:

— Яўхім Карчоў, кажуць, нешто стаў каля яе… круціцца…

— Яўхім?

— Гаворка такая була… Толькі Ганна, кажуць, не хіліцца да яго… — паспрабавала супакоіць маці.

Яна перавяла тут жа гаворку на іншае, але вестка, што неспадзеўкі дайшла да Васіля, ужо не адступалася ад яго. З усяго, што Васіль пачуў тут ад маці, яна найбольш хвалявала яго, ныла ў ім. Нельга сказаць, каб вестка гэтая вельмі занепакоіла адразу — Васіль быў такі, што паддаваўся настроям няхутка, новыя і радасць, і бяда авалодвалі ім спакваля, усё мацней, глыбей з часам. Усё ж пачутая нядобрая навіна пра Ганну ўжо тут, у гаворцы з маці, захмарыла яго.

— У Дамеціка карова ацялілася… — гаварыла маці. — Цялушка — такая добрая…

— Гадаваць сабе будзе?

— Не-а. Абы, кажа, падрасла, прадам…

«Грошы трэ», — падумаў Васіль, але падумаў па звычцы, абыякава — думкі ўсё ішлі да Ганны, да Яўхіма. «Корч крывы, ужэ тут ваду муціць! Мало леснікоўны!..»

— Хваліўся Дамецік: сын яго са службы прыйсці павінен… Скора…

— А… адпускаюць…

— Міканор. Мабуць жа, помніш?..

— А чаго ж…

— Вучыцца хацелі там аставіць… А ён сказаў: дадому.

— У балото… пацягнуло.

— Ведамо — дамоўка!..

Маці зразумела, што дарэмна стараецца суцешыць, змоўкла зусім, адно не зводзіла вачэй з сына, добрых і сумных. Маўчаў і Васіль, так у маўчанні і сышоў канец іх спаткання. Толькі калі вартавы падняўся, маці, што раптам вельмі заспяшалася, не ўтрывала — выказала тое, што хацела чуць:

— Ці скора хоць, сыночак, выпусцяць?

Васіль адвёў вочы ўбок.

— Хіба скажуць…

3

На другі дзень Васіля ўпершыню выклікалі працаваць. Калі ён, накінуўшы на плечы світу, выйшаў з барадатым і канакрадам на звонкі, умерзлы дворык, грудзі яго зайшліся ад бадзёрай чысціні радаснага ранішняга марозцу. Халодны вецер, што абмыў твар, абхапіў шыю, залез пад велікаваты каўнер зрэбнай сарочкі, адразу пагнаў па спіне дробныя прыемныя дрыжыкі. Васіль павесялеў, гарэзна павёў плячамі, нібы стараючыся сагрэцца.

Ён тут жа заўважыў на сабе строгі позірк Мітрахвана і схамянуўся, нагнаў выраз сталасці. Іх павялі па вуліцы, потым загадалі звярнуць у вулачку, вузкую, крывую, што вяла ў той бок, дзе была Прыпяць, і Васіль, які сам сабе гадаў, куды іх вядуць, падумаў: мусіць, на рэчку, грузіць баржу ці параход…

Але да Прыпяці іх не давялі. Неўзабаве ўсіх трох спынілі каля паравога млына, перад гарой абы-як скінутых дроў, якая займала ледзь не палавіну шырокага двара. На вокліч вартавога з цёмных дзвярэй млына выйшаў зацярушаны мукой чалавек, прынёс пілу і сякеру.

— Вось, — сказаў ён і зірнуў на вартавога, як бы пытаўся, каму аддаць сякеру і пілу. Вусы яго, каротка падстрыжаныя, былі белыя ад мукі.

Канакрад, не пытаючыся дазволу, узяў пілу і сякеру ў яго з рук.

— Козлы вунь пад плотам, — прамовіў млынар і падаўся зноў да дзвярэй.

— Ну, за работу! — спакойна кінуў вартавы, адыходзячы ўбок, нібы не хацеў замінаць. Ціхі, курносы, у вялікай, не па свайму драбнаватаму росту, ватоўцы, прытуліўшыся да слупка, ён больш нічога не загадваў, ні ў чым не папраўляў, адно моўчкі назіраў.

Барадаты Мітрахван выцягнуў з-пад плота старыя козлы, узяўшыся за бервяно, гукнуў Васіля.

— Не цябе! — раўнуў ён на канакрада, які таксама памкнуўся да яго. — Толку з цябе! Лезе! — цыркнуў з пагардаю сліну барадаты, калі паклаў з Васілём бервяно.

Пацягнуўшы некалькі разоў пілу, Мітрахван загадаў спыніцца, вырваў у канакрада сякеру, стаў хутка, са злосцю папраўляць разварот. Так жа хутка, нездаволена вярнуўся да козлаў.

— Бяры! — строга загадаў Васілю.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: