Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Але яе не было. Ля знаёмага плота, здалося, было так пуста і так сумна, што крыўда і гора ўмомант затапілі ўсе развагі. Ён аж разгубіўся ад наплыву гэтых бязлітасных, пякучых, бясконцых і бязмерных крыўды і гора.

Іх ён і панёс з сабою ад плота, той сцежкаю, якой столькі разоў насіў радасць. Ніколі яшчэ не чуў ён сябе такім няшчасным — ні тады, калі раўнаваў Ганну да Яўхіма, ні тады, калі паверыў у плётку пра яе. Тады ён мог ненавідзець яе, пагарджаць ёю, — цяпер было яму толькі шкадаваць!

Цяпер яго пякла не плётка. У яго не было нават надзеі, што ўсё гэта няпраўда. Змовіны былі. Яна — чужая. Усё кончана!..

Калі наплыў гора апаў, прыціх, ён, як бы шукаючы прасветліны, стараючыся стаць мацней на зямлі, пачаў думаць аб дарагім, запаветным. Не, не ўсё яшчэ кончана! Усё яшчэ будзе!.. Пачакайце, прыйдзе час — пабачыце, хто такі ён, Дзяцел Васіль! Пабачыце, усе пабачыце! Будзе гэта! Будзе яго пара!.. Ён узнімецца, пабачыце!.. Гумно снапамі наб'е! Кароў завядзе! Не адну — тры, пяць! Стаенніка завядзе! Такога, што Корч пазелянее ад злосці!.. Толькі б перадзел зрабілі! Каб зямлі, каторая ля цагельні!.. Тады — усе пабачаць Васіля! І яна, Ганна, пабачыць!

Але добры строй гэтых думак зноў і зноў ірваўся, раўнівая памяць калола, пякла: "Карчова нявеста!.. Змовіны адгулялі!.. Вяселле скора!.."

Ці хадзіў, ці стаяў каля ганка, ці ляжаў у хаце, злыя думкі, не зважаючы ні на што, лезлі ў душу, тачылі: "Жонка будзе!.. Карчова жонка!.."

Частка трэцяя

Раздзел першы

1

Калі паснедалі, мачыха не загадала Ганне, як звычайна, прыбраць са стала, не ўсхапілася і сама. Сядзела заклапочаная, нават нібы больш, як заўсёды, важная, чагосьці чакала. Але бацька маўчаў, глядзеў на край стала, не бачачы ні стала, ні мачыхі, нікога. Бацька заклапочана думаў.

Заклапочанасць і нейкая асаблівая сур'ёзнасць, важнасць была на тварах усіх дарослых Чарнушкаў. Яна кінулася ў вочы нават Хведзьку, які вылез з-за стала надзіва ціха, знік з хаты так, што яго ніхто і не заўважыў.

— Уюноў сушаных нізак дзесяць будзе… — падумаў нарэшце ўголас бацька.

— Хунты тры ці набярэцца… — сказала мачыха.

— Усё-такі грошы… — Чарнушка пашкадаваў: — Грыбы сушаныя еты год, кажуць, не ў цане…

— Чарніц можно. Прося гаварыла, той раз іх вельмі куплялі. Два нейкія купцы з самога Мозыра прыязджалі…

— Картоплю на бровары бяруць. Толькі што, грэц яго, дзешаво…

— Трасцу ім! Лепей у Нароўлю з'ездзі!

— А ў Нароўлі не тое — там дак грошай насыплюць?..

— Насыпаць не насыплюць, а болей дадуць.

— Аге! Дадуць, спадзявайся!.. — Бацька пашкадаваў: — Кабанчык малаваты шчэ. Месяцы б шчэ тры пакарміць… і цяліца…

— На адзін дзень не хопіць… Умэнт змелюць усё, як да стала дападуць!.. — У голасе мачыхі чуўся страх.

— Карова добрая була б…

Па тым, як гаварылі яны пра кабанчыка і цялушку, Ганна здагадалася, што рэзаць іх дамовіліся ўжо раней, можа, учора ўночы, калі яна была на двары, цяпер бацька проста адгукнуўся на ранейшую гаворку.

— Як у прорву, ядзяць! — не магла стрымацца мачыха. — То ж на змовінах адных — сколькі расходу далі! Куды толькі, здаецца, падзелася! Ведамо, чужое!

— Усе ласы на чужыя каўбасы…

— Разорыць нас вяселле етае! Толькі ж і паддавацца вельмі — сарамата! Зяць такі!..

Бацька не адгукнуўся на гэта, думаў аб нечым затоена, заклапочана. Ужо сабраўшыся выходзіць, сказаў мачысе:

— Ты масла збі к нядзелі, колькі можно. Мо з яго толк будзе…

— Саб'ю…

Гаворка аб тым, як узбіцца на капейку, што трэба зрабіць к вяселлю, зноў пайшла, калі сышліся абедаць. Цяпер у Чарнушкаў, здавалася, усе толькі і думалі і меркавалі, што аб недалёкім вяселлі, якое ўнесла ў хату столькі рознага клопату. Прыбіраючы са стала посуд, Ганна чула, як мачыха бедавала: колькі трэба ўсяго — смажанага, прэжанага, мяса, сала, яечні, каржоў, коржыкаў, аладак.

— Гарэлкі кеб нагнаць — завод цэлы трэба!

— Гарэлкі будзе. Етаго дабра нараблю…

— Наробіш! Глядзі, кеб міліцынер не нарабіў табе! Як наскочыць Шабета, будзе табе гарэлка!

— Не наскочыць!..

— Не дурны ён — будзе цяпер каля тваёй восеці ацірацца.

— Ён не дурны, і я таксамо. У такую глушыну апарат запратору, што сам Міця-ляснік, грэц яго, не знойдзе.

Міця-ляснік — горкі куранёўскі п'яніца — ведаў усе патаемныя схованкі самагоншчыкаў: дзе б хто ні гнаў, Міця знаходзіў, заяўляўся глынуць першаку. "На сто вёрст чую, дзе самагонкаю пахне", — выхваляўся ляснік.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • 98
  • 99
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: