Вход/Регистрация
Постаці
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Якая прычына, што Максім Багдаеовіч астанецца для нас ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі беларускай літаратуры?

Па-першае, ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор'ем. Ён — самотнай зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа і ад сузор'я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сваіх — але ўсё ж палала наводдаль. Іншыя нарадзіліся ва ўлонні свайго народа, чулі ўвесь час яго мову, усмакталі яе з малаком маці і з вадою беларускіх крыніц. Гэты — чуў яе ад лічаных людзей. Ён большую частку свайго жыцця не бачыў радзімы, а калі ўбачыў, то спустошаную вайной, няшчасную, знявечаную і збрыджаную. Убачыў, каб адразу ж самотна памерці наводдаль ад яе.

Іншыя, можа, больш зрабілі. Але трагізм і веліч гэтага кароткага жыцця, пагрозная і шчымлівая яго нота — глыбей закранаюць наша сэрца. Мы супакутуем яму, і таму ён не толькі наш настаўнік, але і нібыта святло сэрца нашага, улюбёны сын, з нараджэннем якога мы пачалі новае жыццё, які зрабіў нас мудрэйшымі і дабрэйшымі, адкрыў нам вочы на нас саміх, прымусіў па заслугах ганарыцца сабой.

І адышоў, не пакінуўшы нам суцяшэння.

Па-другое, гэты чалавек ніколі не зведаў кампрамісаў, ніколі не дапусціў сваё сумленне да згоды, не пісаў таго, чаго не думаў, цвёрда ішоў па адзіна магчымым для чалавека шляху, шляху годнасці і сцвярджэння права на сваю, адметную, незалежную думку. Без гэтага называцца чалавекам не мае права ніхто. І вось ён, незайманы, кінуў нас, астаўшыся ў сэрцах нашых найвышэйшым прыкладам такога вось Чалавека.

Па-трэцяе, ён бараніў годнасць чалавечую, клікаў да гуманізму і на гэтай дарозе адступленняў не ведаў.

Па-чацвёртае, быў наскрозь гістарычным паэтам, у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар. Вось аб гэтым, апошнім, і хацелася б сказаць. Атрымалася так, што за многія і многія дзесяцігоддзі бяспраўя з людзей выбілі памяць. Здавалася, маўчалі вякі, здавалася, у нас не было мінулага, а значыць, не было і акрэсленай будучыні.

І вось з'яўляецца юнак і, падобна летапісцу з уласнага верша, раптам дае гэтай спячай памяці першы штуршок:

— Падымі галаву! За табою — веліч! За табою — барацьба! Ты не бязбацькавіч! У цябе ёсць продкі, якімі можна і трэба ганарыцца!

Загінулі яны, і, можа, сотні год З часоў тых працяклі, і згінуў іх народ, І ўсё змянілася, і ўжо пра іх забылі. Вы, літары, цяпер нанова ўсё збудзілі! І людзі зведаюць аб прадзедах сваіх, — Аб горы, радасцях і аб прыгодах іх, Каму маліліся, чаго яны шукалі, Дзе на глыбокім дне іх крыюць мора хвалі.

Я не ведаю дагэтуль у беларускай гістарычнай літаратуры лепшага твора, чым "Апавяданне аб іконніку і залатару, людзях мудрых і красамоўных, кнігалюбцам нейкім дзеля славы божай ды размнажэння дабра паспалітага выдадзенае".

І гэта нягледзячы на тое, што "гістарычнага" ў ім — акрамя антуражу ды мовы — уласна няма, а ёсць разважанні аб мастацтве.

Але хіба мова — гэта так мала? Хіба не палова справы — даць гісторыі язык? Язык, якога не пазбавілі.

Золата, срэбра і чэрнь. Вось кажа Раман Якубовіч:

"Бо, здаецца, кожны зразумець можа, што святая ікона пана бога, хаця б і зусім няўдала зробленая, бязмерна больш варта, чым са пса якога-небудзь малюнак найлепшы".

Адказвае залатых спраў майстра, Антон Корж:

"Вось чаму я, хрысціянін не горшы ад іншых, рэчы свае вырабляючы, адно толькі красу формы пільную ды не думаю аб тым, нашто нанізкі залатыя мае пойдуць: ці то на здабленне фігуры маткі боскай, або піяка і распуснік які на пакраску сваю ўжываць іх будзе".

Мова! Два чалавекі, два характары, два стылі. І яшчэ трэці стыль, стыль гісторыі, сапраўдны — аж валасы варушацца — вецер яе. І дорага б я даў, каб напісаць некалі нешта падобнае.

…А што, вас ніколі не здзіўляла, адкуль яно ўзялося, адкуль гэты бог з машыны, адкуль гэты, уласна, хлопчык мог так ведаць усё?

Не было і не магло ж у яго быць доступу да гістарычных дакументаў (не ў Яраслаўлі ж шукаць беларускія архівы), не было яшчэ грунтоўных прац па старажытнай мове. Не было ў яго і падрыхтоўкі да чытання старажытных папер, не быў спецыялістам у палеаграфіі.

Былі, што праўда, тамы актаў, выдадзеныя рознымі археалагічнымі камісіямі. Але ж падбор дакументаў?! І ўвогуле: аб'ектыўнасць досыць рэдкая госця ў падобных выданнях.

…Былі кнігі. Таксама збольшага, наскрозь тэндэнцыйныя ў той ці іншы бок. Сапраўдных мала. Смярдзяць ялеем і халопствам.

Не ў Бацюшкава ж, не ў Ратча, не ў Мураўёва, не ў іншых, імя якім — легіён, было яму вучыцца веданню таго, што такое народ. Кожны з гэтых людзей рабіў з гісторыю наймічку або наложніцу і рабіў з ёю што хацеў, ведаў, што бараніцца не будзе, ведаў, што для іншых людзей, для жаніха, якому яна патрэбна, як паветра, і імя якому — Народ, яна замкнёна за сямю пячацямі, за кратамі архіваў, за цёмнай мовай мінулага, за неадрыўнай вяззю папер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: