Шрифт:
— Не пойдзе! Даўно, пэўне, не спіць, глядзіць! Калі на чужое дабро ўссесці!.. Толькі ж — не дажджэцца!
— Аддзяліце, калі хочаце. Але — адну яе.
— Ету круцёлку!.. — зноў прарвала Глушака. — Ету пакідуху! К сабе ў хату! На сваё дабро!.. Блудніцу ету!
— Яна — не блудніца! — заступіўся за Ганну Яўхім.
Сцяпан сказаў горача, непахісна:
— Яна — бедная, праўда. Але лепей за яе ў сяле — няма!
— Няма! Маўчы ты, смаркач! — уз'еўся Глушак ужо на Сцяпана. — Не ўтыкай нос, куды не просяць!
— Бо вы, тато, нізашто нагаворваеце!
— Нізашто! Я — нізашто? Чулі? — Глушак паправіўся, кінуў позірк на старую. — Чула?!
— Ціхо ты, Халімонко! — паспрабавала адно супакоіць жонка. — Людзі пачуюць!..
— І няхай чуюць! Няхай усе знаюць, якія дзеці ў Глушака Халімона!.. Каго выгадаваў на сваім хлебе! На радасць сабе!
Ніхто нічога не адказаў. І ад таго, што ўсе ўжо маўчалі і спрачацца не было з кім, стары таксама прыціх. Але спакой, з якім сказаў ён апошнія словы, толькі лепш выдаваў цвёрдасць яго адказу Яўхіму:
— Аб етай кеб і не думаў! На ету дазволу майго, бацькаваго, не будзе!
Раздзел пяты
1
Маўклівая вайна ў Глушаковай хаце, якая пачалася з таго вечара, калі Яўхім аб'явіў, што хоча жаніцца з Ганнаю, ішла без перамір'я некалькі тыдняў. Ні стары Глушак, ні Яўхім, ні хто іншы не заводзілі больш спрэчак, але маўклівасць, якая цяпер заўсёды была ў хаце, нядобрая маўклівасць і ўпартыя цвёрдыя позіркі, якімі часам перакідваліся бацька і сыны, лепш за ўсё гаварылі аб непрымірымым размежаванні ў сям'і.
Вайна, якую вялі Глушакі, была вайной нерваў, вайной цярплівасці. І трэба сказаць, што абодва бакі — і Яўхім, якога горача падтрымліваў брат, і бацька — вялі яе са ўсёй упартасцю, з усіх сіл, верачы, што другі бок адумаецца нарэшце, здасца. Гэтая маўклівая ўпартасць усё ж найбольш адбівалася на маці, якая то схілялася да старога, то да дзяцей, хацела і не магла прымірыць іх і часта плакала ўпотай.
Здавалася, што міру ў хаце ніколі ўжо не будзе, але неспадзявана ўпарты стары не вытрываў, скарыўся.
— Хай будзе па-твойму, — памаліўшыся, адышоўшы ад абразоў, сказаў ён Яўхіму. — Не мне, а табе жыць з ёю!..
Жонка, пачуўшы гэта, узрадавана павяла вачыма на сына, як бы хацела парадавацца разам з ім. Але Яўхім нават не варухнуўся — як стаяў каля люстэрка, прычэсваючы чуб, так і застаўся стаяць.
Маці перахрысцілася на абразы:
— Дзякуй Богу!..
Яна не наважылася сказаць больш ні слова і нават пайшла з посудам к печы нясмела, асцярожна, баялася лішнім словам, няўдалым рухам узлаваць затоенага старога.
— Чаго маўчыш? — кінуў Глушак сыну.
— А чаго гаварыць. Я ж казаў ужэ.
— Казаў! — Глушак не ўтрываў, каб не папракнуць: — Няма таго, кеб як у людзей — у хату дабро несці!.. Дак — з хаты!..
— Нічога з хаты не пойдзе.
— Не пойдзе! Пусці толькі адну галячку, дак адразу наляціць цэлая гайня! І не агледзішся, як расшматаюць усё! Распетраць умэнт!
— Не распетраць!..
— Не мог узяць, як людзі, — не хацеў ніяк супакоіцца бацька, — каб з дабром якую!
Слухаючы бацькавы скаргі і папрокі, Яўхім адчуваў, што бацька саступіў яму, здаўся зусім, што сіла і права цяпер на яго, Яўхімавым, баку. Нараканні старога толькі больш выяўлялі яго слабасць. Разумеючы гэту сваю сілу, Яўхім тонам загаду перарваў старога:
— Хопіць ужэ! Лепей падумайце — каго за сватоў узяць!
— Аге, праўда! — нясмела, але ахвотна падтрымала Яўхіма маці.
— Сватоў — етаго дабра — знойдзецца!..
— А ўсё ж абы-каго ўзяць — не гонар!
— Возьмем не абы-каго!.. За сватоў будуць Пракоп і Аўдоцця, — сказаў бацька, як гавораць пра тое, што ўжо вырашана, і Яўхім адзначыў сам сабе: стары загадзя аб усім падумаў.
— А калі — у сваты? — запытаў Яўхім усё тым жа патрабавальным тонам.
— Не церпіцца дужа? Перахопяць, можа?
— Перахопяць не перахопяць. Адкладуваць — не рацыя!
— А, усё адно! Хоць — у ету суботу!
Стары надзеў шапку, злосна патупаў у кутку каля лаўкі, чагосьці шукаючы, — не знайшоў, памкнуўся пайсці на двор. Каля дзвярэй затрымаўся: