Шрифт:
Але сказаць нічога не ўправілася: у гумно ўваходзіў стары…
5
Да вечара змалацілі ўсё: што значыць малатарня — столькі жыта за адзін дзень увабраць! На другі дзень да самага вечара круцілі веялку, ссыпалі чыстае збожжа ў мяхі, адграбалі мякіну. Стары Корч рабіў усё разам з іншымі, і сам хвіліны не пастаяў, і другім стаяць не даў.
Яўхім рабіў тут жа, каля веялкі. Быў ён, здавалася, такі ж, як заўсёды, і рабіў, як усе. Але калі б хто мог зазірнуць у яго душу, то пабачыў бы, што не жыта, не веялка, іншае зусім цікавіць і трывожыць яго. Дзе б ён ні быў, што б ні рабіў, ён адчуваў, бачыў адну Ганну.
Ён добра ведаў, што не закаханы. Яўхім нават з пагардай думаў пра яе. «Було б аб чым думаць, па чым сохнуць! Дзеўка б була якая асаблівая. А то ж грудзі як грудзі, ногі як ногі… Грудзі — нават дробныя, як яблукі. І ногі танкаватыя, кволыя…» І прыкра было думаць, што з-за гэтых дурных ног заснуць не мог паўночы, бачыў усё іх, смуглую пругкую лытку, голае калена. Лепш бы не глядзеў, калі яна лезла на снапы.
«І так сабой не асабліва відная — драбната. Паглядзець няма на што. І твар — худы, косткі на шчаках выпінаюць… Толькі і красы, што язык як брытва!..» Але колькі ні абгаворваў яе сам сабе, колькі ні хаяў, не памагала ўсё ж — нібы апоены зеллем, думаў і думаў пра яе, сачыў за ёй неспакойным позіркам.
«А чаго — дзело маладое! Наша дзело — не раджаць!» — засмяяўся ён, задаволены такім простым, ясным тлумачэннем. Яўхім быў грубы па натуры, схільны да цынізму, які ён лічыў абавязковай адзнакаю сапраўднага мужчынскага характару. Пры ўсім гэтым вывад яго быў блізкі да праўды: Яўхім тады і сам не верыў у сур'ёзнасць сваёй прыхільнасці да Ганны…
Стары Глушак хутка заўважыў яго позіркі, асцярожныя, нібы незнарок, заляцанні да Ганны, адвёў Яўхіма за рог гумна і стукнуў па галаве лапаткай.
— За што?
— Кеб не рабіў, чаго не трэба. Жарабец дурны!
— Ужэ і пасмяяцца з дзеўкамі няможно!..
— Не для таго пазваны! — адрэзаў бацька і дадаў з папрокам: — Знайшоў каго!
Глушак адаслаў сына з гумна, далей ад дзяўчат, і Яўхім тут за ўвесь дзень больш не паяўляўся. Але калі вечарам стары павёз у свіран апошні мех, калі на гумнішчы засталіся толькі Хадоська і Ганна, якім Халімон загадаў падгрэбці, прыбраць усё, Яўхім паявіўся зноў.
— Ой! — убачыўшы ўпоцемку яго, узрадавалася Хадоська.
Ганна сустрэла едкаватай усмешкай:
— Дзе ето прападаў так доўго?
— Работку даў стары, — адказаў няпэўна Яўхім. І каб змяніць небяспечны кірунак размовы, непрыемныя роспыты, запытаў: — Ну, а вы як тут?
— Дзякуй Богу, — адказала Ганна, — не сумавалі адны!
Хадоська ціха, з дакорам шмарганула яе за рукаў. Яўхім жа як бы не пачуў, не зразумеў кпіны, пастаяў, павёў вачыма па гумнішчы, прамовіў спакойна:
— Цёмно ўжэ!.. Можно і канчаць!.. — Ён раптам папрасіў: — Знаеш што, Хадоська, ідзі ў свіран, мо там бацьку трэба што памагці. А ты, — кіўнуў Яўхім Ганне, — даграбі да стога, ды і дадому…
Але як толькі Хадоська знікла, ён падышоў да Ганны, стаў перад ёю.
— Злая ж ты! — Яўхім памаўчаў, чакаў, што яна скажа. Ганна не сказала нічога. — Ты — век такая?
Ён гаварыў весела, хацеў добрай гаворкі.
— А табе не ўсё адно? — Ганна варухнула граблямі, як бы прасіла адысці, не замінаць грэбці.
— Кеб усё адно, то не пытаўся б.
— Дак не скажу!
— Гарачая ты, мабуць? — Ён узяў Ганніну руку, як у той вечар, але яна спакойна, цвёрда забрала яе.
— Мабуць… Ды адышоў бы ты, грэбці не даеш…
— Управішся!.. Гарачая, значыцца!..
— Для каго як!
— Для каго — як печка, а для каго — лёд?
— Угадаў. Здагадлівы!..
— А для мяне — як?
— Для цябе? Папраўдзе, не думала ніколі… Пэўне, для цябе — ніяк!
— Як ето? Ні тое ні сёе? Сярэдне?
— А так. Ты для мяне — як кукаль на разоры. Што ты е, што цябе няма — адно.
— Бо не знаеш!.. Ты ўсё пра Дзятліка свайго думаеш. Таксамо — кавалера знайшла!
— Які е, абы да душы.
— Попусту сохнеш! Цяпер ён не хутка выберацца! За такія штучкі мало не даюць! Бандзіцізм! За ето так запратораць, што і свету белаго не ўбачыць!.. От птушка: такі з выгляду рахманы, цішэй вады, ніжэй травы, а глядзі — з бандзюкамі знюхаўся!
Ганна абарвала — дадзеў усё ж ёй:
— Не радуйся чужой бядзе!..
Яўхім зразумеў, што перахапіў, схібіў, паспрабаваў паправіцца:
— Я і не радуюся. Шкода проста цябе!..
— А ты не шкадуй! Няма чаго!