Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

І вось, перачытаўшы сотні даследаванняў, перакапаўшы стосы папер, пабачыўшы ў сто разоў болей, чым гэты вечны юнак, раптам разумееш, што ты ягоны вучань, што ён прадчуваў болей, чым ты ведаеш. Мала таго, магчыма, ты бачыш гэта ўсё, бачыш многа, бо ён даў табе вочы. Нарадзіў погляд на ўсе гэтыя дакументы, на ўсе з'явы, даў у рукі арыядніну ніць, каб не заблукаў у цёмных лабірынтах беларускага мінулага.

Толькі геніяльнай інтуіцыяй можна растлумачыць гэта. Наскрозь дэмакратычным светапоглядам, веданнем, што ніколі, нізавошта нельга даваць у крыўду просты народ, і ўсё, што не на яго карысць — ад лукавага, у якія б прыгожыя тогі яно ні драпіравалася, якія б высокія словы ні казала.

І лепшы доказ гэтаму — "Слуцкія ткачыхі" ў рэдакцыі "Вянка", можа, найвялікшы наш шэдэўр.

Якія б ні былі зіхоткія і залатыя тканіны — яны не каштуюць слязы дзяўчыны, што нарадзіла гэтую прыгажосць. А калі яна, гэтая тканіна, усё ж мае права на існаванне, то гэта таму, што яна — памяць аб бязведамных ткачыхах, доказ іхняй геніяльнасці.

Багдановіч зведаў усё гэта. І з гэтага ведання нарадзіў сапраўдную паэзію, высокае золата і жалеза якой перажывуць вякі.

Што дало яму вернасць погляду? Мне здаецца, фальклор. Адзіны з усіх — народ не будзе не толькі сведчыць супраць сябе (на гэта многія не майстры), а і хлусіць. Гэта за яго робяць іншыя.

А Паэт ведаў паэзію свайго народа, як ніхто. Нездарма быў сынам этнографа. І, як кожны сапраўдны сын і вучань, перарос бацьку і настаўніка. У чым? У прыватнасці, у тым, што не паверыў сцвярджэнню аб аднастайнасці беларускай песні. І меў рацыю. Але мала таго — узбагаціў тую песню.

У чым яшчэ? Не мог паверыць, напрыклад, што на Беларусі не збераглося гістарычных паданняў, што ў народа беларускага няма гістарычнага мыслення.

"Няма доказаў, няма фактаў, што паданні зберагліся, — тым горш для фактаў. Няма — значыцца, пакуль не знайшлі. Не існуе народаў без памяці, без легенд. І нельга чакаць, сядзець склаўшы рукі. Трэба, пакуль знойдуцца такія, — даць люду свае".

Велічная, надзвычайная вера. І, як раней чэх Ганка, ён піша гэтыя паданні, толькі што не выдае іх за народныя, не падрабляе, як той падрабіў "старажытны" Краледворскі рукапіс (Багдановіч дзеля гэтага занадта паэт).

Сёння мы ведаем, што паэт не памыліўся, што эпас, што паданні ёсць, што і цяпер мы ствараем іх. Раскіданыя ў старажытных кнігах, у летапісах ("паданне аб мужыцкім Хрысце"), запісаныя фалькларыстамі, але запісаныя ці выдадзеныя пазней, яны, каб іх, апрацаваўшы, скласці з асколкаў у цэлае, маглі быць эпапеяй, вартай іншых вялікіх эпапей розных народаў. Беларусь чакае яшчэ свайго Лёнрата, свайго Лаггфела, якія зноў складуць у цэлае разбітае некалі бязлітасным часам.

І дачакаецца.

Сёння, на грунце ўжо вядомага, мы здзіўляемся, як Багдановіч трапна адчуў асаблівасці народнай мовы і самы склад народнага мыслення ў гістарычным эпасе.

"Максіма і Магдалену" маглі б спяваць лірнікі, каб яны былі ў наш час, каб дажылі.

Хоча зноў пачуць тое гранніца У астатні раз, У смяротны час. На апошняе са светам развітанніца. . Магда, Магдачка, Мая зоранька ясная, Маё сонейка прэкраснае! Ой, да сонейка Па зямлі цвяты расцвітаюць, Ад яго ж яны й пасыхаюць. А ты, сонца, свеціш, Залатое, святое, І не ведаеш тое.

"Страціма-лебедзя" — рэч у вышэйшай ступені інтэлігентную — маглі б, аднак, спяваць магілёўскія "дзяды" разам з плачам, "плачам-узрыдаем". І таксама плакалі б, жахаліся і шкадавалі, і ў глыбіні душы наракалі на бога астравецкія, полацкія ці лельчыцкія бабы.

Не анёл у трубу уструбіў — З хмары бог старому Ною гаварыў: Поўна з краем чаша гневу майго На людскія грахі ды бясчыннасці.

І ў "Калевалу" беларускую стараннем будучага нашага Лёнрата (каб такі прыём быў дазволены) гістарычныя вершы Максіма Багдановіча маглі б увайсці ў якасці лепшых яе частак, побач са славутай "Дачкой Андрэя", з "Яварам і бярозай", з апрацаванымі адпаведна гісторыямі "Кронік", з легендамі, з "Ой, вайна была" і "Ой, закурэла, ой, задымела сырымі дрывамі", з тысячамі іншых эпічных твораў.

Характар гістарызму ў нашага паэта своеасаблівы. Амаль няма гістарычных асоб. Гэта Скарына ў вершы "Безнадзейнасць" (і, магчыма, не зусім той Скарына, якога мы ведаем). Гэта князь Ізяслаў Полацкі, што загінуў у сечы з літоўцамі.

Вось, бадай, і ўсё. І гэта зразумела. Багдановіч жыў на зары Адраджэння, і ён параўнаўча мала ведаў. Але ён прадбачыў усё, разумеў усё і ў няведанні сваім глядзеў праўдзівей і далей, чым некаторыя прафесары гісторыі, што свядома скажаюць ісціну. Бачыў далей, таму што ведаў: калі гісторыя народа нераспрацаваная, малавядомая — ёсць адзіны сродак пазбегнуць памылкі, расказваючы аб ёй. Зрабіць героем сваіх вершаў самую вялікую гістарычную асобу — Народ.

Той, што адзін толькі мае права распараджацца сваім лёсам. Той, што не вінен у сваіх памылках. Той, што адзіны стваральнік сваёй велічы і сваёй справядлівасці.

Той, што ўмее кахаць і адказваць за каханне, як адказваў за каханне да Магды Максім.

Той, што не дасць у крыўду высокага гонару роднай зямлі, - гэта ў геніяльнай "Пагоні".

Ён часам прымхлівы, як дзяўчына ў "Ціхім вечары" або дзед з верша "Па ляду ў густым бары". Але ён умее працаваць, перад ім ёсць будучыня.

І яшчэ таму Багдановіч бачыў далей, што ён ніколі не страчваў веры ў неадольнасць чалавечага руху наперад. Адзін з самых кранальных у гэтым сэнсе вершаў "Агата". Не на шырокім палатне, не з барабанным боем, а проста, недакучліва, няголасна гаворыць пра абуджэнне Чалавека ў чалавеку паэт.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: