Вход/Регистрация
Людзі на балоце
вернуться

Мележ Иван

Шрифт:

— Мо так і трэба. Цяпер усё — не па-людску!..

Выходзячы, ён моцна стукнуў дзвярыма.

2

Ганна ўбачыла Глушакоў з агарода, на якім брала буракі, — як выпрасталася, трымаючы бурак у руцэ, так і засталася стаяць, не зводзячы здзіўленых вачэй з двара. Хоць не пыталася, з аднаго позірку здагадалася, зразумела, чаго прыйшлі неспадзяваныя госці. Ды і як жа было не зразумець: Глушакі ішлі ўдвух, бацька і сын, — Яўхім красаваўся святочнай паддзёўкай, блішчаў прылізаным чубам, стары трымаўся так важна, што здалёк было відаць — чалавек ідзе не па абы-якой справе. І пры іх — пануры барадаты маўчун Пракоп і Сарока Аўдоцця — сваты, не інакш!

Ганна бачыла, як на ганку Сарока штосьці сказала старому Глушаку, але той толькі кіўнуў, каб не затрымлівалася, заходзіла хутчэй, і яна, нагнаўшы на сябе выгляд чалавека бывалага і сур'ёзнага, — можаце, маўляў, не сумнявацца, справу сваю ведаю, — упэўнена падалася ў хату. За ёй увайшлі і іншыя.

Здзіўленне прыходу Глушакоў у сваты было для Ганны першы момант такое вялікае, што яна як бы забылася на ўсё, не было нават заклапочанасці ці неспакою. Але за гэтым яна заўважыла на вуліцы некалькі маладзіц, што мігам зляцеліся к яе хаце, паглядвалі на вокны, перагаворваліся ўражана, — убачыла сябе як бы збоку, пад чужымі позіркамі, і ёй стала неспакойна. Прыцягнуліся — нешта трэба рабіць з гэтым, нешта сказаць… Трэба будзе ў хату ісці, паказвацца, стаяць перад імі… Перад сватамі, перад старым Карчом, перад Яўхімам!.. Стаяць, чакаць, што надумаюць бацька, мачыха, якую долю вызначаць ёй!..

Чым лепш даходзіў да Ганны сэнс таго, што звалілася на яе, тым трывожней станавілася на яе душы — клопат здаваўся ўсё больш важкім, усё больш грозным. Яна не толькі не хацела гэтага неспадзяванага сватаўства, ёй цяпер было страшна падумаць пра замужжа з Яўхімам, якога яна пасля здарэння ў лесе — хоць нізашто не паказала б яму — дзіўна баялася! Яе асабліва трывожыла тое, што Глушакі сваты былі не абы-якія, ім не так проста даць гарбуз, паказаць, як ісці туды, адкуль прыйшлі, ні з чым, — з Карчамі ў Куранях усе лічыліся, і бацька і мачыха таксама…

Як жа адступіцца ад гэтых сватоў, ад бяды гэтай, — каб бацька зразумеў, ухваліў яе, каб мачыха не асудзіла? Захопленая думкамі-трывогамі, узрушаная невядомасцю, якая прыйшла к ёй разам з Карчамі, Ганна ўсё стаяла на агародзе, апусціўшы рукі з закасанымі рукавамі, не выпускаючы бурака.

Яна ўбачыла, што з хаты выйшаў, ідзе да яе бацька, мімаволі азірнулася ў той бок, дзе жыў Васіль. На той час, здалося, забыла абразлівую спрэчку, гатова была дараваць усё, такім любым пабачыла раптам бераг, ад якога адрывала, несла яе кудысьці злая плынь. Вечары з туманам на балоце, вільготны плот, нецярплівае цяпло яго абдымку!..

Але на Васілёвым селішчы нікога не было.

Бацька падышоў ціхі, разгублены, хвіліну маўчаў, не ведаў, як пачаць.

— Кінь буракі ды прыбярыся… Сваты там… — Ён не адразу дадаў: — Корч і яго Яўхім…

Ганна не адказала. Бацька паглядзеў на яе з любоўю, са шкадаваннем, уздыхнуў:

— Сядзяць за сталом… Цябе ждуць…

Ён гаварыў так, што было чуваць — шкадуе яе і спачувае, але не ведае, што параіць, як памагчы. Ліха ж яго ведае, што прынясе дачцэ гэтае багацейскае сваяцтва, пра якое і не думалася і не гадалася, — як яно там будзе ў іх з карчоўскім хлопцам? На дабро, на шчасце ці на паганае?

— Не хачу я… — шчыра сказала Ганна.

— Баішся?

— Не хачу… Не хачу ісці…

— От прыперлася яно!.. — як бы сам сабе, раздумліва прамовіў бацька. — І кеб хто другі, а то ж — Карчы!..

Ганна, якая заўсёды так добра чула бацькаў настрой, заўважыла: за клопатным роздумам пра яе таілася ў бацьку ганарліва-задаволеная думка — завіталі, кланяюцца, просяць, багацеі! Ёсць, значыцца, і ў яго скарбы, не горшыя за кублы Карчовы!

— Дак што ж рабіць? — нібы папрасіў парады ён. — Што сказаць!

— Тое і скажыце, што думаю.

— Не згодна, значыць?

Але ён нават не крануўся ісці пераказваць яе словы сватам, вялікі клопатны роздум па-ранейшаму панаваў у ім.

— А можа, яно… і нічога? А?.. Можа, мы дарэмно ето?.. Яўхім хлопец такі… любая б за яго…

Ён не так раіў ці казаў пра свае думкі, як пытаўся. Чарнушка ўбачыў — Ганна нязгодна, нецярпліва кінула позіркам на яго, зразумеў, што яна слухаць не хоча, і ўраз абарваў развагі. Няёмка, як бы вінавацячыся, уздыхнуў:

— Эх, кеб знаць, як яно потым бувае!..

Ганна нічога не сказала, яна заўважыла: з хаты выбегла мачыха, подбегам, рашуча рушыла да іх. Яшчэ зводдалі было відаць: мачыха ўгневана.

— Ты што ж ето! Кінуў гасцей — і ні слыху ні дыху! Зваць пайшоў, называецца! — Яна перавяла дыханне, напала на Ганну: — І ты добрая! Такіх сватоў чакаць застаўляеш!

— Можа, бегці трэ было насустрач?

— Бегці не бегці, а і строіць з сябе няма чаго!.. Радавацца б трэба! Такое шчасце!

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: