Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

Думання многа было потым. Тады ж, калі нападала мачыха, калі бацька прытоена спадзяваўся на яе ўдачу, думалася Ганне цяжка, цьмяна. Больш за ўсё, вастрэй, важчэй чулася непазбежнасць лёсу, няўхільнасць таго, што надышло. Век ведала, што краса дзявочая — не бровы, не вочы, а рукі, умельства ў працы, што не дзеўка чалавека сабе выбірае, а чалавек — яе, што доля дзеўкі — маўчаць, чакаць, слухацца бацькоў. Як няўхільны закон жыцця, ведала — спрадвеку так заведзена ў людзей: воля бацькоў для дзеўкі — божая воля. Так было са ўсімі, так будзе і з ёй. І няма чаго рвацца, трэба слухацца іх, бацькоў і Бога…

І яна слухалася. Не бедавала, не пярэчыла, ішла побач іх паслухмяна. Так было заведзена, так рабілі ўсе. Была турбота пра тое, каб не спаткнуцца ў чым-небудзь на агледзінах, усё зрабіць так, як трэба, не паказаць сябе недарэкаю.

Праходзячы паўз хату к ганку, Ганна заўважыла, як за шыбаю мільганулі цікаўныя, вострыя вочкі Сарокі, і турбота гэта ўзяла яе мацней. Яна ўзышла на ганак пругка, ганарліва трымаючы галаву, — так, як ішла заўсёды, калі ведала, што за ёй сочаць падсцярожлівыя вочы.

У сенцах мачыха заікнулася ёй, каб памыла рукі, прыбралася, але адразу ж змоўкла, сустрэўшы позірк, які нібы гаварыў: сама ведаю, што трэба.

— Прынясіце спадніцу, каторая ў клетку, кохту хвабрычную, чаравікі і хвартух белы!

Ганна прамовіла гэта так стрымана і так строга, што мачыха пачула сябе быццам не мачыхаю, а малодшаю сястрой.

— Добра, добра. Зараз… А ты хіба — у каморку?

Ганна не сказала нічога — узяла конаўку, лінула з яе на рукі, і мачыха заспяшалася ў хату.

Бацька стаяў увесь час моўчкі, назіраў за Ганнай так, як бы траціў яе назаўсёды. Глядзеў і не мог наглядзецца. Калі яна, пераадзеўшыся ў каморцы, выйшла ў чырвонай сацінавай кофце, што пералівалася агнём на яе плячах, на грудзях, у белым фартуху, у высока зашнураваных хромавых чаравіках, у якіх хадзіла нябожчыца маці, — калі Чарнушка ўбачыў яе, прыбраную, стройную, дужую чарнабровую красуню, сумны твар яго мімаволі асвятліўся захапленнем. Рыхтуючыся развітвацца, страціць, ён нібы ўпершыню ўбачыў яе ва ўсім харастве, і захапленне і гордасць за яе на момант запоўнілі яго душу, выгналі ўсе іншыя пачуцці.

"Як мак! Як макаў цвет! Чыстая матка!" — падумаў ён радасна. Губы яго раптам таргануліся болем, вочы заморгалі — ён успомніў нябожчыцу, маладую іх сустрэчу, незабыўны да скону вішаннік.

Чарнушка абняў дачку і, квола хліпнуўшы, сказаў:

— Дай Божа табе!..

Услед за ім расчулена хліпнула мачыха, шмарганула носам.

— Ідзі, чакаюць!..

Ледзь яны ўвайшлі ў хату, Сарока ўскочыла, закруцілася, засакатала:

— А, прыйшла гуска! Даждаўся гусачок малады — час залаты! Круціў галоўкай, гусачку выглядаў, баяцца пачаў — няма і няма! А яна от, паявілася — хата засвяцілася!

— Не ждалі, — сказала мачыха. — Ганначка акурат буракі брала…

Сарока абышла, абгледзела, абмацала вочкамі Ганну з усіх бакоў, падалася к сталу, за якім сядзелі Яўхім, стары Глушак і чорны, зарослы, як лясун, Пракоп.

— Не ждалі, значыць? Не зналі, не гадалі, з якога боку гусачок прыйдзе па гуску-дружку! З якога боку прыплыве шчасце-багацце! А яно от — не з-за поля далёкаго, не з-за лесу высокаго, са свайго сяла. Прыйшоў малады хлапец — добры купец!..

Сарока, сыплючы словамі, страляла вочкамі то на аднаго, то на другога, а найчасцей на старога Глушака, як бы чакала ўхвалы свайму красамоўству, свайму спрыту. Але Глушак, здавалася, не чуў і не бачыў яе — маўклівы, затоены, стары Корч праз акуляры з вяровачкай, зачэпленай за вуха замест дужкі, важка разглядваў Ганну.

Ганне ад яго ўпартага, незразумелага позірку было няёмка.

— Ваш тавар, наш купец! — прабурчаў Пракоп, абводзячы панурымі вачыма з-пад чорна навіслых броў пірог і пляшку, якія ўжо былі на стале.

— Купец — усім купцам купец! Сам малады, чуб залаты, дабра поўныя клеці — лепшы на ўсім свеце.

— Купца не ганім, — сказаў бацька. — Толькі — дзеўка гадамі шчэ не ў пары!.. Пагуляць бы шчэ трэба!..

— Э, што з той гульбы!.. Ад гульбы конь псуецца, так і дзеўка!..

— Семнаццаць гадкоў усяго!..

— Самы час, самы лепшы квас! А то — пераспее, закісне, стане ўсім ненавісна! Стане, як тая макуха, — будзе векавуха! Шкадаваць будзе — бацьку, матку клясці, што не далі замуж пайсці! Жаніх бо які: што ўродай, што славай, што красой, што справай!..

— Наша таксама — дзякуй Богу! — уступіўся за Ганну бацька.

— І старанная, і разумная, і слухмяная, — адразу падтрымала. яго мачыха. — І з твару — другую такую пашукаць! Хай хоць хто скажа: нічым не абдзяліў Божа!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: