Шрифт:
— Уга, шчасце!
— Шчасце! Першыя гаспадары на сяле!.. Няхай цяпер і пішуць, што галадранцы — улада! Няхай пішуць! А багацеі булі і будуць першыя!
— А мне што з таго? Першыя ці апошнія?.. Булі б да сэрца…
— Да сэрца! Старцам жыць, з перцам есці! Захацела!.. Ды ці Яўхім — не да сэрца? Да ці е ў Куранях хоць адна, кеб не сохла па ім! Штоб не хацела, кеб да яе прыйшоў!
— Мабуць-такі, е.
— А калі е, то — дурная! Бо ніхто другі не раўня яму! І ў Алешніках няма такога! І ў Глінішчах! Нідзе!.. Пражывеш век, гора не паспытаеш! У малацэ ды ў масле купацца будзеш!
Ганна адчувала, як гарачы шэпт мачыхі гоніць бацькавы нерашучасці, сумненні, — старая добра ведала, што трэба рабіць цяпер, ведала нават, што і як будзе заўтра.
— Ты от не любіш, калі я пра Дзятліка кажу. Дак я і не буду! Толькі от скажу — калі на тое выйдзе, калі ён і прывядзе сватоў і ты пойдзеш за яго, усё адно шчасця не бачыць табе! Не будзе яго!
— Вы ўсё наперад знаеце!
— Не будзе! От памянеш маё слова! І сама б знаць павінна! — наступала мачыха, не перадыхаючы і не даючы запярэчыць Ганне. — Што яму, беднаце горкай, трэба найперш? Красы, можа, тваёй? Кеб глядзець, як на ікону, не раўнуючы? Аге! Вельмі рады будзеш красе, калі згаладаешся!.. Скрыню добрую — от і ўся краса, якая трэба яму!
— І ўсё вы знаеце! — сказала Ганна з пагардай, стараючыся не паддавацца ўгавору мачыхі: ведала, як многа ў яе словах праўды.
— А то, можа, не?! — адразу рынулася зноў у наступ мачыха. — Можа — не?!. Мо па красе тваёй сохне!.. Чаго ж ён тады круціць пачаў? То ад двара нашаго не адыходзіў, воч не спушчаў, а то — і глядзець не глядзіць! За вярсту аббягае!..
Мачыха заўважыла, як пры гэтых словах нядобра пацямнеў Ганнін твар (дайшло-такі, у самае сэрца трапіла!), — спалохана, баючыся лішне раззлаваць, перамяніла гаворку, прамовіла супакойліва:
— Ну, добра, добра! Не буду, калі не даспадобы!.. Пра нас, пра бацьку падумала б!.. Як яму дажываць век, у нішчымніцы?.. Не малады ўжэ, не тыя часы, калі рабіць мог, ні дня, ні ночы не чуючы. Пакосіць сена да паўдня, дак спіна — крукам, тыдзень потым стогне. Сноп на вілы падыме — рукі, як галінкі сухія, дрыжаць. Скора ўжэ і саўсім на печ ляжа — хто скарынку падасць, старому?..
Бацька адгукнуўся з папрокам:
— Ну, от бо, завяла!
— Завяла! Праўду кажу!.. І пра браціка, пра Хведзьку, не грэх падумаць! Усё ж такі не чужы табе — бацькава кроў, родная!.. Дзяліць — калі што якое, прымак там ці хто прыстане — няма чаго!.. Зямелькі — далонька… Ды і тая… Не табе… казаць!..
Мачыха не дакончыла, губы яе горка скрывіліся: ах, што гаварыць гэтай каменнай дзяўчыне, у якой ні шкадавання ні к каму, ні нават клопату аб сабе! Яна адвярнулася, закрыла вочы ражком хусткі, худыя плечы яе задрыжалі…
— Ну, от, етаго шчэ не було! — паморшчыўся бацька, які трываць не мог слёз. Ён хмурна і лагодна крануў Ганну за локаць: — Хадзем ужэ! Пакажыся!
Ганна кінула бурак, выцерла рукі аб спадніцу.
3
Яна потым багата разоў успамінала гэты момант, успамінала з болем і шчымлівым шкадаваннем. Думала, балела душой: як багата бяды выпадае чалавеку за іншы адзін крок. І як чалавек робіць гэты крок пакорліва, нібы сляпы, — не бачачы ўсяго, што будзе яму з гэтым крокам. Ступае на купіну і не чакае не гадае, што яна не ўтрымае, дрыгва разарвецца і чалавека праглыне багна…
Цвёрдасць — ці ж у Ганны звычайна не было яе? Але якая тут цвёрдасць магла быць, калі не ведаеш, нашто яна? Цвёрдасц тады гаворыць у чалавеку, калі ён ведае, што, хоць нягода прымушае, нечага не трэба рабіць. Тады цвёрдасць дужэе, ірве путы нягоды. А якая цвёрдасць магла быць, калі здавалася, што хоць усё і нядобра, але — лепш не будзе, — такое ўжо шчасце выпала!
Ці ж не так было ў яе, у Ганны, тады? Ці ж была ў яе пэўная надзея-спадзяванне, якую трэба было б глядзець, за якую трэба было б трымацца, да якой ісці трэба было б наперакор усяму? Васіль… Дык ці ж не бачылася тады ёй, што ўсё з ім — нямоцнае і ненадзейнае, не толькі таму, што адвярнуўся, а і таму, што чула ж сама, сэрца само добра чула — не такую трэба яму, як яна, — са скрыняй, з набыткам трэба! І сам ён — хіба ж не ведала лепш за мачыху — іншую хацеў бы, не беспасажніцу! Праўду мачыха чула — у самае важнае, самае трывожнае ўцэліла!..
А хіба ж усё іншае — не за тое было, што так і трэба, што лёсам, Богам так, пэўна, прызначана? Хіба ж — праўда — не час было ад бацькавага хлеба адыходзіць, хіба ж — праўда — лішне было пра бацьку падумаць? Мо ж — праўда — лягчэй будзе яму і Хведзьку, калі яна да багатых пяройдзе?..
Не вельмі да душы ёй Яўхім, але хіба ж — праўда — не першы жаніх на сяле? Хіба ж якая другая — праўда — адмовілася б? Чаму было не паверыць векавечнай мудрасці: сцерпіцца — злюбіцца, мілым будзе? Усе ж — бачыла — не любоўю ў сем'і сходзяцца, любоў — то ўцеха не бядняцкая і не жаноцкая! Кветка дзявочая, пустая — любоў! Не да кветак, каму хлеба трэба!..
Смеласць, цвёрдасць свая, — якія могуць быць смеласць, цвёрдасць, калі свет завязаны, калі, хочаш не хочаш, мусіш ісці, куды лёс вядзе, калі не ведаеш, куды падацца? Тады смеласці, цвёрдасці хапіла, каб спыніць пустое думанне, жалкаванне, з годнасцю, нібы з ганарлівасцю заўсёднай, пайсці насустрач долі…
Можа, багата што з гэтага думалася потым так для сваёй суцехі, для таго, каб не так балела душа; але ва ўсіх гэтых думках было і багата праўды.
Можа, нават усё тое было праўдай, горкай, супярэчлівай…