Шрифт:
Падымаючы на гумнішчы кінутыя граблі, ён успомніў другую, успомніў, як непрыхільна рвалася, як пасмяялася, і радасць астыла. «От каго б абламаць!.. Толькі — цяжэй будзе!.. Нічога, усяму свая пара…»
Раздзел пяты
1
У Алешніках Шабета ўзяў фурманку, і далей, да Юравіч, Васіля везлі. Конь быў не з порсткіх, возчык не спяшаўся, Шабета не падганяў таксама, і пакуль дапляліся да мястэчка, на зямлю лёг добры вячэрні поцемак. З гары спускаліся і ехалі па прыцішэлых местачковых вуліцах ужо ў цемры, якую там і тут адно прарэзвала жоўтае святло з вокан.
Усю гэтую дарогу Васіль перабыў у затоенай маўклівасці. Маўкліва сышоў ён і ў пакойчык унізе дома, які з гэтага вечара павінен быў стаць яму нямілым, вымушаным прыстанкам. У пакойчыку было яшчэ цямней, чым на вуліцы, толькі святло з адчыненых дзвярэй на час рассунула цемру, і Васіль убачыў нечыя ногі, абутыя ў лапці з прысохлай гразёю, убачыў край світы, умятую, збэрсаную салому.
— Адкуль сам? — запытаўся з цемры голас, калі дзверы зачыніліся.
— З Куранёў…
— А-а… А я са Слабады…
Хоць Васіль сваім маўчаннем ясна паказаў, што не хоча гаварыць, голас пацікавіўся:
— За што?
Васіль адмахнуўся:
— Ат…
Незнаёмы паварушыўся, пашамацеў саломаю і больш ужо не пытаўся.
Доўгая і думная была гэтая ноч Васілю. А думкі ўсе круціліся вакол таго, што было неадступнай, злыгоднай ноччу, згадвалі ўсё, перабіралі з'яву за з'яваю і ноч, і наступны дзень, і бачыў зноў Васіль перад сабой то Ганну, то маці, то Шабету, і камень цяжкі ціснуў на сэрца, крыўда і злосць апаноўвалі яго. Крыўда гэта расла, шырылася і была ўжо не на аднаго Шабету, а на ўвесь свет, у якім, як Васіль быў цяпер перакананы, няма ніякай справядлівасці, не было ніколі і не будзе.
Справядлівасць! Дзе і калі яна была беднаму, цёмнаму чалавеку! Дзе яе шукаць яму, адзінокаму, безабароннаму, які, можна сказаць, і свету не бачыў далей куранёўскіх балот, які і ў Алешніках нясмела азіраецца.
Поўны важкіх дум, ён задрамаў толькі пад досвітак, але і цяпер спаў нядоўга, бо разбудзіла гаворка: хтосьці прасіў выпусціць «да ветру». За акном пачынала зелянець неба, на яго зеляніве ўжо добра акрэслівалася нязвычнае, жорсткае перакрыжаванне крат, і іх выгляд ураз адагнаў дрымотную супакоенасць, вярнуў да горкай рэальнасці. Але Васілю не хацелася ні бачыць гэту рэальнасць, ні думаць пра яе. Падаткнуўшы пад бок світу, схаваўшы пад ёй галаву, што ляжала на торбе з харчамі, ён зноў задрамаў.
Цераз дрымоту адчуваў ён, што ўжо настала раніца, чуў, як хтосьці з тых, што былі тут учора ў поцемках, сказаў: «А любіць, мабуць, етае жарабя дрыхнуць!» — але не падымаўся. Устаў толькі, калі пачалі будзіць: прынеслі снедаць. Цяпер ён хмурным, заспаным позіркам дзікавата агледзеўся: іх тут з ім было трое: адзін, з закарэлымі ранкамі і сінякамі, такі худы, што невядома, у чым і трымалася душа, а другі плячысты, здаровы, з густой барадой, зарослы амаль да вачэй.
Заўважыўшы, як Васіль азірае катух, худы з сінякамі дробна хіхікнуў:
— Кубелца — жыць можна! Не глядзі, што нізенькае. Жыць можна, хі-хі!..
Ён падміргнуў барадатаму, борзда падсунуўся да Васіля:
— Ты, здаецца, ядры цябе, паў нутром? Аге ж, паў, бачу! Я, ядры, адразу бачу, зірну — і ўсё відно мне! Не тапіся раней часу! І тут жыць можна. Жывём, дзякуй Богу!
— Жысць! — са злосцю плюнуў барадаты.
— А што ж! Не гняві Бога, Мітрыхван. Жывём, хлеб жуём — кормяць, пояць і на работу не вельмі… Хі-хі, па-панску жывём, ядры яго. Як хто, а я дак рады, што трапіў. То ж, каб не гэта, у зямлі даўно тух бы. Як пазвярэлі людзі, наляцелі, — бы з ланцуга сарваліся, жывога месца не пакінуць…
— Будзеш другі раз знаць, як на чужое квапіцца!
— Саграшыў. Каюся, ядры яго, Мітрыхван, нячысты ўбіўся. — Ён паясніў Васілю: — Каня, хлопча, я чужога ўзяў, на кірмаш думаў, цыганам… Саграшыў!
— Саграшыў! Жарабятнік паганы! Перадушыць вас, гадаў, мало!
— Ты маўчы. Душагуб знайшоўся! Звер!.. От, як упякаюць на Салаўкі, будзеш ведаць — перадушыць бы! Уесца табе ў пячонкі міліцынерык гэты!
Мітрахван пачырванеў, раўнуў:
— Маўчы!
— Звер ты!.. Проста звер! — прымірэнча, лагодна прамовіў, саступаючы, злодзей.
— Мяне таксамо — міліцынер, Шабета, — уступіў у гаворку Васіль, як бы паказваючы гэтым, што прыстае да кампаніі. — Насеў смалою — і ўсё… Падпішы!.. І — у кутузку!
— У яго, ядры, не тое…
— Маўчы! Не лезь!
— Сам раскажы!
Барадаты важка зашамацеў саломаю, сеў.
— Ну, счапіўся ён са мною, міліцынер гэты, Радзівон. З нашых сам, тульгавіцкі. Без штаноў нядаўна па вуліцы гайсаў. А тут — улась, не крані яго. А сам — за змеявік ды — пад ногі, таптаць!