Шрифт:
— А Яўхім — хіба, сказаць, не першы хлопец на ўсе Курані? І да ўсяго — дастатак! Пойдзе каторая — не нахваліцца на долю, і паесць, і пап'е ўволю!
— Наша, канешне, не багатая… — адгукнуўся быў бацька, але мачыха не дала яму дагаварыць, кінулася сама ў наступ:
— Небагатая, затое — з рукамі! Лішнім ротам не будзе! Як каторая з поўнай скрыняй! І зварыць, і спячэ, і сарочку чалавеку пашые! І свінча, і дзіця дагледзіць! Вішчаць ад голаду не будуць!..
— Дай Бог, бо ў нашага купца — дабра без канца! І свінні, і парасяты, і авечкі, і ягняты, і гумно, і клець — абы паспець!..
— Чаго тут мянціць попусту! — уступіў стары Глушак, нецярпліва, скрыпуча. — Знаем усё, і мы, і яны, — не далёкія… Адным словам — пірог бярэце?
Стары павёў акулярамі на мачыху, на бацьку, Ганны не запытаўся.
Мачыха памаўчала для прыліку трохі, як бы разважаючы.
— Ды мы што ж?.. Мы не супроціў, калі яно ўжэ на тое… Ганначко, пакланіся ўжэ сватам, вазьмі пірага…
4
Назаўтра, у нядзелю, былі змовіны. Глушакі, дзядзькі, цёткі Глушакоў пілі ў цеснай Чарнушкавай хаце самагонку, елі так упраўна, што наганялі на мачыху страх, бязладна і голасна гаманілі. За шыбамі вокан, плюшчачы насы, ціснуліся дзеці, туліліся цікаўныя дарослыя. Ганна раз-пораз азіралася на іх. Ёй было не ў ахвоту гэтае, здавалася, доўгае гулянне, яна мімаволі чакала, калі ўсё гэта скончыцца, увесь гэты невясёлы, цягучы тлум.
Калі ў хаце нарэшце стала цішэй і шырэй і засталіся толькі сваты і бацькі, пачалі дамаўляцца, цераз які час гуляць вяселле. Ганнін бацька казаў не спяшацца, прасіў адкласці тыдні на два-тры, а сваты Глушакоў даводзілі, што "адклад не ідзе ў лад", дабіваліся, каб зрабіць вяселле адразу, у наступную нядзелю. Стары Глушак пры гэтым амаль увесь час маўчаў — ён таксама быў за тое, каб не спяшацца асабліва, але нічым не паказваў Чарнушкам сваю волю: гуляць вяселле не адкладваючы настойваў Яўхім.
Слухаючы спрэчкі, назіраючы за ўсім збоку, Ганна бачыла, што стары Глушак з затоенай злараднасцю здагадваецца, чаму яе бацька просіць адкласці: добра, добра давядзецца папяцца бедняку, каб назбіраць, наладаваць усяго, што трэба да вяселля!..
Дамовіліся гуляць праз два тыдні. У той момант, калі ўсе згодна замоўклі, мачыха дала знак Ганне, і тая дастала са скрыні ручнік, падала сватам, Глушаку старому і Яўхіму.
Выпіўшы на развітанне, сваты і Глушакі з галосным гоманам сталі выбірацца з хаты. Расчырванелая, з п'янай усмешкай Сарока, якую вадзіла з боку ў бок, у варотах зачапілася плячом за слуп, прарэзліва заверашчала:
Ой, п'яна я дай хілюся-а,
Іду дадому дай баюся-а!..
Калі сваты падаліся па вуліцы, а бацька пашаргаў у хату, мачыха сказала Ганне, якая стаяла на ганку:
— І табе б спаць пара. Уставаць скора…
— Устану…
Амаль адразу пасля таго, як дзверы за мачыхай зачыніліся, святло ў акенцы згасла. У хаце стала зусім ціха. Ціха было б і на вуліцы, але ў цемры віхляўся п'яны Сарочын голас:
Іду дадому дай баюся-а…
Паганаго мужа маю-у…
Будзе біці… добра знаю…
Спеў неўзабаве сціх. Цяпер ляжала ў Куранях вялікая, халодная цішыня.
Усё навокал было знаёмае і звычайнае: даверліва шапацелі грушы, дрымотна чарнелі на могілках купы вербаў і акацый, шарэў ледзь відна ў цемры туман на балоце. Ад туману, ад балота павявала зябкай тарфянай сырасцю…
Але Ганна раптам убачыла ўсё гэта нанова, такім дарагім, якім не было дасюль ніколі. Грудзі напоўніў жаль, неспадзяваны і палючы, — шкада было і груш, і сырога павеву з балота, усяго, з чым жыла ўвесь час, як бы і не заўважаючы!
"Васіль… Васіль…" — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое — у горле аж зашчымела ад горнасці. "Кончылася. Не суджано, значыцца… Бувай!.." Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! Не прыйсці ўжо больш да вас, як было, не стаяць да ранку! Кончылася воля дзявочая — спатканні, мілаванні, развітанні! Ганна, расчуленая наплывам жалю аб страчаным, ледзь не заплакала. З вялікім намаганнем стрымала сябе, паспрабавала супакоіць: "Нашто шкадаваць попусту!.. Што з воза ўпало, тое прапало… У яго цяпер свая дарога, у мяне — свая… У мяне — Яўхім…"
Яшчэ два тыдні, а там яна ўвойдзе ў Яўхімаву хату. Любіць яго, слухацца, служыць яму. Што ж, доля жаночая такая, — як у людзей, так і ў яе, — не вечна ж гуляць, выгульвацца!.. Адно страшыць: як са старым, са свякрухай жыць давядзецца — шкадаваць будуць ці есці? Калі б можна было знаць загадзя, каб не гадаць, не трывожыцца дарэмна!..
А Яўхім — што ж? Не сама выбірала, яе выбралі!.. Ды і сам ён, бачыла ж, не думаў аб гэтым. Шукаў якуюсьці другую, а яго прыцягнула, прыбіла да яе хаты… Што ж, можа, лёсам гэта прызначана, Богам?.. І няхай не даспадобы ён, мусіць, неяк зжывуцца. Любіць жа ён, што ні кажы… І яна — сцерпіцца, злюбіцца!..