Шрифт:
Ганна неспадзеўкі здрыганулася: паўз плот хтосьці ішоў! Тоячыся, стрымліваючы хваляванне, яна пачакала, пасачыла: стаў там, дзе яны калісьці стаялі з Васілём. Хвіліну чарнеў нерухома. Ёй здалося: глядзіць у яе бок, бачыць яе… Яна чула, як часта, шалёна б'ецца сэрца.
Васіль!.. Што рабіць? Выйсці, пагаварыць, памірыцца? Сказаць, што даруе яму?.. Ён згарача нагаварыў тады. Сам шкадуе… Выйсці! Апошні раз!.. Выйсці?! Замоўленай! Чужой, другому аддадзенай!.. Не, не! Што з воза ўпала, тое прапала! Не яго цяпер! Не вольная — каб сустракацца! Грэх…
І што ім з таго прымірэння? Пасля змовін! І развітанне — што ім? Развіталіся ўжо, можна лічыць. Чужыя!..
Ён пастаяў моўчкі — мусіць, усё ж не пабачыў. Як прывід, паплёўся назад…
У той вечар, калі ў Чарнушкаў былі змовіны, у хаце Дзятлаў было ціха і журботна, нібы пасля пахавання нябожчыка.
— Сынку, сынку, як жа цяпер? — не вытрывала, сказала маці з другога канца стала, за якім Васіль вячэраў.
— Як було, тым часам, так і будзе, — разважліва адгукнуўся дзед Дзяніс.
У хаце гусцеў змрок. Дзеда, які сядзеў на палацях каля печы, ужо амаль не было відаць, матчын твар таксама ледзь шарэў — каб і хацеў, Васіль не змог бы ўбачыць на ім нічога — і ўсё ж, па тым, як перагаворваліся яны, як раз-пораз маці ўздыхала, чуў, што і іх вельмі гняце яго бяда.
Але ад іх спачування не толькі не было палёгкі, а яшчэ горш паліла жальба. Хоць нарабіўся, згаладаўся, — не чуў ні стомы, ні смаку ў вячэры. Хацелася адно хутчэй перабыць абавязак і выйсці…
— Багацей, тым часам, ведамо… — прамовіў дзед Дзяніс у цішыні.
— Нагаварылі на яе ўсё тое, што дамогся Яўхім!.. — як бы падумала маці. — Казала я: не такая яна, штоб дапусціць!.. Не було нічога! Бо кеб дамогся, не пайшоў бы кланяцца, у сваты. Да бяднячкі…
Васіль стараўся не слухаць: не хацеў нічога чуць пра Ганну. Кожнае слова пра яе кранала, вярэдзіла штосьці вельмі чулае ў ім, вельмі балючае. Ледзь стрымліваўся: і ахвота ж гаварыць пра яе, — калі ўсё ні да чаго! Не дапусціла, не дамогся! Як бы і сам ён не знае!..
— Такая нявестка була б! — уздыхнула маці. — Лепшай, здаецца, кеб цэлы свет абгледзеў, не знайшоў бы!..
— Ну, хопіць! Ну, чаго тут!.. — Васіль кінуў лыжку, ускочыў. — От бо, не хапало шчэ!..
— І праўда, Алена! Хлопцу і так маркота!..
Васіль не даслухаў дзедавых слоў, выбег на ганак. Але стаяць на ганку, на двары, дзе сама цішыня вечара, змрок напаміналі Ганну, цяпло спатканняў, было яшчэ горш. Каб не сумаваць, адагнаць палючую жальбу, ён стаў тупаць па двары, выдумляць справы. Зайшоў у хлеў, у якім без каня, што яшчэ пасвіўся на ўзболатку, было нудна і пуста, кінуў у куток сена, падаўся ў павець, перавесіў з кручка на кручок дугу, стаў корпацца з калёсамі. Рабіў, аднак, усё як у сне, усё было нецікавае. У галаву неадчэпна лезлі, пяклі душу згадкі, думкі, развагі — усё пра адно, пра Ганну, пра змовіны.
"Багацей, ведамо!.." — успаміналіся яму словы дзеда пра Яўхіма. І думкі крыўдна згаджаліся, дадавалі: — Дзеўкі кажная на багацце хіліцца! Думае, што дзе багацце, там лёгко будзе жыць!.. Думае, як Корч багаты, дак і ўсё, прыпяваючы, думае, жыць будзе! Аге! — спрачаўся Васіль у думках так, нібы Ганна была перад ім. — Вельмі надзейся! Дужа ты ў Карчоў разжывешся!.. Пажывеш з імі, пабачыш, што за Карчы такія! Якое шчасце сабе выбрала! Смяяцца весела ўмела, плакаць навучышся! Паплачаш горко, як нагаруешся! А што нагаруешся, дак нагаруешся, ето загадзя сказаць можно! Дабра не чакай! Усе Карчы такія!.."
Але як ні чарніў Карчоў, не першы раз ужо расла, гарэла ў ім пераплеценая са злосцю важкая зайздрасць: усюды першыя, усё лепшае ім!.. Багацеі!..
"Ну, і няхай з Карчом яна!.. Няхай карчоўская будзе!.. — стараўся супакоіцца Васіль. — Усё адно яна мне не пара!.. Толькі і дабра таго, што як прытулішся, бувало, сэрца соладко ные і гатоў на ўсё забыцца!.. А хіба ж, будучы сам-насам, цвярозы, не думаў я, што не пара яна, што толку з яе мало? Хіба ж не думаў, што лепей бы да багацейшай якой! Толькі сілы, кеб адарвацца, не було. Як прываражыла, як бы зеллем апаіла якім!.. А цяпер от — само павярнулася як трэба. Нібы Бог памагці захацеў… Само зрабілася як трэба, дзякуваць Богу!.."
Усё, чым ён жыў у гэты вечар, было поўна супярэчнасці. Думкі перабівалі адна адну, спрачаліся, жаданні таксама змяняліся непаслядоўна, супярэчліва, учынкі не хацелі слухацца разваг. У той самы час, калі ён ужо амаль пераканаў сябе, што шкадаваць аб Ганне няма чаго, што трэба толькі дзякаваць Богу за тое, што так разумна зрабілася, Васіль, сам не ведаючы, чаму і як, забрыў к Чарнушкаваму селішчу, к таму плоту, дзе столькі вечароў і начэй стаяў, мілаваўся з Ганнай. Як ні гнаў, не адыходзіла неадольная заваблівая надзея: а можа, яна там, чакае?..