Шрифт:
— Я чалавек не злы. Спагадлівы… Асабліва да дзевак!.. — Ён жартам стараўся як можна загладзіць памылку, растапіць яе непрыхільнасць, якая стала такой калючай. — Тут час такі — збыту матка не дае! Жаніся ды жаніся!.. От я і прыглядаюся!
— Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога… У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!
— Хадоська…
— Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?
— Хадоська… Што — Хадоська? Вада — смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, — са смакам!
— Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!
— Ты, па-мойму, — не слухаў яе Яўхім, — як самагонка! Пяршак! — Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. — Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!
— Пусці!
Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.
— Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… — ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.
Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках — непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе — уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.
— Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..
— От, нецярплівая!.. — паспрабаваў ён пажартаваць. — Патрывай бо… трохі…
— Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..
Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.
І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:
— Бацько!!!
Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў — яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.
— Не шукай! Няма яго!.. — кпліва прамовіла яна.
Ён са злосці аж вылаяўся:
— Т-ты, чорт! — Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю — значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: — А я — паверыў! Лоўко ты… выдумляеш!..
«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»
— Палахлівы ж ты, аказваецца!
Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:
— Падыдзі толькі!
Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:
— Цётка Алена, то вы?
Постаць стала, прыгледзелася да іх.
— Ето я, Аўдоцця, — пазналі абое голас удавы Сарокі. — А то ты, Ганна?
— Аге…
— Пераказаць мо што Алене?
— Не-е. Сама ўжэ скажу…
Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі…
І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:
— Дак я ўжэ зрабіла ўсё… Пайду ўжэ?
Ён прасіпеў:
— Ідзі…
Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» — не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»
Плынь яго думак пра куранёўскую прынцэсу, аднак, тут жа абарвалася, бо на сцежцы ад дому паявілася постаць. Ён пазнаў Хадоську, падумаў мімаволі: «А мо яна тут паблізу была, не захацела падыходзіць, калі я з Ганнай… Бачыла, як Ганна адшыла мяне… Ну і хай, калі на тое, — пляваць мне на ўсё!..»
Хадоська, падышоўшы да Яўхіма, азірнулася:
— А дзе Ганна?
— Пайшла ўжэ…
«Не бачыла, значыцца. Кеб трохі, наляцела б, але — не бачыла…» Яўхім і Хадоська нейкі час стаялі моўчкі, яму проста не хацелася гаварыць, яго яшчэ хвалявала перажытая прыкрасць, а яна як бы чакала чагосьці, што ён павінен быў абавязкова сказаць. Можа, ёй тады было дастаткова аднаго добрага: «Ну, і ты ідзі ўжо, Канапляначка!» — і яна б пайшла, тоячы радасную надзею. Але ён не гаварыў нічога, і яна стаяла, адчуваючы, як цесна робіцца ў грудзях сэрцу, узрушана круцячы пальцам ражок хусткі.