Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Яўхім заўважыў, як яна круціць, мне ражок, і як бы прачнуўся. Акінуў вачыма ўсю яе — Хадоська стаяла, апусціўшы галаву, добрая, пакорлівая, — і раптам падумаў: чаго ён тлуміць попусту галаву сабе, чаго шукае, дабіваецца? Нашто яму здалася ганарыстая Чарнушкава каралева?

Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.

— Канапляначка…

Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.

— Утаміўся я… — сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. — Пасядзім давай.

Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.

— Не трэба!.. Я не хочу!..

— Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць… Пасядзім, і толькі!..

Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.

— Глядзі ж, кеб… без глупства!..

Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.

— Ой, не трэба! Не хочу!..

— Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?

— Не…

— Ну, дак чаго ж ты?

— Баюся я! Устанем лепей!..

— Не любіш, значыцца?

— Устанем давай!..

— Не любіш?

— Люблю…

— А калі любіш… Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..

Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.

— Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..

— Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!

— Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..

— Граху цяпер няма! Грэх выдумалі… Усе грашаць…

— Пабойся Бога, Яўхімко!

— Бог не асудзіць!

— Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..

— Ніхто не дазнаецца! — Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: — Жанюся ж з табою…

— Жэнішся?

— Жанюся, сказаў!..

— Дак — пачакай!.. Пасля вяселля!..

Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца…

— Яўхімко… мілы!.. Пасля… Адразу…

— Ну, заныла! Калі ты зараз!..

— Божачко ж!..

Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці…

Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.

Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.

— Яўхімко! Што ж… — голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. — Што ж мы… нарабілі!

— От, дурная, нібы што такое!

— Грэх які!

Ён хацеў сказаць што-небудзь бесклапотна-жартаўлівае, але Хадоська раптам прыпала да яго грудзей, горка, з глухім, поўным трывогі, адчаю стогнам зарыдала. Яўхім азірнуўся: «От, плакса! Як у дамавіну жывая кладзецца!.. Яшчэ пачуе хто, угледзіць… Бацькам напляце… Будзе гаворкі!..»

— Ну, ціхо ты! — прамовіў, як мог, лагодна і строга. — Людзі ходзяць!

Яна сціхла, адступілася, выцерла слёзы.

— Дак не… падманіш?.. Яўхімко?..

— Не… Сказаў…

— Не кінеш?..

— От бо! Зноў!

Ён ужо амаль злосна павярнуўся і пайшоў назад. «Трэба було етае, звязаўся з дурною, — ад душы пашкадаваў ён цяпер. — Мало було клопату!» Але, адышоўшы крыху, супакоіўшыся, разважліва падумаў: «А калі на тое, чым я вінаваты! На тое і лавец, кеб рыба не драмала. Хіба б лепей було, кеб упусціў такі кавалак!..» Ён са здзіўленнем і разам з тым ужо з прыемнасцю ўспомніў: «А трымалася ж як! Хто б падумаў!.. А ўсё-такі не абераглася, дабіўся!..»

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: